У Берасці выклікалі ў міліцыю зборшчыкаў подпісаў за адстаўку чыноўнікаў
5- 28.04.2018, 13:41
- 15,962
Жыхары Берасця выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
27 красавіка пецярых зборшчыкаў подпісаў за адстаўку кіраўніцтва рэгіёну выклікалі ў міліцыю, паведаміў tut.by праваабаронца Раман Кісляк.
Чацвёра атрымалі позвы 26 красавіка, пятую ўдзельніцу збору подпісаў запрасілі праз тэлефон 27 красавіка. Пакуль тры чалавекі паспелі наведаць апорныя пункты. Іх апыталі з нагоды збору подпісаў, а з двума правялі прафілактычную размову аб недапушчальнасці парушэння Закона «Аб масавых мерапрыемствах», дадаў праваабаронца.
Яшчэ адзін зборшчык подпісаў не змог прыйсці па позве ў міліцыю праз стан здароўя.
Збор подпісаў за адстаўку кіраўнікоў гар-, рай- і аблвыканкама стартаваў 16 красавіка. Яго ініцыявалі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Зварот павінен быць накіраваны Аляксандру Лукашэнку.
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Пытаннем будаўніцтва занепакоеныя жыхары Берасця, некалькіх найбліжэйшых вёсак і садовых таварыстваў. Галоўнае, што хвалюе людзей, - гэта ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Аднак праведзеная да пачатку будаўніцтва экспэртыза паказала, што «негатыўнае ўздзеянне праектаванага аб'екта на атмасфернае паветра, паверхневыя і падземныя воды, нетры, глебы, жывёльны і раслінны свет, а таксама на чалавека нязначнае», а «ўвод праектаваных аб'ектаў у эксплуатацыю не прывядзе да парушэння прыродна-антрапагеннай раўнавагі». Праціўнікі будаўніцтва ставяць пад сумнеў гэтыя звесткі.
З 25 лютага праціўнікі будаўніцтва кожную нядзелю збіраюцца на плошчы Леніна ў Берасці, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні.
29 красавіка ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў пройдзе дазволены ўладамі мітынг супраць будаўніцтва завода.