Адзін з падазраваных у спробе атакі ў аэрапорце Ляйпцыга — беларус
3- 2.09.2026, 16:45
- 2,940
Яго знайшлі па слядах ДНК.
Адзін з падазраваных у спробе расейскай атакі на аэрапорт у Ляйпцыгу 4 жніўня — грамадзянін Беларусі. На месцы здарэння былі выяўленыя сляды яго ДНК, паведамляе «Нямецкая хваля».
Ствярджаецца, што гэты мужчына, які, паводле некаторых звестак, таксама мае расейскі пашпарт, раней ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці ў краінах Балтыі. Нямецкім следчым удалося аднавіць маршрут яго ўезду і выезду, а расследаванне NDR, WDR і SZ паказала, што ён уехаў у Шэнгенскую зону па італьянскай турыстычнай візе. Праваахоўныя органы ўстанавілі, што гэты дакумент быў выдадзены напрыканцы красавіка ў італьянскім дыпламатычным прадстаўніцтве ў Мінску.
Таксама следчыя ўстанавілі асобу другога падазраванага, які мае расейскі і латвійскі пашпарты.
Раней урад Германіі звязаў дыверсію з выкарыстаннем беспілотнікаў з выбухоўкай у аэрапорце Ляйпцыга 4 жніўня з Расіяй.
Нагадаем, у аэрапорце Ляйпцыга 4 жніўня адбылася спроба дыверсіі супраць украінскага грузавога самалёта Ан-124. СМІ паведамлялі са спасылкай на даныя нямецкіх следчых органаў пра ўдзел у меркаванай атацы адразу некалькіх дронаў. Адзін з БПЛА з выбухоўкай быў знойдзены недалёка ад некалькіх украінскіх грузавых самалётаў, другі, верагодна, урэзаўся ў грузавы самалёт кампаніі DHL праз лічаныя хвіліны пасля выяўлення першага.