5 траўня 2024, Нядзеля, 14:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці загінулага жаўнера тэрміновай службы: У войска сына то бралі, то не бралі

3
Маці загінулага жаўнера тэрміновай службы: У войска сына то бралі, то не бралі

20-гадовы Дзмітрый Удод быў са шматдзетнай сям'і.

20-гадовы жаўнер тэрміновай службы Дзмітрый Удод загінуў 4 красавіка падчас планавых заняткаў. Пра здарэнне аператыўна паведаміла

Міністэрства абароны. Паводле афіцыйнай інфармацыі, экіпаж БМП парушыў захады бяспекі пры дзеяннях ва ўзбраеннях баявых машын, паведамляе «Радыё Свабода».

Маці Дзмітрыя Наталлі Мікалаеўне паведаміў аб трагедыі ваенкам праз тэлефон.

«Я нармальна не разабралася, набой там разарваўся ці што, не ў курсе. Але ўжо ў жывых няма дакладна. Дзве гадзіны таму, тры ўжо», - кажа Наталля Мікалаеўна.

Сям'я Удодаў жыве ў вёсцы Навінках, Калінкавіцкага раёна. У сям'і 6 дзяцей.

«Тры дачкі і тры сыночкі, - распавядае Наталля Мікалаеўна. - Дзіма - гэта ў мяне трэці па ліку».

Паводле адукацыі Дзмітрый тынкоўшчык-маляр. Год працаваў у калгасе ў будаўнічай брыгадзе.

«У войска яго то бралі, то не бралі, але пасля ўжо забралі. Раней ён знаходзіўся на ўліку як сардэчнік, але пасля яго знялі з уліку і ўзялі ў войска», - распавядае маці.

У войску, кажа Наталля Мікалаеўна, Дзмітрыю падабалася, скаргаў не было.

«Падабалася, тэлефанаваў, жартаваў, што хлопцы вясёлыя. І ў Печы ж мы ездзілі, і ва Уручча я ездзіла ў 120-ку, - распавядае маці. - Усё нармальна, як мае быць. Не скардзіўся ніколі ў жыцці».

Дзмітрый Удод праслужыў амаль год. Лістоў не пісаў, але кожны дзень раніцай тэлефанаваў сям'і.

«Калі ў яго хвілінка, ён заўсёды патэлефануе «Мама, вось мы едзем на палігон». Я кажу: добра, сынок, глядзі, каб усё нармальна. «Усё нармальна».

Сёння, кажа Наталля Мікалаеўна, Дзмітрый не патэлефанаваў, але напісаў ёй у сацыяльных сетках:

«Напісаў: Мне засталося 339 дзён, - кажа маці. - Гэта значыць, да дэмабілізацыі, да лістапада».

22 чэрвеня 2018 Дзмітрыю споўніўся б 21 год.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках