Расейскі рубель упаў на двухмесячнае дно следам за нафтай
1- 7.04.2018, 20:47
- 29,316
ЗША даюць наўпроставы сігнал усім - спыняйце аперацыі з буйнымі расейскімі кампаніямі.
Рубель упаў на Маскоўскай біржы ў пятніцу на фоне зніжэння коштаў на нафту, скупкі валюты Мінфінам і на фоне новых санкцый ЗША, пад удар якіх патрапілі 7 расейскіх магнатаў, 17 чыноўнікаў і 12 кампаній, у тым ліку бізнэс-імперыя Алега Дзерыпаскі ў поўным складзе, піша finanz.ru.
Курс даляра замацаваўся вышэй за 58 рублёў упершыню з 19 сакавіка. Да 20.19 паводле беларускага часу расейскі рубель страціў 38 капеек, з пачатку тыдня - 98 капеек, падчас таргоў уздымаўся да адзнакі 58,14 рубля за даляр, максімальнай з 13 лютага. Еўра аформіў рэкорд за 1,5 тыдні на адзнацы 71,35 рубля.
Як паведаміла кампанія Baker Hughes, аб'ёмы свідравання на сланцавых радовішчах у ЗША выйшлі на новы максімум з траўня 2015 года: колькасць дзейных буравых вышак павялічылася на 11 адзінак, да 808.
Кошт Brent апусціўся на 1,81% - да 67,06 даляра за бочку.
Рубель ідзе за валютамі EM, якія слабеюць на асцярогах разрастання гандлёвай вайны паміж ЗША і Кітаем, адзначае аналітык Nordea Дзяніс Еўдакімаў.
Унутраных жа драйвераў у рубля няма, кажа кіраўнік аналітыкі банка «Зеніт» Уладзімір Еўстыфееў. Валюту на біржы скупляе Мінфін, а з 6 красавіка сума аперацый павялічылася на чвэрць.
Сумарна за месяц Мінфін забярэ з рынку 4,2 млрд даляраў, або ўвесь прафіцыт рахунку, адзначае Райффайзенбанк.
Паверыць у сілу рубля удзельнікам рынку перашкаджаюць геапалітычныя рызыкі, адзначае аналітык «Альпары» Ганна Бодрова. Мінфін ЗША ў пятніцу пашырыў «чорныя спісы», уключыўшы ў іх старшыню ўправы ВТБ Андрэя Косціна, кіраўніка «Газпрома» Аляксея Мілера, сенатара Сулеймана Керымава, намесніка старшыні ЦБ Аляксандра Торшына, мільярдэраў Віктара Вексельбэрга і Кірыла Шамалава, кіраўнікоў Росгвардии і Роскомнадзора.
Адразаючы расейскую эліту ад замежных актываў і магчымасці здзяйсняць транзакцыі ў далярах, ЗША даюць «наўпроставы сігнал усім - спыняйце аперацыі з буйнымі расейскімі кампаніямі», кажа дырэктар аналітычнага дэпартамента «Локо-інвест" Кірыл Трэмасаў.
«Рызыкай для рынку становіцца нават не пашырэнне санкцыйнага спісу (пагроза ў гэтым выпадку можа быць больш страшнай за выкананне), а дзеянні ў адказ расейскіх уладаў», - дадае ён.