27 красавiка 2024, Субота, 4:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пытанні наконт 99% тавару»: што знаходзяць у гандляроў з Азіі ў Беларусі

«Пытанні наконт 99% тавару»: што знаходзяць у гандляроў з Азіі ў Беларусі

Гандляры з Сярэдняй Азіі, якія прадаюць рэчы за капейкі, вядуць бізнэс з парушэннямі.

Інспекцыі Дзяржстандарту працягваюць праводзіць маніторынг працы гандляроў з Сярэдняй Азіі, якія нізкімі коштамі прадаюць прадукцыю лёгкай прамысловасці. У гэтым годзе кантралёры знайшлі парушэнні амаль у 99% найменняў прадукцыі. Ва ўстанове распавялі, якія парушэнні часцей за ўсё сустракаюцца ў гандляроў з Сярэдняй Азіі, паведамляе tut.by.

Нагадаем, індывідуальныя прадпрымальнікі скардзяцца на крамы, якія адкрываюць гандляры з Сярэдняй Азіі. З іх слоў, тыя прадаюць занадта танна і са шматлікімі парушэннямі. І калі раней тэма была актуальная толькі для жыхароў рэгіёнаў, цяпер аналагічныя гандлёвыя пункты з'явіліся і ў Менску.

У першым квартале гэтага года спецыялісты Дзяржстандарта правялі маніторынг работы 99 суб'ектаў гаспадарання, якія рэалізуюць прадукцыю лёгкай прамысловасці з Сярэдняй Азіі.

- Было абследавана 1667 найменняў прадукцыі, парушэнні ўстаноўлены ў 1643 найменнях. Гэта высокі паказчык, - удакладняе начальнік управы дзяржаўнага кантролю за тэхнічнымі рэгламентамі і метралагічнага кантролю Дзяржстандарту Ігар Бусель.

Гэта значыць парушэнні знайшлі амаль у 99% правераных тавараў.

Нагадаем, указам № 510 уведзены мараторый на праверку наваствораных суб'ектаў гаспадарання цягам двух гадоў з моманту рэгістрацыі. А большасць гандляроў з Сярэдняй Азіі адкрылі крамы акурат менш за два гады таму, гэта значыць яны не падпадаюць пад пазапланавыя праверкі, у іх толькі праводзяць маніторынг.

Пры гэтым пры першым маніторынгу кантралёры не могуць складаць пратаколы аб адміністрацыйных парушэннях. Гэта можна зрабіць, толькі калі пасля паўторнага маніторынгу не будуць ліквідаваныя хібы. Да прыкладу, у першым квартале гэтага года інспекцыі Дзяржстандарту склалі 21 пратакол аб адміністрацыйным парушэнні на гандляроў з Сярэдняй Азіі. Іх аштрафавалі на агульную суму блізу 3 тысяч рублёў.

З парушэнняў, якія часцей за ўсё сустракаюцца, - адсутнасць ідэнтыфікацыі прадукцыі, удакладняе Ігар Бусель. «Няма поўнай інфармацыі аб тавары, маркіроўка такой прадукцыі, як правіла, гэта невялікі ліст паперы з набранай на кампутары або запоўненай ад рукі інфармацыяй. Адсутнічае фабрычная этыкетка вытворцы на пераважнай колькасці тавараў лёгкай прамысловасці, у тым ліку і дзіцячых. Паказаная інфармацыя выклікае досыць вялікія сумневы ў яе дакладнасці», - тлумачыць спецыяліст.

Да таго ж у многіх гандляроў з Сярэдняй Азіі адсутнічаюць дакументы на тавар, якія пацвярджаюць яго бяспеку і адпаведнасць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза - сертыфікаты адпаведнасці, дэкларацыі аб адпаведнасці.

Пры маніторынгу інспектары ацэньваюць тавары паводле вонкавых прыкмет, праводзіць лабараторныя выпрабаванні яны не могуць.

Больш за ўсё гандляроў з Сярэдняй Азіі знаходзіцца ў Гомельскай вобласці - Рэчыцы, Калінкавічах, Светлагорску, Жлобіне.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках