18 траўня 2026, панядзелак, 19:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі тармозяць рост расейскай эканомікі

1
Санкцыі тармозяць рост расейскай эканомікі

Інвестбанкі пагаршаюць свае прагнозы адносна перспектываў росту расейскага ВУП.

Негатыўны ўплыў новых санкцыяў ЗША можа прывесці да скарачэння ВУП РФ сёлета на 0,5%, паказваецца ў апублікаваным прагнозе амерыканскага банка Morgan Stanley. Эксперты Morgan Stanley пагоршылі свой прагноз датычна Расеі на 2018 год з 2,3 да 1,8%, паведамляе golos-ameriki.ru.

Такім чынам, Morgan Stanley стаў трэцім за апошні тыдзень інвестыцыйным банкам, які прыняў такую пастанову. Раней да аналагічных высноваў прыйшлі ў Goldman Sachs і Citi.

Аналітыкі адзначаюць, што ўведзеныя ў красавіку санкцыі ЗША ў дачыненні да шэрагу набліжаных да прэзідэнта Уладзіміра Пуціна асобаў і расейскіх кампаній апынуліся самымі жорсткімі і балючымі ў параўнанні з папярэднімі і што яны фактычна абрынулі расейскі фондавы рынак і курс рубля.

У Morgan Stanley таксама мяркуюць, што санкцыі і паслабленне курсу рубля будуць спрыяць паскарэнню інфляцыі да 4,1 адсотка ў 2018 годзе.

Мінэканамразвіцця Расеі таксама настроенае скарэктаваць свой прагноз датычна росту ВУП у 2018 годзе (2,1%) у бок паніжэння праз слабыя эканамічныя паказнікі на старце гэтага года.

На думку апытаных журналістамі, адмоўны эфект ад абмежавальных захадаў ЗША не зможа ў поўнай меры нівеляваць нават назіраны сёння рост коштаў на нафту.

Мала таго, дырэктар Інстытута стратэгічнага аналізу ФБК, прафесар Вышэйшай школы эканомікі Ігар Мікалаеў мяркуе прагноз амерыканскага банка наконт павелічэння гадавога ВУП Расеі на 1,8% «залішне аптымістычным». На ягоную думку, такіх тэмпаў росту эканомікі краіны не прадбачыцца.

«Тут трэба меркаваць паводле некалькіх падставаў, – заўважыў ён. – На сёння мы ўжо маем факт запаволення росту, калі параўноўваць першы квартал гэтага года з аналагічным перыядам мінулага. Тая ж прамысловасць у сакавіку, як вядома, вырасла ўсяго на 1%. Беручы пад увагу высокую базу другога квартала 2017 года, напэўна і ў красавіку будзе дзесьці ад нуля да 1%. Такія тэмпы ніяк не вядуць да 1,8% у годзе ў цэлым».

Да таго ж становішча расейскай эканомікі пагаршаецца ўзмацненнем санкцыйнага супрацьстаяння і іншымі непрыемнымі фактарамі-індыкатарамі, мяркуе прафесар.

«Так, кошты на нафту за апошні час досыць моцна выраслі, але на курс рубля гэта пазітыўна не паўплывала, – адзначае эксперт. – Рубель нават захоўвае слаба выяўленую тэндэнцыю да паніжэння. Гэта значыць, нафту ў гэтым сэнсе ўжо не ратуе. А курс нацыянальнай валюты вельмі шмат значыць у эканоміцы».

Паводле словаў Ігара Нікалаева, будучыя санкцыі ЗША, пра магчымасць увядзення якіх ужо заяўлена на афіцыйным узроўні, сітуацыю ў расейскай эканоміцы «дакладна не палепшаць». «Перспектыву выкарыстання новых санкцыяў трэба браць пад увагу ў прагнозах, што далёка не заўсёды робіцца. Мы такую папраўку робім, таму не выключаем, што (расейская) эканоміка цалкам можа паводле вынікаў года сысці ў невялікі мінус. Паводле нашых разлікаў, “рост” ВУП складзе нуль плюс-мінус некалькі дзясятых».

На новы стары ўрад Дзмітрыя Мядзведзева эканаміст вялікіх надзей не ўскладае.

«Нейкія рэформы ён можа правесці, але далёка не ўсе з тых, якія неабходныя. На прыкладзе той жа пенсійнай рэформы відаць, што належнага разумення, што трэба рабіць, (у кабінеце міністраў) няма. Гэта не комплексны падыход развязання праблемы. А што яшчэ горш – у абстаноўцы вострага санкцыйнага супрацьстаяння рэформы не могуць быць эфектыўнымі», – рэзюмаваў прафесар.

У сваю чаргу, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эканамічнай палітыкі імя Т.Е.Гайдара Сяргей Жаваранкаў звярнуў увагу на чыннік адтоку капіталу.

«Чысты адток капіталу з Расеі за студзень-красавік вырас да 21 млрд даляраў, – канстатаваў ён. – Пры тым, што адток капіталу за ўвесь мінулы год складаў 31 млрд. Дзве траціны “нормы” выканана».

Паводле ацэнкі эксперта, нарастае «агульная таксічнасць расейскага інвестыцыйнага клімату», чаму, апроч іншага, спрыяюць дыскусіі наконт свежага законапраекта аб увядзенні крымінальнага пакарання за выкананне заходніх санкцый і «паказальныя» арышты бізнэсоўцаў, якія яшчэ нядаўна меркаваліся законапаслухмянымі прадпрымальнікамі.

«У выпадку, калі прадоўжыцца эскалацыя вонкавапалітычнай напружанасці, то даволі відавочная чарговая порцыя заходніх санкцый (у дачыненні да РФ), уключаючы забарону на набыццё расейскай дзяржпазыкі. А гэта будзе вельмі цяжкая для краіны гісторыя. Таму што расейскі бюджэт змяшчае ў сабе немалую дзірку, а колькі пратрымаюцца высокія кошты на нафту, невядома».

Паводле афіцыйных звестак, дэфіцыт 3-гадовага бюджэту РФ складае больш за 2 трыльёны рублёў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках