«Гэта хімічная атака ледзь не загубіла наш офіс»
- 4.09.2026, 11:06
Жыхары Гомеля масава паскардзіліся на рэзкі непрыемны пах.
Увечары 3 верасня жыхары Гомеля ў сацсетках масава паведамлялі пра рэзкі непрыемны пах у розных частках горада, адзначыў «Флагшток». Гамяльчане скардзіліся на смурод у Валатове, Старым Аэрадроме, у цэнтральнай частцы горада, у раёне вакзала.
Большасць каментарыяў былі іранічнымі:
«Бліжэй да 17.00 на Аэрадроме гэта хімічная атака ледзь не загубіла наш офіс».
«Выйшлі з мужам з дому ў 17.30 і пачалі па чарзе падымаць ногі і разглядаць падэшвы абутку, думалі, што дзесьці ўляпаліся».
Асабліва моцны смурод быў у Валатове, адзначылі карыстальнікі. Адзін з іх так патлумачыў гэтую з'яву:
«За Касцюкоўкай чысцяць канавы — вось і ідзе пах адтуль. У Касцюкоўцы ўвогуле няма чым дыхаць».
Іншы жыхар адзначыў, што за горадам палі ўгнойваюць — такая сітуацыя назіраецца штогод.
Выказалі і яшчэ адну версію:
«Гэта не гноем смярдзіць, а касцявым заводам, дзе перапрацоўваюць тушы жывёл. Ён знаходзіцца ў Балшавіку. Уявіце, як нам, хто тут жыве».
Афіцыйных каментарыяў на гэтую тэму ад дзяржаўных органаў не было.