Эстонія мае намер набыць уласныя знішчальнікі
- 24.10.2026, 21:38
У бліжэйшыя чатыры гады.
Эстонія разглядае магчымасць набыцця знішчальнікаў – уласныя баявыя самалёты маглі б дапоўніць існуючую сістэму СПА і дазволілі б Эстоніі самастойна рэагаваць на частку паветраных пагроз, паведамляе ERR.
Па ацэнцы міністра абароны Марціна Херэма, стварыць адпаведныя магчымасці можна на працягу бліжэйшых чатырох гадоў.
Ідэю набыцця лёгкіх знішчальнікаў міністр абароны Марцін Херэм выказаў пасля візіту ва Украіну. Паводле яго слоў, такія самалёты маглі б стаць параўнальна недарагім сродкам барацьбы з расійскімі ўдарнымі беспілотнікамі, у тым ліку абсталяванымі рэактыўнымі рухавікамі.
- Мы ўжо даўно назіраем, як Расія ўсё часцей масава выкарыстоўвае рэактыўныя дроны. І збіць іх іншымі дронамі або іншымі сродкамі СПА не ўдаецца. Украіна збівае іх знішчальнікамі F-16, але для нас гэта занадта дорага, – кажа Херэм.
У якасці аднаго з магчымых варыянтаў разглядаюцца самалёты чэшскага сямейства L-39. Эстонія ўжо выкарыстоўвае два такія вучэбна-трэніровачныя самалёты, аднак узбраеннем для барацьбы з беспілотнікамі яны не абсталяваныя. Таксама ў Чэхіі вытвараюцца больш сучасныя L-159. Але каштуюць яны даражэй – прыблізна 10 млн еўра.
- Невялікі знішчальнік цалкам падыходзіць для пэўных задач. Справа ў тым, што хуткаснаму знішчальніку няпроста паражаць мэты, якія ляцяць адносна павольна. Гэта сапраўды так. Другі момант – кошт, які таксама адыгрывае сваю ролю, – адзначыў былы камандуючы Паветранымі сіламі Эстоніі Велла Лоема.
Па ацэнцы ваеннага эксперта, падрыхтоўка пілотаў, якія ўжо ўмеюць кіраваць такімі самалётамі, можа заняць каля года або нават менш, у залежнасці ад іх кваліфікацыі. Калі ж пачынаць навучанне з нуля, спатрэбіцца прыблізна два гады.
Закупка самалётаў запатрабуе стварэння адпаведнай інфраструктуры, арганізацыі тэхнічнага абслугоўвання і падрыхтоўкі персаналу. Адным з магчымых рашэнняў можа стаць сумесная закупка самалётаў краінамі Балтыі.
- Адважуся сцвярджаць, што няма ніякага сэнсу адкладаць прыняцце рашэнняў па пытаннях супрацьпаветранай абароны. Калі мы сапраўды хочам развіваць гэтыя магчымасці, рашэнні варта прымаць пры зацвярджэнні нашага чатырохгадовага плана. А гэта павінна адбыцца яшчэ цягам гэтага года, – сказаў Марцін Херэм.
Канчатковага рашэння аб закупцы пакуль няма, паколькі аналіз не праведзены. Не вызначаны ні тып самалётаў, ні іх кошт, ні дакладная колькасць.
Варта адзначыць, што краіны Балтыі не маюць уласнага парку баявых самалётаў. Таму патруляванне іх паветранай прасторы ажыццяўляецца самалётамі краін НАТА на аснове ратацыі.