Даследчыкі высветлілі, ці з'яўляецца знакамітая карціна плодам уяўлення мастака.
2- 24.10.2026, 21:20
- 1,460
Што там адлюстравана.
«Зорная ноч» – адно з самых вядомых твораў мастацтва ў сучаснай гісторыі і адна з самых знакамітых карцін Вінсэнта ван Гога. Вучоныя з Паўднёвай Карэі сцвярджаюць, што ім удалося разгадаць галоўную загадку гэтай карціны.
Хоць многія вучоныя лічылі, што яна з'яўляецца плодам уяўлення мастака, даследаванне паказвае, што гэта не так. Гэта рэальнае начное неба, і вучоныя вызначылі, калі менавіта такое неба мог бачыць Ван Гог. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Scientific Reports, піша FLScience.
Вучоныя правялі астранамічны аналіз карціны «Зорная ноч», вывучылі дакументы, што датычацца абставін жыцця мастака, а таксама прааналізавалі прыродныя і метэаралагічныя ўмовы, якія былі ў 1889 годзе, калі была напісана карціна. Таксама даследчыкі вывучылі лісты Ван Гога, напісаныя ў тым самым годзе.

Як і меркавалася, на карціне намаляваны Месяц, а таксама Венера, а яшчэ, як высветлілі вучоныя, там можна ўбачыць зорнае скупчэнне Гіяды. Насамрэч гэта рэальны від начнога неба, які, як мяркуе даследаванне, бачыў мастак, а затым перанёс на палатно.
Вучоныя лічаць, што на карціне «Зорная ноч» адлюстравана перадсвітанкавае неба, якое можна было бачыць 22 ліпеня 1889 года ў Сен-Рэмі-дэ-Праванс, то-бок у месцы, дзе Ван Гог працаваў над гэтай карцінай.
У гэты дзень перад світанкам на небе можна было назіраць Месяц, Венеру і зорнае скупчэнне Гіяды менавіта так, як яны размешчаныя на карціне. Да таго ж фаза Месяца тады была бліжэй да той, што адлюстраваная на карціне «Зорная ноч».

Метэаралагічныя зводкі таго часу таксама сведчаць, што ў тую ноч неба было ясным. Але даследчыкі падкрэсліваюць, што карціна магла быць створаная на аснове назіранняў, зробленых мастаком на працягу некалькіх начэй і аб'яднаных у адно палатно.
Даследчыкі кажуць, што найважнейшае ў іх навуковай працы — тое, што яны даказалі: карціна «Зорная ноч» заснаваная на рэальных назіраннях, а не з'яўляецца плодам уяўлення Вінсэнта ван Гога.