«Залатую пальмавую галіну» ў Канах атрымаў фільм «Крамныя зладзюжкі»
- 19.05.2018, 21:43
- 9,721
Рэжысёр фільма – японец Хіракадзу Карээда.
Галоўны прыз 71-га Канскага кінафестывалю, які закончыўся сёння, «Залатую пальмавую галіну», атрымаў японскі кінарэжысёр Карээда Хіракадзу за фільм «Крамныя зладзюжкі» / «Shoplifters», піша «Новое время».
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла ў Палацы фестываляў на набярэжнай Круазэт.
Фільм апавядае пра сям'ю беднага японскага працоўнага. Сям'я існуе практычна толькі на пенсію бабулі, таму некаторыя яе чальцы троху крадуць у крамах. Аднойчы кіраўнік сямейства падбірае на вуліцы маленькую дзяўчынку і прыводзіць яе ў дом. Сям'я прадаўжае жыць як жыла, але аднойчы нехта з сваякоў знаходзіць аб'яву пра зніклую дзяўчынку.
Гран-пры, другі паводле значнасці прыз Канскага кінафестывалю, сышоў рэжысёру амерыканскаму Спайку Лі за фільм «Чорны кланавец» (BlacKkKlansman).
Паляк Павел Паўлікоўскі названы найлепшым рэжысёрам за фільм «Халодная вайна».
Марчэла Фонтэ – найлепшая мужчынская роля, фільм італьянскага рэжысёра Матэа Гаронэ Догмэн (Dogman).
Самал Еслямава, якая сыграла мігрантку з Кыргызстана ў фільме Сяргея Дварцавога «Айка», стала найлепшай актрысай цяперашніх Канаў.
Узнагароду ў асноўным конкурсе за «Найлепшы сцэнар» атрымала карціна «Шчаслівы Лазар» (Lazzaro Felice) італьянскага рэжысёра Алічэ Рорвакер.
Прыз журы сышоў Надзін Лабакі, Ліван, за фільм «Капернаум» пра хлопчыка са шматдзетнай сям'і, што жыве за мяжой беднасці, які пастанаўляе падаць у суд на сваіх бацькоў за тое, што яны нарадзілі яго на свет.
Спецыяльную «Залатую пальмавую галіну» сёлета атрымаў Жан Люк Гадар за працу «Кніга вобразу» (Le Livre d'Image).
71-ы Канскі Кінафестываль стартаваў сёлета 8 траўня. Старшынёй журы асноўнага конкурсу Канскага кінафестывалю сёлета стала аўстралійская акторка Кэйт Бланшэт. Раней яна неаднаразова наведвала Каны як акторка і прадусарка, але судзіла фільмы сваіх калегаў упершыню. Усяго ў склад журы ўвайшлі пяць жанчынаў і чатыры мужчыны сямі нацыянальнасцяў і з пяці кантынентаў.