25 чэрвеня 2018, панядзелак, 12:52
Рубрыкі

Каманда Трампа перагульвае Пуціна

5
ФОТА: PINTEREST

Прыклад КНДР зрабіў у РФ моцнае ўражанне.

"Прапагандысцкае вызначэнне", што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп знаходзіцца пад уплывам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, абсурднае і не адпавядае рэчаіснасці. Такое меркаванне ў каментары выданню "Гордан" выказаў расейскі апазіцыянер і палітычны эксперт Канстанцін Баравы.

«Трамп здолеў пераламіць сітуацыю, якая развівалася паводле вельмі небяспечнага сцэнара. Бо многія палітыкі пачыналі казаць, што мы знаходзімся на парозе трэцяй сусветнай вайны. КНДР дзейнічала правакацыйна, запускаючы свае ракеты ў бок Паўднёвай Карэі і Японіі. Трамп без адзінага стрэлу прымусіў Ына змяніць сваю пазіцыю. І гэта перамога. Так, мы бачым розныя заявы: маўляў, падпісаная дамова – ні пра што і там няма ніякіх абавязальніцтваў. Але тым не менш пачалося мірнае развязанне канфлікту на Карэйскім паўвостраве. Ын стаў адкрыты для свету, гэта значыць Трамп даў вынік, прычым дыпламатычнымі намаганнямі. І, займаючыся ўрэгуляваннем сітуацыі з КНДР, ён заслугоўвае большага даверу еўрапейскіх лідараў. А занятая Трампам пазіцыя на з'ездзе "Вялікай сямёркі" гаворыць пра тое, што ён упэўнены ў сваёй рацыі», – сказаў Баравой.

Ён мяркуе, што камандзе Трампа пад сілу змяніць вонкавую палітыку прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

«Думаю, ужо і Пуцін зразумеў, што з "рудым блазнам", як называла Трампа расейская прапаганда, трэба быць больш асцярожным. Таму што ён можа яго перагуляць. Амерыканскі прэзідэнт гуляе ў доўгую. А Пуцін не ўмее гуляць у глабальныя гульні – яго хапае максімум на пару месяцаў. Трамп і ягоная каманда цалкам у стане паўплываць на вонкавую палітыку Пуціна. Прыклад КНДР зрабіў у РФ моцнае ўражанне. Вызначэнне, што Трамп на кручку ў Пуціна, абсурднае, смешнае і не адпавядае рэчаіснасці. Гэта была тэза прапаганды, напрыклад, гэтае вызначэнне раскручвала і Дэмакратычная партыя ЗША», – падкрэсліў Баравы.

12 чэрвеня лідары ЗША і КНДР правялі 35-хвілінную сустрэчу тэт-а-тэт на востраве Сентоса ў Сінгапуры. Паводле вынікаў праведзенага ў гэты ж дзень амерыкана-паўночнакарэйскага саміту бакі падпісалі пагадненне. У дакуменце пазначана, што ЗША дадуць КНДР гарантыі бяспекі, Паўночная Карэя пацвердзіла прыхільнасць поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава.