27 красавiка 2024, Субота, 4:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: У наступным годзе сітуацыя з беларускай эканомікай будзе горшай

9
Эканаміст: У наступным годзе сітуацыя з беларускай эканомікай будзе горшай

Планы і задачы ўрада выклікаюць сумневы.

Апошнія некалькі гадоў сусветная эканоміка расла больш хуткімі тэмпамі, чым беларуская гаспадарка. Прычына ў «прасядання» расейскай эканомікі пасля 2015 года, а ўслед за ёй і эканомік асноўных гандлёвых партнёраў Масквы. І вось на даляглядзе з'явілася надзея, піша сайт тэлеканала «Белсат». На наступны год урад запланаваў рост, вышэйшы за сярэдні ў свеце. Аптымістычны прагноз, але наколькі рэальны?

Міністэрства эканомікі, а ўслед за ім і ўрад падрыхтавалі прагнозы пра рост беларускай гаспадаркі на 2019 г. Сцэнар прадугледжвае два варыянты: базавы, пры якім ВУП вырасце на 2,8 адсоткі, і мэтавы, пры якім будзе дасягнуты больш чым 4-адсоткавы прырост эканомікі.

«У наступным годзе сітуацыя, хутчэй за ўсё, будзе горшай, чым у гэтым. Нафта будзе таннейшай, і не будзе эфекту нізкай базы. У гэтай сітуацыі натуральны рост айчыннай гаспадаркі можа скласці блізу 2,5%. З гэтага пункту гледжання нават базавы сцэнар нашага ўраду выглядае аптымістычна», – кажа старэйшы аналітык кампаніі «Alpari» Вадзім Іосуб.

Планы ўрада Беларусі бягуць і наперадзе прагнозаў Міжнароднага валютнага фонду, які прагназуе на 2019 г. рост на 2,4%. Гэтак жа разыходзяцца і лічбы на гэты год. МВФ кажа пра 2,8%, а беларускі ўрад пра 3,5%.

«Прагнозы МВФ рэдка спраўджваюцца, бо яны заснаваныя на звестках паўгадавой даўніны. Але ў гэтым выпадку прагноз МВФ больш рэалістычны. Ад 2 да 3% – гэта той узровень, які можа паказаць беларуская эканоміка пры спрыяльных вонкавых умовах», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсата» Станіслаў Івашкевіч.

Але нават такі прагноз росту ўражвае на фоне 28% падзення ВУП Беларусі ў 2015 годзе ў даляравым вымярэнні і вельмі сціплага росту наступных гадоў.

«У 2017 годзе развітыя краіны раслі на 2-3%, тыя краіны, якія развіваюцца, – на 3-4%. Мы пакуль што паўзём следам. У іх што, не было крызісу? Быў!» – заявіў Лукашэнка.

Сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў пацвердзіў і намер выканаць амбіцыйную задачу на 2025 г., пастаўленую ўрадам у сакавіку.

«На наступную пяцігодку нам кроў з носа трэба дасягнуць узроўню 100 мільярдаў даляраў ВУП. Толькі гэта дасць магчымасць мець заробкі 1000 $ і не скаціцца ў пастку беднасці», – кажа Лукашэнка.

Гучыць прывабна, але пакуль што ўрад не можа забяспечыць заробкаў і на ўзроўні абяцаных 500 даляраў у краіне.

«Выглядае вельмі мала імаверным такі рост айчыннага ВУП. Бо, каб яго паказаць, трэба расці на 5-6, а лепш на 7% у год, менавіта ў даляравым вымярэнні. Гэта вельмі сумнеўны тэмп росту для нашай эканомікі, і наўрад ці яна яго пакажа», – кажа старэйшы аналітык кампаніі «Alpari» Вадзім Іосуб.

Адным з галоўных чыннікаў росту эканомікі Беларусі традыцыйна застаецца і прывабліванне замежных крэдытаў. Мінфін канстатуе, што у 2019 годзе рост ВУП будзе падтрыманы яшчэ і пікам фінансавання пабудовы БелАЭС. Але міжнародныя інстытуты, у тым ліку Еўразійскі банк развіцця, папярэджваюць, што Менск павінен пачаць клапаціцца пра скарачэнне дзяржаўнай запазычанасці, якая з пачатку года павялічылася амаль на чвэрць і дасягнула шаснаццаці з паловай мільярдаў даляраў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках