Незалежны журналіст прымушае віцебскую міліцыю выконваць свае абавязкі
1- 15.06.2018, 21:17
- 15,339
Міліцыянты ўхіліліся ад абароны правоў і законных інтарэсаў Уладзіміра Лунёва.
Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімір Лунёў звярнуўся ў абласное ўпраўленне ўнутраных спраў і ў гарадскую пракуратуру Віцебску са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС, паведамляе віцебская «Вясна».
На яго думку, міліцыянты ўхіліліся ад абароны яго правоў і законных інтарэсаў, спыніўшы справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да невядомых аўтараў паклёпніцкага відэа, размешчанага ў Інтэрнэце.
Відэаролік абразлівага зместу пра асабістае жыццё і прафесійныя якасці незалежных журналістаў Віцебшчыны з'явіўся на YouTube 28 траўня. Відэааператар Уладзімір Лунёў наважыў адрэагаваць на гэтую фальшыўку, бо палічыў факты, пададзеныя ў відэароліку, абразай гонару і годнасці. Са слоў журналіста, змест відэа не адпавядае рэчаіснасці. Уладзімір звярнуўся ў Кастрычніцкі РАУС Віцебска з патрабаваннем знайсці асобу, якая выклала ў сетку відэаролік і прыцягнуць яе да адказнасці за абразу і паклёп у адпаведнасці з артыкуламі 9.3 і 9.2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Афіцыйны адказ з раённага аддзела ўнутраных спраў журналіст атрымаў 8 чэрвеня. У адказе паведамляецца, што пасля праведзенай праверкі была вынесеная пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Справу спынілі, таму што ў дзеяннях высветленай асобы не выявілі складу правапарушэння, прадугледжанага згаданымі артыкуламі КоАП.
З такім абгрунтаваннем праваахоўнікаў Уладзімір Лунёў не пагадзіўся. Ён мяркуе, што ролік, пабудаваны па адным сэнсавым клішэ, мае на мэце праз непрыкрыты паклёп зганьбаваць і абразіць кожнага з названых у ім журналістаў і грамадскіх актывістаў. Таму 13 чэрвеня Уладзімір накіраваў скаргі начальніку УУС Віцебскага аблвыканкама палкоўніку Івану Кубракову і пракурору Віцебску Юрыю Раманоўскаму.
У скаргах Лунёў просіць разабрацца і даць ацэнку дзеянням супрацоўнікаў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, якія не ўгледзелі складу правапарушэння з боку аўтараў роліка. Незалежны журналіст мяркуе, што адмова міліцыянтаў парушае дзейнае заканадаўства і сведчыць пра грэбаванне імі сваімі прафесійнымі абавязкамі, бо яны ўхіліліся ад абароны яго правоў і законных інтарэсаў.
Акрамя таго, ён просіць высветліць асобы грамадзян, якія маюць дачыненне да стварэння і распаўсюджванню відэароліка на YouTube, адкрытых віцебскіх старонках, сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» і прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасці.
Трэба адзначыць, што такога роду відэапрадукцыя, якая абражае годнасць і гонар прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Віцебшчыны, з'яўлялася ў сеціве і раней. Аднак у мінулыя разы, як і цяпер, міліцыянты не сталі высвятляць асобы стваральнікаў і распаўсюджвальнікаў абразлівых відэа.