27 красавiка 2024, Субота, 0:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША прымаюць рэвалюцыйны закон супраць нафтавых манапалістаў

10
ЗША прымаюць рэвалюцыйны закон супраць нафтавых манапалістаў

Кангрэс даў ход «Супраць картэляў у вытворчасці і экспарце нафты».

Над Арганізацыяй краінаў экспарцёраў нафты (АПЕК) – картэляў, што кантралююць 33% сусветнай здабычы "чорнага золата" – навісла новая пагроза з ЗША.

Пасля шматлікіх твітаў прэзідэнта Дональда Трампа, які абвінавачвае АПЕК у штучным завышэнні коштаў на нафту, кангрэс ЗША даў ход з законапраектам "Супраць картэляў у вытворчасці і экспарце нафты", які ляжаў на паліцы 18 гадоў, паведамляе finanz.ru.

Дакумент, размешчаны ў адзінай базе ніжняй палаты амерыканскага парламента, абвяшчае па-за законам картэльныя змовы на рынку "чорнага золата" і прапануе распаўсюдзіць на АПЕК дзеянне антыманапольнага Акту Шэрмана, які больш за стагоддзе таму выкарыстоўваўся, каб раздрабніць нафтавую імперыю Джона Ракфелера.

Закон дае ўраду ЗША паўнамоцтвы падаць пазоў у суд супраць краін-удзельніц арганізацыі, абвінаваціўшы іх у "абмежаванні вытворчасці і распаўсюджвання нафты" на рынку ЗША, "абмежаванні гандлю" нафтай і маніпуляванні яе коштам.

Пры гэтым замежныя ўрады будуць пазбаўленыя суверэннага імунітэту ў амерыканскіх судах – гэтак сама, як і ў выпадку з законам "Аб правасуддзі супраць спонсараў тэрарызму", які даў ЗША магчымасць падаць пазовы супраць Саудаўскай Аравіі ў сувязі з тэрактамі 11 верасня.

Законапраект быў унесены на разгляд кангрэса ў канцы траўня і пераадолеў першую перашкоду на мінулым тыдні, калі яго ўхваліў юрыдычны камітэт Палаты прадстаўнікоў.

З 2000 года амерыканскія палітыкі некалькі разоў спрабавалі правесці дакумент, які атрымаў вядомасць як НОПЕК, але сутыкаліся з супрацівам Белага дому: і Джордж Буш, і Барак Абама пагражалі накласці на яго вета.

Бліжэй за ўсё да рэалізацыі закон падышоў у 2007 годзе: яго ўхваліў і Сенат (70 галасоў супраць 23), і Палата прадстаўнікоў (345 супраць 72), але подпіс прэзідэнта пад ім так і не з'явіўся.

Гэтым разам усё можа быць інакш: Трамп, мабыць, адзіны прэзідэнт за апошнія дзесяцігоддзі, які можа падпісаць такі закон, кажа Джэйсан Бордаф, кіраўнік Цэнтра глабальнай энэргетычнай палітыкі Калумбійскага ўніверсітэта і былы супрацоўнік адміністрацыі Абамы.

Трамп крытыкуе АПЕК у сваіх кнігах і публічных выступах больш за 30 гадоў, сцвярджаючы што АПЕК "абкрадвае амерыканскіх грамадзянаў".

"Засудзіць АПЕК за парушэнні антыманапольнага заканадаўства" ён заклікаў у 2011 годзе ў кнізе "Час быць жорсткім: Робячы Амерыку нумар адзін зноў" (Time to Get Tough: Making America #1 Again), нагадвае Bloomberg.

Праз год у твітары ён заявіў, што "нафта не павінна каштаваць даражэй за 25 даляраў", а ў 2018-м, пасля ўгоды АПЕК+ у скарачэнні здабычы і ўзлёту коштаў утрая за 2,5 года, пісаў, што нафтавыя катыроўкі "штучна завышаныя" , "АПЕК зноў хуліганіць" і гэта "не добра".

"АПЕК – гэта міжнародны картэль, чальцы якога добраахвотна аб'ядналіся, каб абмежаваць вытворчасць нафты для маніпулявання коштам, несправядліва ўздымаючы кошты дзеля задавальнення ўласнай прагнасці", – заявіў адзін з фундатараў адроджанага законапраекта Джэральд Надлер.

Нагадаем, у найбліжэйшыя выходныя ў Вене АПЕК і яшчэ 11 краінаў павінны вызначыць далейшы лёс угоды для абмежавання здабычы на 1,8 млн бараляў за суткі, якую заключылі ў снежні 2016 года.

Расея прапануе вярнуць на рынак 80% канфіскаванай прапановы, або 1,5 млн бараляў за суткі. Супраць выступаюць Іран, Ірак, Алжыр і Венесуэла. Блізкаўсходнія чальцы АПЕК прапануюць кампрамісны варыянт – павялічыць здабычу на 300–700 тысячаў бараляў на дзень.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках