«Папуляцыя вялікая»: У Берасці медузаў знайшлі яшчэ і ў Мухаўцы
10- 12.07.2018, 14:13
- 16,428
Адкуль яны ўзяліся?
Прэснаводныя медузы, якіх на днях выявілі ў акваторыі берасцейскага Вяслярнага канала, таксама ўпадабалі і раку Мухавец, паведаміў TUT.BY намеснік дырэктара Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дзямянчык.
Пакуль не вызначана, як прэснаводная медуза, радзіма якой – Паўднёвая Амерыка, патрапіла ў Берасце. Спецыялісты вылучылі некалькі версій. Паводле адной з іх, медузаў у вадаём мог выпусціць акварыуміст, які займаўся іх развядзеннем. Паводле другой версіі, «госцю» да нас прывезлі на лодках спартоўцы з іншых краінаў. Трэцяя версія трапляння ў нашы вадаёмы жывёлы – праз трапічныя расліны.
«Бывае так, што людзі, каб не гінуў акварыум, выпускаюць яго змесціва ў прыроду. Так нельга рабіць, але такое практыкуецца», – кажа Віктар Дзямянчык.
Паводле словаў спецыяліста, на Вяслярным канале папуляцыя медузаў вялікая.
«Вяслярны канал злучаны з ракой. Таму медузаў выявілі не толькі ў акваторыі Вяслярнага канала, але і ў затоцы Мухаўца», – паведаміў Віктар Трафімавіч і дадаў, што 11 ліпеня ў рацэ Мухавец медузаў назіралі рыбакі.
Як падкрэсліваюць спецыялісты, незвычайныя для нашай краіны «госці» не небяспечныя і выконваюць функцыю санітараў вадаёмаў.
Медузы пераборлівыя ў выбары месцаў пасялення. Тое, што яны ўпадабалі акваторыі Вяслярнага канала і Мухаўца, кажа пра тое, што вада ў вадаёмах «не вельмі праблемная ў хімічным сэнсе», кажа навуковец.
«Чаму папуляцыя разраслася на Вяслярным канале? Таму, што Вяслярны канал у многіх месцах пакрыты бетанаванымі адмосткамі, якія ўдзень награваюцца, а ўначы цяпло адпускаюць. Атрымліваецца, што яны свайго роду абагравальнікі. (...) У такіх мікрабухтачках з тэмпературай вады +24°С і вышэй стварыліся ўмовы, і яны распачкавалася».
Цяпер навукоўцы праводзяць маніторынг папуляцыі. Чакаецца, што зіму берасцейскія медузы перажывуць. Для чалавека яны не небяспечныя, харчуюцца планктонам.
Дарэчы, акрамя медузаў, у водах Вяслярнага канала жыве, аказваецца, яшчэ і амерыканскі паласаты рак.