27 красавiка 2024, Субота, 0:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Лукашэнка раздае партфелі «сапраўдным бандытам»?

69
Чаму Лукашэнка раздае партфелі «сапраўдным бандытам»?
Карикатура А. Хорошевского

Урад ператварыўся ў серпентарый.

«Паводзіў сябе як злачынец, самы сапраўдны бандыт», - менавіта такую ацэнку паставіў Лукашэнка свайму памочніку ў Гарадзенскай вобласці, якога ўласнаручна прызначыў на гэтую пасаду.

Затрыманне Сяргея Раўнейкі стала толькі пачаткам шэрагу гучных карупцыйных спраў у Беларусі. Палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што чыноўнікі бачаць канец сістэмы, менавіта з гэтай прычыны ў іх «сарвала тармазы»:

«Дэградацыі сістэмы спадарожнічае маральная дэградацыя кіроўнай эліты. Калі ўсё валіцца, ад эканомікі да хакея, то які сэнс у місіі служэння? Сітуацыя трохі нагадвае тую, якая была ў апошні час існавання СССР. Тады былыя партыйныя функцыянеры разважалі, што калі сістэма, якой служыў, развальваецца, то варта падумаць аб сабе, і паспяхова канвертавалі ўладу ў багацце.

Акрамя таго, паводзіны самога Лукашэнкі, які заклікае ўсіх да сціпласці і служэння дзяржаве, не з'яўляюцца добрым прыкладам. Задавальненне ўсіх капрызаў за дзяржаўны кошт, ад 12 рэзідэнцый да правядзення штогадовага міжнароднага хакейнага турніру імя самога сябе, разбэшчвае чыноўнікаў больш, чым што-небудзь іншае», - падкрэсліў палітолаг.

16 ліпеня за хабар быў затрыманы дырэктар шклозавода «Нёман». Здавалася б, нічога незвычайнага, пасля «справы лекараў» беларусаў нечым такім вельмі цяжка здзівіць.

Але, як выяўляецца, самае цікавае палягае ў біяграфіі Уладзіміра Аўтко. Затрыманага за хабар дырэктара «Нёмана» ўжо, як мінімум двойчы, хацелі судзіць.

Як такі чалавек мог апынуцца на чале буйнога прадпрыемства? Чаму Лукашэнка атачае сябе «сапраўднымі бандытамі»?

На гэтыя пытанні сайту Сharter97.org адказалі першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч і кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

Зразумелыя душы нашага серпентарыю

Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што Лукашэнка спецыяльна падбірае такіх людзей на кіроўныя пасады:

- Лукашэнка прызначае на нейкія пасады зразумелыя для яго душы. У гэтага чалавека няма ніякага сумлення. Такіх людзей ён разумее і менавіта яны складаюць касцяк урада.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі заклікае не весціся на антураж, які суправаджае апошнія карупцыйныя скандалы, а глядзець у корань праблемы:

- Карупцыя ў Беларусі абумоўленая палітычнай сістэмай, якая існуе ў нашай краіне. Лукашэнка валодае неабмежаванай уладай, сам вызначае каго судзіць, а каго мілаваць.

Часцяком людзі, якія павінны сядзець за кратамі, атрымліваюць апраўдальныя прысуды.

Менавіта Лукашэнка вінаваты ва ўсім, што адбываецца.

Аб чым казаць, калі гэты чалавек дазваляе сабе выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі для асабістых мэтаў. Усе гэтыя «справы медыкаў», гучныя карупцыйныя скандалы - толькі барацьба з наступствамі. А што тычыцца падбору кадраў, то ў нармальных краінах біяграфіі людзей вывучаюць пад мікраскопам.

Эканаміст Леанід Заіка параўнаў палітычную сістэму Беларусі з узаемастасункаў прадстаўнікоў класа паўзуноў:

- Мы маем справу з звычайным наменклатурным серпентарыем, дзе ўсе адзін аднаго ціснуць, душаць, плююцца ядам, здаюць з трыбухамі. Менавіта з гэтай прычыне многія карупцыйныя справы сталі здабыткам грамадскасці, а не таму, што ўлады вызначылі змагацца з карупцыяй.

Многія чыноўнікі казалі мне, што ў гэтай сістэме можна пасадзіць кожнага пасля пяці гадоў працы. І для гэтага не трэба выдумляць нейкія крымінальныя справы. Адпрацаваў пяць гадоў чыноўнікам - пасадзілі. Вось такая сістэма.

Кампетэнтнасць чыноўніку не патрэбная

Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што самым галоўным крытэрыем адбору на дзяржаўныя пасады ў Беларусі з'яўляецца асабістая адданасць гаспадару:

- Ні аб якім прафесіяналізме сярод гэтых людзей не варта казаць. Ён адыгрывае далёка не самую першую ролю. Галоўная якасць для прасоўвання ў кар'ернай лесвіцы ў Беларусі - асабістая адданасць Лукашэнку.

Леанід Заіка таксама не знаходзіць кампетэнтнасць галоўным навыкам, якім павінен валодаць беларускі чыноўнік:

- Вось паставіў Лукашэнку галоўным у Гародні чалавека, у якога 10 аўтамабіляў, 10 кватэр – значыць, ён яму давяраў. Ну, а як яшчэ?

Эканаміст прапанаваў спосаб для барацьбы з карупцыяй «паводле кітайскай сістэмы»:

- Ведаеце, у Кітаі была вельмі вялікая праблема з карупцыяй. Таварыш Сі Цзіньпінь прапанаваў вельмі просты і дзейсны спосаб для барацьбы з хабарнікамі. Ніякіх расстрэлаў, толькі канфіскацыя маёмасці. Поўная. Забіраюць усё, але не толькі ў цябе, але і тваіх дзяцей, жонак, палюбоўніц, сваякоў. Можна б было апрабаваць такую схему на Драздах.

А сёння маем справу з незмяняльнай уладай, якая ніяк не кантралюецца. Яна адмаўляе журналісцкія расследаванні, не лічыцца з меркаваннем СМІ. Усякая ўлада, якая не змяняецца, будзе так сябе паводзіць. А мы будзем абмяркоўваць, чаму яна дрэнная. Ды таму што яна не можа быць іншай.

Годзе, браткі, наеліся

Леанід Заіка мяркуе, што годныя людзі даўно сышлі з лукашэнкаўскай сістэмы:

- Кожны нармальны чалавек не змог бы там працаваць. Сумленныя людзі з гэтай улады сышлі. Паўтаруся, там сапраўдны серпентарый. Дэмакратаў і інтэлігентных людзей гэтая сістэма проста зжырае. Вось пакладуць табе $100 тысяч у стол на працоўным месцы. Ты прыходзіш - а каля кабінета ўжо стаіць АМАП. Я гутарыў з людзьмі, якія пайшлі з урада, з сілавых органаў. Калі ты з усімі чыноўнікамі з аднаго карыта не хлёбаеш лычом, то цябе проста падставяць.

У асноўным ва ўладу ідуць прадстаўнікі раённай і абласной наменклатуры. Ну, разводзіць Лукашэнка часам сваё асяроддзе, калі надакучыць. Узяў акторку Тэатра музычнай камедыі сабе ў прэс-сакратаркі, цяпер у нас ва ўрадзе поўная камедыя.

Леанід Заіка параіў Лукашэнку сысці ў адстаўку. Толькі так, на думку эканаміста, можна выратаваць становішча спраў у краіне:

- Усю гэтую сістэму трэба зачышчаць. Пад корань. Адзін-два «дон кіхоты» ва ўрадзе не выратуюць сітуацыю. Больш таго, Аляксандру Рыгоравічу трэба сыходзіць у адстаўку. А я б пайшоў далей і скасаваў пасаду прэзідэнта ў Беларусі. Быў у нас першы прэзідэнт - хай ён будзе і апошнім. Годзе, браткі, наеліся, - падсумаваў суразмоўца Charter97.org.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках