3 траўня 2024, Пятніца, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты – кіроўцам: Як ездзіць падчас патопу і захаваць самаход

4
Экспэрты – кіроўцам: Як ездзіць падчас патопу і захаваць самаход

Беларускія гарады апошнім часам усё часцей «ідуць пад ваду».

Як ні папярэджваюць люд аб проліўнях і магчымасці затаплення некаторых вуліц, мы па-ранейшаму назіраем аўтамабілі, што заглухлі і плаваюць у лужынах. А раз ужо сэзон дажджоў у сярэдзіне, AUTO.TUT.BY разам з памочнікам дырэктара Цэнтра контраварыйнай падрыхтоўкі Дзмітрыем Перліным нагадвае, як бяспечна перасоўвацца ў такіх варунках і чым пагражае невыкананне простых захадаў бяспекі.

Першыя 5-10 хвілін дажджу асабліва небяспечныя

Самая простая і адначасова малавыканальная парада — проста пакіньце самаход дома і адкладзіце выправу. Захавае нэрвы і аўтамабіль. Але відавочна, што ёй карыстаецца толькі малая частка аўтааматараў. Да таго ж залева можа заспець і ў дарозе. Таму варта перайсці да практычных рэкамендацый.

— Што да язды па вадзе, то ёсць дзве асноўныя небяспекі. Першая — слізка! Падчас дажджу наогул, нават незалежна ад яго інтэнсіўнасці. Асабліва ў першыя моманты, калі з асфальту яшчэ не змыліся бруд і пыл. Утвараецца вельмі слізкая плеўка. Таму першыя 5-10 хвілін дажджу асабліва небяспечныя. Счэпныя ўласцівасці шын моцна падаюць. На гэта трэба рабіць папраўку, павялічваць дыстанцыю, бакавы інтэрвал, улічваць пагаршэнне агляднасці і бачнасці. Карацей кажучы, трэба абвастрыць увагу і ехаць павольней як зазвычай.

Калі аўтамабіль трапіў у аквапланераванне, то кіроўца становіцца пасажырам

— Другая небяспека пры яздзе — аквапланераванне. Гэта датычыцца збольшага загарадных рэжымаў кіравання. Не прыдумалі яшчэ такую шыну, якая б на аўтамабілі кожнага тыпу рухача і масы не адарвалася б ад зямлі, усплыўшы на тонкай вадзяной плеўцы на хуткасці вышэй за 100 км/г. На розных самаходах і розных шынах гэтая гранічная хуткасць можа вагацца, але ў вельмі вузкім дыяпазоне.

— Нашы дарогі не самыя роўныя, сустракаюцца каляіны, прычым нават на такіх трасах, як М1. Уляцець на хуткасці 110 км/г у каляіну, поўную вады, — гэта гарантавана сур'ёзныя праблемы. Аквапланераванне — гэта поўная страта счаплення аднаго або ўсіх колаў аўтамабіля з паверхняй. Няма такой кваліфікацыі кіроўцы, каб даць рады самаходу, якога нясе пад дзеяннем сіл інэрцыі. «Калі аўтамабіль трапіў у аквапланераванне, то ўсе, у тым ліку кіроўца, ператвараюцца ў пасажыраў». Гэтую прымаўку прыпісваюць знакамітаму гоншчыку Міхаэлю Шумахеру.

Першай прыкметай таго, што колы ўсплываюць, з'яўляецца кароткачасовае скачкападобнае павелічэнне абарачэнняў рухавіка. Хуткасць тая ж, а матор раптам пачынае раўці. Што ў гэтым выпадку трэба рабіць? Не кідаць газ, не гамаваць, не круціць стырном. Калі імкліва кінуць газ, то ў момант, калі аўтамабіль учэпіцца коламі за паверхню і спыніцца аквапланераванне, счапленне паміж левым і правым бокам будзе зазвычай розным. Гэтага дастаткова, каб самаход занесла. Пры гамаванні гэты эфект выяўляецца яшчэ мацней.

— Запомніце, што ў сітуацыі аквапланеравання стырно мае стаяць проста. Вельмі проста. Пры павернутым стырне ў момант спынення аквапланеравання самаход тут жа тузане ў той бок, куды павернутыя колы. І даць рады гэтаму хапку, уіаймаваць занос не здолее нават самы спрактыкаваны кіроўца. Таму надзвычайную асцярожнасць варта захоўваць пры руху ў паваротах, бо аквапланераванне ў віражы ўжо зусім небяспечная справа.

Большасць легкавікоў могуць пераадолець лужыну глыбінёй не больш за 15-20 см

Трэцяя небяспека тычыцца экстрэмальных рэжымаў падтаплення і затаплення. Тут самае галоўнае падчас руху па адкрытай воднай паверхні разумець, наколькі там глыбока. Лічаныя сэрыйныя аўтамабілі здольныя пераадольваць брады глыбінёй больш за 50 см і маюць для гэтага адпаведную падрыхтоўку.

Большасць жа легкавікоў здольныя пераадольваць лужыны глыбінёй 15-20 см і не разлічаны на большае. Таму, перш чым совацца ў ваду, трэба паводле ўскосных прыкмет вылічыць яе глыбіню — праз бардзюры злева-справа, слупкі, прыпаркаваныя іншыя аўтамабілі. Добра, калі вы там ездзіце рэгулярна і ведаеце рэльеф, дзе глыбей, дзе плытчэй. Таму першае, што трэба памятаць, — легкавы аўтамабіль не прызначаны для пераадолення водных перашкод. Але калі патрэба, адвага або прыдуркаватасць усё ж прымусілі ехаць «бродам», то тут трэба выконваць некаторыя правілы.

— Ні ў якім выпадку нельга «лупіць» па глыбокай вадзе так, каб пырскі даставалі да суседніх дамоў. Некаторыя аўтамабілі маюць пад аркамі паветразабонік. Таму калі ўжо ў ваду палез, то паволі, не ўзнімаючы хвалю, а рухаючы яе перад капотам. Галоўнае, каб гэтая хваля не пераліла праз капот. Пры гэтым рухацца такім чынам трэба толькі на першай перадачы, калі Вы маеце аўтатрансмісію, то ў прымусовым ручным рэжыме, зноў жа на першай перадачы і на падвышаных абарачэннях. А ўсё таму, што рухавік, які выштурхоўвае ваду з сістэмы, працуе з дадатковым націскам. І калі паўзці праз лужыну на парожніх абарачэннях, то матор можа самавольна заглухнуць і потым ужо не завесціся.

А што рабіць, калі кіроўца наважыўся на штурм, але на сярэдзіне дарогі зразумеў: ужо не проста едзе, а пачынае апусканне? Тут ёсць два варыянты дзеянняў. Калі позна зрэагавалі і зразумелі, што яшчэ трохі — і самаход ператворыцца ў субмарыну, то лепш самому заглушыць рухавік і абмысліць план эвакуацыі. Гэта бяспечней, чым калі рухавік заглушыць вада з усімі выгодамі гідраўдару.

— Калі ж кіроўца на часе зразумеў, што глыбіня павялічваецца да крытычнага ўзроўню, то трэба паволі спыніцца і трымаць газ. Потым, усё гэтак жа утрымліваючы павышанае абарачэнне, даць заднюю перадачу і выязджаць назад. Галоўнае — не даць аўтамабілю заглухнуць, бо завесціся другі раз можа і не выпасці.

Ехалі па лужыне, пачулі грук рухавіка — вы ўжо прыехалі!

— Відавочна, што самае галоўнае — не дапусціць трапляння вады ў рухавік. Лепш за ўсё не совацца ў калюгу, калі вы не ведаеце, дзе ў вашым аўтамабілі паветразаборнік і як ён уладкаваны, якая рэгламентаваная глыбіня броду. Варта быць асцярожным у дачыненні да начэпнага абсталявання — генератара, кампрэсара кандыцыянера, а таксама праводкі і электронных блокаў.

У сітуацыі, калі вы ехалі ў лужыне і нечакана рухавік з жорсткім грукам заглух, не варта спрабаваць яго завесці зноў. Грукат — відавочная прыкмета таго, што вы ўжо прыехалі. Таму глушым матор, шукаем магчымасць эвакуаваць аўтамабіль. Калі дождж працягваецца, лепш абясточыць самаход, зняўшы клемы з акумулятара. Няма гарантыі, што пакуль Вы будзеце шукаць дапамогу, узровень вады не ўзнімецца да крытычнага. Далей — эвакуатар і разбіранне рухавіка на СТА. Не варта спадзявацца на тое, што «высахне і само пройдзе».

Калі аўтамабіль быў затоплены на нейкі час, то пасля сыходу вады таксама не варта адразу заводзіць рухавік. Для пачатку трэба забрацца пад капот і адчыніць корпус паветранага фільтра. Калі там ёсць вада — зліць яе. Мокры фільтр? Замяніць або прасушыць. Прычым разам з усім аўтамабілем, калі ёсць такая магчымасць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках