20 траўня 2024, панядзелак, 23:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крымска-татарскі актывіст: Будзем выбудоўваць нацыянальную структуру ва ўсім Крыме

Крымска-татарскі актывіст: Будзем выбудоўваць нацыянальную структуру ва ўсім Крыме

Народ не атрымаецца ператварыць у паслухмяны статак.

Пра праблемы і выклікі для крымска-татарскага народа на анэксаваным паўвостраве ў інтэрв'ю Крым.Реалии апавядае актывіст Ралан Асманаў.

– Ралан, чаму Вас прываблівае роля актывіста ў такі неспакойны час у Крыме?

– Рэпрэсіі паводле нацыянальнага і рэлігійнага прынцыпу сталі штодзённасцю сучаснага Крыма. Расейская палітыка накіраваная на ўціск іншадумства, вальнадумства, знішчэнне свабодалюбнага духу крымска-татарскага народа, ягонай культурнай ідэнтычнасці як карэннага народа Крыма. Вось усё гэта і змушае мяне ўзяць на сябе ролю актывіста ў гэты неспакойны час.

Калі мы хочам, каб нашы дзеці жылі на сваёй Радзіме ў адэкватнай краіне, не баяліся, як мы, што да іх адным ранкам прыйдуць з ператрусамі, арыштамі і рэпрэсіямі, калі мы хочам, каб над нашым народам не навісала пагроза знішчэння, – мы абавязаныя актывізавацца.

– Якія, на Ваш погляд, цяпер асноўныя праблемы ў крымска-татарскага народа ў Крыме?

– У нашага народа ў цяперашніх умовах адна вялікая праблема – гэта выжыць, захавацца як народ, зберагчы яго ад негатыўных наступстваў замаху на родную мову, культуру і рэлігію. Немалаважна захаваць наш свабодалюбны менталітэт у варунках сталага ціску і рэпрэсій.

– Вы з'яўляецеся актывістам руху «Крымская ідэя», чым Вас вабіць гэты рух? Зможа ён неяк дапамагчы крымска-татарскаму народу ў варунках забароны Меджліса ў Крыме?

– Пад ціскам уладаў у Крыме з нас хочуць зрабіць паслухмяны статак. Менавіта таму нам патрэбны арыенцір, куды і як нам рухацца далей, а таксама механізмы для развязання ўзніклых культурных, рэлігійных, мясцовых праблемаў. Увогуле, фармаваць тое грамадства, якое трэба нам самім.

Я бачу, што «Крымская ідэя» мае перспектывы стаць такім арыенцірам. Якраз пры забароне дзейнасці Меджліса патрэбная сіла, здольная дапамагаць нашым прадстаўнічым органам адстойваць нацыянальныя, культурныя і рэлігійныя інтарэсы крымска-татарскага народа. Дзейнічаць мы збіраемся ў большай ступені праз распаўсюд інфармацыі, незалежныя СМІ, будзем выбудоўваць структуру ва ўсім Крыме, як гэта было пры АКНР (Арганізацыя крымска-татарскага народнага руху – КР).

– Нядаўна ў Крыме гучна прагучала праблема навучання крымскіх татараў у школах, напрыклад у Цвяточненскай школе Белагорскага раёна, на роднай мове, а якая сітуацыя з навучаннем на роднай мове ў дзіцячых садках?

– У папярэднія гады ў дзіцячых садках Крыма пры падачы заявы бацькамі на моўны рэжым навучання і выхавання дзяцей можна было абраць расейскую мову ці крымска-татарскую. У крымскіх татараў была магчымасць выхоўваць і навучаць дзяцей у дзіцячых садках на роднай мове, нават калі самі бацькі не ў стане даць шырокія веды мовы.

Сёлета ўвялі новую норму – заявы бацькоў на моўны рэжым навучання і выхавання дзяцей цяпер можна падаваць не толькі на расейскую ці крымска-татарскую, але яшчэ і на расейска-крымска-татарскую мову змешана. Здаецца, усё добра, з'явіўся яшчэ выбар, але ёсць адно «але» – калі ў крымска-татарскай дзіцячай групе хоць адзін бацька напісаў заяву на расейска-крымска-татарскае навучанне і выхаванне, то ўсю групу будуць абавязаныя навучаць і выхоўваць змяшана на дзвюх мовах. З такімі ўмовамі ва ўсім Крыме цяпер не атрымаецца сфармаваць групу з чыста крымска-татарскім моўным навучаннем. Такім «хітрым» падыходам нас пазбавілі і гэтага права.

– Якія, на Ваш погляд, прычыны дыскрымінацыі крымска-татарскага народа ў Крыме?

– Прычына адна – крымскія татары на баку сусветнай супольнасці ў пытанні статусу Крыма. Дастаткова паглядзець, у каго праводзяць ператрусы ў Крыме, каго затрымліваюць і абвінавачваюць у тэрарызме і экстрэмізме, выкрадаюць і судзяць паводле палітычных справаў. Паўсюль фігурантамі выступаюць крымскія татары.

Узмацненне дыскрымінацыі адбываецца, бо сваё меркаванне мы не мяняем, хоць ідзе ўжо пяты год, як расейскія ўлады спрабуюць паставіць наш народ на калені паслушэнства і пакоры.

– Крымскім татарам уласцівыя дэмакратычныя, вальнадумныя погляды. У варунках кіравання Крымам расейскімі ўладамі ці няма паступовага зрушэння ў крымска-татарскай моладзі гэтых поглядаў?

– Не думаю, што ёсць нейкія істотныя зрушэнні традыцыйных поглядаў, таму што ў нас у народзе галоўнае выхаванне ідзе ад сям'і і старэйшага пакалення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках