18 траўня 2024, Субота, 18:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фальшывы парад для савецкага камісара

125
Фальшывы парад для савецкага камісара
Фота: Toxaby

Наш Дзень незалежнасці яшчэ наперадзе.

Улады з помпай святкуюць так званы дзень незалежнасці. У гэтым годзе з народных грошай на лукашэнкаўскае свята надумалі выдаць $2,5 мільёна. У парадзе бярэ ўдзел 260 адзінак тэхнікі.

Тысячы літраў саляркі і газы, сапсаваны асфальт, які не паспеюць адрамантаваць да наступлення халадоў, прымусова сагнаныя на парад дэлегацыі ад прадпрыемстваў - усё гэта рэаліі афіцыйных святаў пры дыктатуры.

Нядаўна прэс-сакратар міністэрства абароны Уладзімір Макараў заявіў, што абсалютная большасць беларусаў вельмі любіць парады і падтрымлівае іх штогадовае правядзенне.

Жыхары сталіцы адрэагавалі на словы палкоўніка і масава выязджаюць за межы горада. БЧ нават пусціў два дадатковыя цягнікі ў Вільню.

Атрымліваецца, што любоў беларусаў да парадаў праяўляецца на адлегласці?

Чаму ўлады так актыўна выкарыстоўваюць 3 ліпеня ў афіцыйнай прапагандзе? Які дзень варты называцца Днём незалежнасці Беларусі? Сайт Сharter97.org звярнуўся па адказ на гэтыя пытанні да аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля:

- Ёсць дзве прычыны, чаму людзі байкатуюць лукашэнкаўскае свята. Па-першае, абсалютная большасць разумее, што яно несапраўднае. Беларусы адзначаюць свята незалежнасці ў іншыя дні.

Адное з іх - 27 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Менавіта гэты дзень быў святочным, пакуль Лукашэнка на нелегітымным рэферэндуме не памяняў сімволіку і галоўнае дзяржаўнае свята.

Іншы дзень, значна больш важны - 25 сакавіка, калі была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэтым годзе мы святкуем 100-годдзе з дня гэтай знакавай падзеі.

3 ліпеня – гэта спехам прыдуманае, высмактанае з пальца свята. Калі казаць пра падзеі 1944 года, то ў гэты дзень не ўся Беларусь была вызваленая ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А для многіх жыхароў нашай краіны гэты дзень стаў не святам, а зменаю адной акупацыі на іншую – з тымі ж рэпрэсіямі, і канцлагерамі.

Большасць беларусаў, асабліва маладое пакаленне, гэта добра ведае. Аб гэтым можна прачытаць нават на старонках афіцыйных падручнікаў гісторыі. Так, гэта дзень вызвалення Менска, вельмі важны для нашай сталіцы, але гэта не Дзень незалежнасці Беларусі.

Другая прычына ў тым, што беларусы, памятаючы пра свае партызанскія традыцыі, «цішком» байкатуюць усе афіцыйныя мерапрыемствы і святы, прыдуманыя Лукашэнкам. Наш чалавек створаны так, што ён на дух не прымае тое, што яму спрабуюць навязаць сілай. Афіцыйны Першамай, 7 лістапада, лукашэнкаўскі «дзень незалежнасці», нягледзячы на ўсе намаганні ідэолагаў і чыноўнікаў, якія сталі найлепшай ілюстрацыяй рэальнай падтрымкі дыктатара. Народ вельмі тонка адчувае фальш і проста ігнаруе такія мерапрыемствы.

- Чаму Лукашэнку такі дарагі гэты парад і ён актыўна выкарыстоўвае яго ў афіцыйнай прапагандзе? Перадавыя краіны свету адмовіліся ад такіх манеўраў цяжкай тэхнікі.

- Лукашэнка - гэта савецкі камісар, прадукт камуністычнай ідэалогіі мінулага стагоддзя. Ён архаічны ва ўсіх сваіх праявах. Дыктатар памятае сваё дзяцінства, калі на Чырвонай плошчы праходзілі маштабныя парады вайсковай тэхнікі, а генеральныя сакратары стаялі на Маўзалеі і махалі жаўнерам рукой.

Лукашэнка хоча пацешыць сваё самалюбства, спрабуе пераняць і паўтарыць тое, што ён бачыў у дзяцінстве. Безумоўна, да капіявання тых парадаў яму далёка, ды і сродкаў замала. Стае толькі на смешную працэсію, калі па цэнтры сталіцы вязуць унітазы «Керамін», а танкі, якія заблукалі пасля параду, збіваюць на поўным хаду ліхтарныя слупы.

На выхадзе мы атрымліваем водгалас дзіцячых комплексаў, калі местачковы дыктатар спрабуе здавацца такім жа вялікім, як кіраўнікі савецкай імперыі.

З іншага боку - гэта абсалютны цынізм. Калі мы гаворым пра тое, што ў ФСАН утварылася вялізная дзірка, расце колькасць беларусаў, якія жывуць за рысай беднасці, няма грошай на медыцыну, па цэнтру Менска маршыруюць «смяхотныя палкі» дыктатара, а з трыбун раздаюцца словы аб росквіце і стабільнасці.

Я жыву пад Менскам. Над маім домам у апошнія два тыдні амаль кожны дзень пралятаюць злучэнні самалётаў, якія рэпетуюць парад. Не магу сказаць, колькі паліва марнуецца на гэтыя манеўры, але гэта сапраўдны баляванне падчас чумы. У мінулым годзе былі тыя ж самыя самалёты. У пазамінулым - таксама. Не трэба быць вельмі разумным, каб палічыць, як гэты свята ўдарыць па нашых кішэнях.

- Ці можа Лукашэнка, які цягам 24 гадоў усяляк здаваў нашу незалежнасць, а нядаўна заявіў аб уваходжанні ў склад іншай дзяржавы, называць сябе гетманам і прымаць вайсковыя парады?

- Дзякуй Богу, гэты чалавек не мае ніякага дачынення да сапраўднага Дня Незалежнасці нашай краіны. Фальшывы дзень незалежнасці, фальшывы парад і фальшывы прэзідэнт - гэтыя рэчы ўзаемазвязаныя і выдатна дапаўняюць адна адную.

- Які дзень заслугоўвае таго, каб стаць сапраўдным нацыянальным святам для беларусаў?

- Мы мае два дні. Першы – абвяшчэнне незалежнасці БНР 25 сакавіка 1918 года. Значнасць гэтай падзеі для беларускай гісторыі яшчэ трэба будзе ацаніць. Арганізаваная меншасць, ва ўмовах вайны і акупацыі, пасля доўгіх гадоў здушэння нацыянальна-вызвольнага руху, забароны мовы і адукацыі зрабіла неймаверны крок, які стаў вызначальным для гісторыі краіны ў 20 стагоддзі.

На жаль, для многіх з іх гэтая пастанова мела трагічныя наступствы. Таму паўтаруся, Дзень Волі яшчэ чакае свайго часу, калі яго як мае быць ацэняць ў свабоднай Беларусі.

Другі Дзень незалежнасці яшчэ наперадзе. Нягледзячы на ўсе заявы Лукашэнкі аб суверэнітэце, аб тым, што ён з'яўляецца нейкім «гарантам», Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй. Адзіны чалавек, які сапраўды штосьці вызначае ў нашай краіне - гэта Уладзімір Пуцін.

Калі лёс Беларусі будзе залежаць не толькі ад гаспадара Крамля, але і ад саміх беларусаў, калі мы пераможам дыктатуру, пабудуем еўрапейскую Беларусь - можна будзе адзначаць Дзень аднаўлення нашай з вамі незалежнасці.

Напісаць каментар 125

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках