«Толькі разам мы вызвалім тых, хто пакутуе за нашу свабоду!»
2- 10.08.2018, 21:53
- 13,157
Актывісты заклікаюць да салідарнасці з палітвязнем Паліенкам.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў актывіст Вячка Касінераў:
- Апошняя інфармацыя з Бабруйскай папраўчай калоніі, у якой у закладніках рэжыму знаходзіцца Зміцер Паліенка, анархіст, зняволеныя ў турму за свае погляды.
Са здароўем у Змітра ўжо ўсё больш-менш, адміністрацыя ідзе насустрач у пытаннях, якія датычыцца стану Змітра.
Аднак наш сябар і таварыш працягвае знаходзіцца ў пэўнай інфармацыйнай ізаляцыі.
Адміністрацыя калоніі ў асобе самога намесніка загадчыка калоніі асабіста чытае лісты Змітра. Прычым як тыя, што прыходзяць да яго з волі, так і тыя, якія дасылаюць з калоніі Паліенку.
Напрыклад, калі Зміцер піша нешта звязанае з вострымі палітычнымі пытаннямі і працэсамі (абарона Курапатаў), намеснік загадчыка калоніі раіць яму перапісаць ліст.
Такім чынам, за апошні час мы атрымліваем ад яго толькі паштоўкі або караценькія лісты, у якіх ён не мае магчымасці напісаць усё тое, чым хацеў бы падзяліцца з сябрамі і неабыякавымі людзьмі.
Гэта таксама датычыцца і часопісаў, на якія падпісаны Зміцер. Калі ў іх агучваецца нейкая «непажаданая» тэматыка, часопіс могуць проста не аддаць вязню.
Заклікаем да салідарнасці з вязнем сумлення, Змітром Паліенкам, бо толькі разам мы вызвалім тых, хто пакутуе за нашу свабоду!