19 лiстапада 2018, панядзелак, 13:25
Падтрымайце сайт «Хартыя-97»
Рубрыкі

У Лукашэнкі ўзніклі праблемы на валютным рынку

58
КАРЫКАТУРА: SVABODA.ORG

Урад можа пачаць дэвальвацыю рубля.

Магчымая адмова Расеі ад выдачы крэдытаў Беларусі можа абярнуцца сур'ёзнымі эканамічнымі праблемамі.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю Thinktanks.by выказала экспэртка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.

Расея пачынае выкладаць козыры

Пра новыя праблемы ў стасунках паміж Беларуссю і Расеяй у канцы мінулага тыдня паведаміла агенцтва Reuters. «Расея прыпыніла выдачу крэдытаў Беларусі і мае намер абмежаваць Менску бязмытныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу (ЗГ) з чацвёртага квартала 2018 года, спасылаючыся на страты свайго бюджэту», - сказана ў паведамленні агенцтва. Там таксама гаворыцца аб блакаванні новых рат крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця і прыпыненні працы для выдачы Беларусі ў наступным годзе расейскага дзяржкрэдыту сумай да 1 млрд даляраў. Аднаўленне крэдытавання Беларусі ўвязваецца з забаронай на вываз нафтапрадуктаў у Беларусь і кампенсацыяй страт расейскага бюджэту за раней вывезеныя нафтапрадукты. Каментуючы гэтае паведамленне, Мінфін Расеі заявіў, што не прыпыняў выдачу крэдытаў Беларусі. Аднак, магчымасць такога развіцця падзей у будучыні выключаць нельга.

«Фармальна Расея не можа паўплываць на выдачу крэдытаў ЕФСР. У той жа час зразумела, што яна адыгрывае ў гэтай арганізацыі ключавую ролю. Не варта забываць таксама, што Беларусь не выконвае ўмовы рэфармавання эканомікі, у тым ліку прыватызацыі і рэструктурызацыі прадпрыемстваў, пад якія быў выдадзены гэты крэдыт. Таму калі расейцы захочуць, яны змогуць выкарыстоўваць яго як вагар уздзеяння. Фінансаванне з боку ЕФСР, як і новы расейскі крэдыт на рэфінансаванне беларускай замежнай запазычанасці сумай 1 млрд даляраў можа быць пад пытаннем. Відавочна, што ў сітуацыі канфлікту аб пастаўках нафтапрадуктаў Расея пачынае выкладаць свае козыры, а іх у яе шмат. Калі быў канфлікт з нагоды газу, Расея перастала пастаўляць нафту. Цяпер канфлікт аб нафтапрадуктах, і ўзнікае пытанне аб доступе да крэдытавання», - сказала Кацярына Барнукова.

Беларусь можа сутыкнуцца з неабходнасцю дэвальвацыі валюты

На думку экспэрткі, гэтая сітуацыя яшчэ раз дэманструе, наколькі моцная эканамічная залежнасць Беларусі ад Расеі - нашай краіне неабходны не толькі доступ на рынак гэтай краіны і пастаўкі нафты, але і доступ да расейскага крэдытавання. «Занадта многае завязана на Расею. Нягледзячы на доўгія перамовы з МВФ, Беларусь так і не змагла дамовіцца пра крэдыт, які мог бы стаць добрай страхоўкай на выпадак узнікнення такіх сітуацый. Краіна аддала перавагу атрымаць расейскі крэдыт, бо гэта было прасцей, і цяпер мы рызыкуем сутыкнуцца з наступствамі нашай залежнасці», - мяркуе Кацярына Барнукова.

Сродкі, якія Беларусь атрымлівае ў рамках крэдытаў з боку ЕФСР і Расеі, у асноўным ідуць на рэфінансаванне раней атрыманых крэдытаў. У выпадку прыпынення крэдытавання ўзнікае пагроза, што беларуская старана будзе не ў стане абслугоўваць замежную пазыку. «І ў гэтым, і ў наступным годзе трэба выплачваць даволі вялікія сумы, прычым у асноўным гаворка ідзе пра выплату запазычанасці перад Расеяй. Асноўная надзея была на тое, што хаця б частку пазык нашая краіна зможа рэфінансаваць, бо іншых крыніц атрымання валюты для гэтага няма. Станоўчае сальда замежнага гандлю скарачаецца - праз раздзіманне заробкаў расце імпарт. Цягам некалькіх гадоў Нацбанк скупляе ў насельніцтва вялікія аб'ёмы валюты, і гэты працэс рана ці позна замарудзіцца, улічваючы паслабленне беларускага рубля следам за расейскім. Калі мы не зможам знайсці альтэрнатыўны спосаб рэфінансаваць нашыя пазыкі, давядзецца выкарыстоўваць золатавалютныя запасы, а магчыма яшчэ і дэвальваваць валюту, каб палепшыць замежнае гандлёвае сальда», - мяркуе Кацярына Барнукова.

Магчымасці Беларусі абмяжоўвае адсутнасць праграмы з МВФ

Абвяшчэнне дэфолту ў замежнай запазычанасці ў выпадку праблем з выплатай пазыкі малаімавернае. «Мы яшчэ не ў тым стане, каб абвяшчаць дэфолт. Тым больш, што гэта мае дадатковыя негатыўныя наступствамі. Калі абвясціць дэфолт хоць бы для аднаго з крэдытаў, павялічацца адсоткі на еўрабондах, якія мы і без таго бярэм далёка не на самых выгадных умовах, і выплаты замежнай завінавачанасці ў выніку могуць вырасці», - кажа Кацярына Барнукова.

Для таго, каб такія сітуацыі надалей не стваралі сур'ёзных рызык для беларускай эканомікі, трэба дыверсіфікаваць крыніцы фінансавання. «У канцы 2014 года ўжо ўзнікала сітуацыя, калі Расея не дала крэдыт на падтрымку валютнага курса. Таму трэба мець магчымасць браць грошы ў іншых месцах. Першы крок да гэтага быў зроблены, калі мы выпусцілі еўрабонды, але гэтыя грошы мы бярэм высокім коштам. Нашы магчымасці дыверсіфікацыі крыніцы крэдытавання абмяжоўвае тое, што ў нас няма праграмы з МВФ, і інвестары не вераць, што мы будзем весці адказную эканамічную палітыку», - падкрэсліла экспэртка.

Што да выплаты замежнай запазычанасці, то, на думку Кацярыны Барнуковай, гэта стане магчымым толькі ў выпадку «правядзення эканамічных і структурных рэформаў, павелічэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, дасягнення добрага станоўчага замежнагандлёвага сальда і стварэння прывабных умоў для замежных інвестараў».