20 верасня 2018, Чацвер, 16:42
На маршы
Рубрыкі

Лукашэнка прыстрашыў на гэтым тыдні разагнаць увесь урад

231

Дыктатар заявіў пра «нядбайнае стаўленне да ягоных даручэнняў».

Лукашэнка на нарадзе аб ходзе выканання даручэнняў у комплексным развіцці Аршанскага раёна запатрабаваў на гэтым тыдні ўнесці яму прапановы аб перастаноўках у кіраўніцтве ўрада, паведамляе БелТА.

Са слоў дыктатара, адзіная прычына невыканання ягоных даручэнняў палягае ў «нядбайным дачыненні ўрада да гэтых даручэнняў».

«Таму на гэтым тыдні ўнесці прапановы для замены ўсяго кіраўніцтва ўрада, усёй верхавіны з рэзерву кадраў, які мною сфармаваны, - запатрабаваў дыктатар. - Хопіць глядзець ім у рот, і яны будуць нам распавядаць, як ім складана, як ім цяжка!»

Лукашэнка даручыў унесці прапановы наконт міністра прамысловасці і будаўніцтва. «Ён сядзеў, не мог адрамантаваць дах - выканаць маё даручэнне. Хто меў права касаваць мае пастановы? А чаму не выканалі, чаму не зрабілі, як я сказаў? Чаму будтрэст куляецца?» - спытаў дыктатар.

«Пазняка (старшыню Аршанскага райвыканкама) - адправіць у адстаўку і знайсці яму іншую працу», - запатрабаваў дыктатар.

«І не дай Бог, тут не будзе зробленае тое, што вы намецілі (учора вы нам гэтую праграму разгарнулі), і тое, што я вам даручыў, - папярэдзіў Лукашэнка. - Як варыянт, накіруйце Воўка (міністр прамысловасці Віталь Воўк) сюды - будзе выцягваць усю гэтую прамысловасць. На якой пасадзе, я ўчора Шарстнёву сказаў: хай вызначаюцца. Не зробіць - пойдзе туды, куды я ўчора сказаў».