26 красавiка 2024, Пятніца, 23:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пляменнік Івацэвіцкага стралка: Дзядзька бачыў у бінокль, як міліцыянт рыбу лавіў сеткамі

Пляменнік Івацэвіцкага стралка: Дзядзька бачыў у бінокль, як міліцыянт рыбу лавіў сеткамі

Участковы мог быць забіты праз асабісты канфлікту з нагоды браканьерства, якім нібы займаўся «вартавы парадку».

Забойства ўчастковага міліцыянта ў Івацэвіцкім раёне магло здарыцца пасля канфлікту з нагоды браканьерства, якім нібы займаўся прадстаўнік закона.

Журналісты «Белсата» даведаліся новыя падрабязнасці трагедыі ў вёсцы Бабровічы, што ў Івацэвіцкім раёне Берасцейскай вобласці. Паводле следства, у пятніцу жыхар Бабровічаў Сяргей Д. стрэліў у галаву ўчастковаму, а другога міліцыянта параніў у спіну. Потым замкнуўся ў доме.

«Калі яго затрымлівалі, бачыў, як выводзілі. Я думаў, што яго заб'юць, але ён здаўся», - распавядае пляменнік затрыманага Сямён Дзячок.

Маёр Ігар Лукашэвіч памёр на месцы. Другі міліцыянт цяпер у Івацэвіцкім шпіталі, ён прыйшоў у прытомнасць. Афіцыйныя крыніцы адразу падалі супярэчлівую інфармацыю. Тэлеканал ОНТ паведаміў, што стралок прасіў міліцыянтаў сысці, пагражаючы зброяй. А міліцэйская прэс-служба заявіла аб рэйдзе супраць незарэгістраванай зброі і раптоўны напад.

«Пры падыходзе да дома мясцовага жыхара, у якога, паводле інфармацыі праваахоўнікаў, магла быць незарэгістраваная паляўнічая стрэльба, апошні раптам распачаў агонь на паразу па міліцыянтах», - адзначылі ў прэс-службе МУС.

Сяргею Д. 57 гадоў, ён паляўнічы з 18-гадовым стажам, страляў з зарэгістраванай старой тульскай дубальтоўкі. Сваякі кажуць - закона не парушаў.

«Стрэльба зарэгістраваная, усё як мае быць. Скрынка металічная ў кладоўцы, на скрынцы замок вісіць. Толькі ён дакранаўся да гэтай стрэльбы», - кажа сястра затрыманага Ніна Горбач.

Прычына трагедыі, кажуць у вёсцы, - у асабістым канфлікце.

«Суседка казала, што забіты міліцыянт рыбу лавіў сеткамі. А дзядзька бачыў у бінокль», - працягвае Сямён Дзячок.

Словы паляўнічага аб спрэчцы на возеры суседка пераказвала аднавяскоўцам, пакуль з яе не ўзялі падпіску пра неразгалошванне.

«Як нам распавялі, забіты ўчастковы са сваім сваяком паехалі на рыбалку на возера, рыбу лавіць на лодцы сеткамі. А сеткамі забаронена рыбу лавіць. Нават на вуду лавіць і тое платна», - кажа Ніна Горбач.

Пра асабісты канфлікт ведае і сваячка забітага міліцыянта Ігара Лукашэвіча.

«Калі ехалі, то сустрэлі ля возера вось гэтага самага. І яны казалі, і ён Лукашэвічу пагражаў. Акт міліцыя ўстанаўлівала, ён распавядаў», - кажа сваячка забітага Фёкла.

Са слоў вяскоўцаў, паляўнічы казаў, што на возеры міліцыянер-браканьер, наадварот, пагражаў яму.

«Схапіў яго за рукі і кажа: ты такі, будзеш у мяне праз тры дні ў дурдоме! Пачакай, мы прыедзем. Прыехалі», - распавядае Ніна Горбач.

Следчы камітэт Берасцейскай вобласці распачаў крымінальную справу аб забойстве асобы ў сувязі са службовай дзейнасцю і пра замах на забойства дзвюх асоб у сувязі са службовай дзейнасцю. Калі суд прызнае затрыманага вінаватым - яму пагражае смяротнае пакаранне.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках