27 красавiка 2024, Субота, 6:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гэта не Данбас і не Крым: ці гатовы Пуцін на вайну ў іншай частцы свету

2
Гэта не Данбас і не Крым: ці гатовы Пуцін на вайну ў іншай частцы свету

Аб пагадненні наконт Каспійскага мора.

На мінулых выходных Расея дамовілася з краінамі так званай каспійскай пяцёркі, у якую таксама ўваходзяць Азербайджан, Іран, Казахстан і Туркменістан, аб прынцыпах падзелу Каспійскага мора. Але асноўнае пытанне - каму дастанецца вялікая частка радовішчаў нафты і прыроднага газу - так і засталося без адказу. Пра тое, ці можа Расея дзеля прыродных багаццяў пайсці на канфрантацыю з краінамі рэгіёну, сваю думку "Апострофу" выказаў расейскі журналіст і публіцыст Леанід Радзіхоўскі:

- Думаю, што вынікам дамоўленасцей стаў, хутчэй, працоўны дакумент, які азначае, што частку праблем развязалі, а частка засталася. Але, напэўна, ён быў узаемавыгадным, хоць у такіх выпадках заўсёды нехта выйграе больш, хтосьці менш.

Амаль 50 мільярдаў барэляў нафты ў Каспійскім рэгіёне [паводле ацэнак Службы энэргетычнай інфармацыі ЗША] - гэта цяперашнімі коштамі прыкладна 3,5 трыльёна даляраў. Гэта не Данбас які-небудзь і не Крым паршывы. Гэта з аднаго боку.

З іншага боку, у агляднай перспектыве ніякіх магчымасцяў для ваенных сутыкненняў я тут не бачу зусім. Таму што вызначае ў палітыцы не эканамічны разлік, не грошы, насуперак папулярнай ва Украіне і не толькі думцы. Калі б за ўсім былі грошы, то Расея і кроку б не ступіла ў ідыёцкі Крым, які і дарма не патрэбны, і вельмі дорага каштуе, а разам з амерыканцамі з двух бакоў расціснула б Іран. Гэта калі б грошы вызначалі. Бо зразумела, што захапіць дно Каспійскага мора - гэта велізарныя грошы, а ўлезці ва ўсякія ўбогія вобласці ва Украіне - гэта выдаткаваць плойму грошай і зарабіць процьму непрыемнасцяў.

Аднак адбываецца ўсё адно наадварот: Расея падтрымлівае Іран супраць амерыканцаў і марнуе грошы ва Украіне. Зусім відавочны чыста эканамічны разлік у гэтым выпадку не працуе і ў агляднай перспектыве працаваць не будзе. Расея найбліжэйшымі гадамі не будзе псаваць стасункі з краінамі Каспійскага рэгіёну і ўжо тым больш не пойдзе з імі ні на якія ваенныя сутыкненні. А ўжо з Іранам - у самую апошнюю чаргу.

Расея, ва ўсякім разе пакуль Пуцін ва ўладзе, не пойдзе на ўгоду з Амерыкай супраць Ірана. Натуральна, Расея будзе стоадсоткава падтрымліваць міжнароднае ядзернае пагадненне з Іранам - гэта шматкроць заяўленая афіцыйная пазіцыя Расеі, якая не зменіцца. Яна можа толькі стаць больш жорсткай.

Як вядома, Расея ў гэтай справе не самотная. Гэтак жа люта, як гэтую ўгоду адмаўляе Амерыка, яе бароніць увесь Еўразвяз. Шчыра кажучы, прычыны гэтай вар'яцкай цягі мне незразумелыя - ні з таго, ні з другога боку. Пазіцыя Расеі ж тут зусім відавочная: амерыканцы сваёй палітыкай штурхаюць РФ да максімальнага збліжэння з Іранам. Што, уласна кажучы, і адбываецца. А калі дачыненні з Амерыкай канчаткова сапсуюцца, то, я думаю, паляціць у топку слоўнае і нявызначанае, хоць важнае, пагадненне наконт Сірыі. Сутнасць гэтага пагаднення з Ізраілем і ЗША зводзіцца да таго, што Расея дапамагае стварыць пояс бяспекі ля межаў Сірыі з Ізраілем, вакол Галанскіх вышынь, і дамагаецца, каб Іран адтуль вывеў войскі. Гэта пастанова на паперы не прапісаная, але была абвешчаная на той самай скандальнай сустрэчы Пуціна з Трампам.

Пакуль у Расеі ёсць хоць нейкія надзеі на захаванне стасункаў з амерыканцамі, я думаю, што Пуцін гэтай лініі будзе больш-менш прытрымлівацца. Калі ж стасункі з амерыканцамі канчаткова паляцяць у бездань - дапусцім, ЗША ўвядуць санкцыі аб забароне для Расеі ажыццяўляць разлікі ў далярах - я думаю, што Пуцін пашле да чорта ўсе гэтыя пагадненні і будзе актыўна і ў лоб супрацоўнічаць з Іранам у Сірыі, з усімі вынікаючымі наступствамі. Пакуль што гэтага няма.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках