28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як чыноўнікі ў адным аграгарадку $80 тысяч прамантачылі

7
Як чыноўнікі ў адным аграгарадку $80 тысяч прамантачылі

Вяскоўцы вымушаныя штодня ездзіць за дзясяткі кіламетраў, калі побач ёсць свая школа.

Ужо два гады вяскоўцы просяць чыноўнікаў аднавіць яе, але тыя людзей не чуюць: спасылаюцца на «немэтазгоднасць». Пры гэтым самі штогод марнуюць больш за 27 тысяч даляраў бюджэтных сродкаў на падвоз дзяцей, паведамляе «Белсат».

Аграгарадок Каплічы, што ў Калінкавіцкім раёне на Гомельшчыне, налічвае амаль тысячу жыхароў. Ёсць сярод іх, вядома, і школьнікі. Вось толькі школы няма – зачынілі.

Жыхаркі Каплічаў:

«Вёска ж немалая, дзяцей шмат, нараджальнасць таксама ёсць. І школу зачынілі! Добра, што хоць садок застаўся».

«Большасць людзей мяркуе, я магу гэта з упэўненасцю сказаць, што школа патрэбная».

«Вядома, трэба. Хаця б малодшыя класы, далёка ж дзяцей вазіць».

«Мы ж бацькі, спачатку трэба ў нас спытаць! А потым ужо – у чыноўнікаў».

Таму мясцовыя жыхары і змагаюцца ўжо каторы год за аднаўленне працы ўстановы ды супраць нязручнасцяў – каб уставаць раней і вяртацца ўпоцемку дзецям не даводзілася. Аднак чыноўнікам з Гомельскага аблвыканкаму бачна лепш – на шматлікія просьбы, подпісы і звароты жыхароў Каплічаў яны рэагуюць проста.

Сяргей Парошын, упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкаму:

«Аднаўленне школы прызнанае эканамічна немэтазгодным, рэканструкцыя аварыйнага будынку будзе нерацыянальным і нямэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў».

Роза Стрэльчанка, дэпутатка Капліцкага сельсавету:

«Гэта што, камісія да нас у Каплічы прыязджала, нас, бацькоў, запрашалі? Мы нікога за паўгода не бачылі! І тут Сяргей Парошын дае адказ, што рамонт капліцкай школы немэтазгодны. Гэта нам вырашаць, ці ён мэтазгодны! Бо на сённяшні дзень у нас прыкладна 136 дзяцей».

Грошай на рамонт і аднаўленне школы няма, але ў той жа час больш за 27 тысяч долараў штогод цягне з бюджэту падвоз дзяцей да бліжэйшай школы – за 30 кіламетраў ад Каплічаў. За тры гады сума набяжыць сур’ёзная – больш за 80 тысяч долараў, адзначае дэпутатка. Немэтазгодна, асабліва калі ў існай школе адрамантаваць трэба толькі дах.

Роза Стрэльчанка, дэпутатка Капліцкага сельсавету:

«Ёсць канкрэтнае заключэнне гомельскага БДУТу, што трэба зрабіць рамонт паддашкавага перакрыцця. І гэтым усё сказана. А слова «немэтазгоднасць» да дзяцей увогуле не павінна быць ужытае».

Каплічане непакояцца, што калі школу зачыняць канчаткова, то і самыя Каплічы паступова пачнуць выміраць. Установа, якая заўжды была галоўным цэнтрам прыцягнення моладзі, цяпер пустуе і прыходзіць у заняпад.

Мікалай Новікаў, былы дэпутат Гомельскага аблсавету:

«Адукацыя, на жаль, перастала быць прыярытэтам у дзяржаўнай палітыцы. Калі людзей нават не пытаюць, ці патрэбная ім школа, калі чыноўнікі вырашаюць за іх, калі на школе эканомяць… Такіх прыкладаў шмат».

Але ж чаму чыноўнікі не чуюць людзей?

Мікалай Новікаў, былы дэпутат Гомельскага аблсавету:

«Яны залежаць ад вертыкалі – што ім сказалі зверху, дзе трэба грошы зэканоміць, а яны ўжо намагаюцца гэта зрабіць і не звяртаюць асаблівай увагі на жыхароў, якіх гэтая праблема датычыць».

Вострых пытанняў у сувязі з сітуацыяй у Каплічах паўстае бясконцая колькасць. А як жа аднаўленне вёскі? Дзе клопат дзяржавы пра бацькоў і дзяцей? І што з трохгоддзем малой радзімы?

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках