28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зінаіда Міхнюк: Узровень жыцця падае, народ галее, а ФПБ маўчыць

6
Зінаіда Міхнюк: Узровень жыцця падае, народ галее, а ФПБ маўчыць

Самыя важныя для жыцця людзей пытанні ў Беларусі не выконваюцца.

Лідарка Берасцейскага абласнога прафзвязу РЭП просіць уключыць яе ў камісію для калектыўных перамоў аб Пагадненні паміж Берасцейскім аблвыканкамам, наймальнікамі і прафзвязамі, паведамляе praca-by.info.

У Берасці беларускія незалежныя прафзвязы, аб'яднаныя ў Беларускі Кангрэс Дэмакратычных прафзвязаў (БКДП), хочуць на роўных удзельнічаць у прыняцці важных пастаноў для жыхароў Берасця і вобласці: аб цэнах, зарплаце, кантрактах і г.д. Для гэтага яны хочуць удзельнічаць у распрацоўцы пагаднення паміж чыноўнікамі, наймальнікамі і прафзвязамі, падпісаць гэта пагадненне і сачыць за тым, як яно будзе выконвацца. Такія трохбаковыя дамовы падпісваюцца кожныя два гады, але ў іх заўсёды ўдзельнічалі толькі прафзвязы з ФПБ (так званыя «праўладныя» прафзвязы). Цяпер актывісты БКДП хочуць змяніць гэтую сітуацыю.

Лідарка РЭП Берасцейскай вобласці Зінаіда Міхнюк патлумачыла, чым важна трохбаковае абласное пагадненне і навошта Кангрэс хоча ў ім удзельнічаць:

- Важна, каб Кангрэс дэмакратычных прафзвязаў удзельнічаў у пагадненні разам з ФПБ як другі прафзвязны цэнтр. Трохбаковае абласное пагадненне - добры дакумент; ён змяшчае палажэнні тарыфнага пагаднення плюс індывідуальныя магчымасці для кожнай вобласці Беларусі. Напрыклад, у ім ёсць палажэнне аб тым, што калі чалавек працуе даўно і без заўваг, яму павінны працягваць кантракт не на адзін год, а на тры гады.

Зінаіда Міхнюк кажа, што далучэннем да пагаднення яны створаць прэцэдэнт:

- Будзем вылучаць свае прапановы: напрыклад, каб стаўка 1 разраду была роўная пражытковаму мінімуму, і іншыя прапановы паляпшэння становішча наёмных работнікаў у Берасцейскай вобласці. У аналагічнай камісіі выпрацоўкі калектыўнай дамовы я ўжо працавала на «Светатроне». Спачатку абмеркаванні праходзяць ва ўсіх цэхах, потым гэтыя прапановы падаюцца ў камісію, і камісія фармуе завадскую калектыўную дамову. А з гэтых калектыўных дамоў ствараецца трохбаковае абласное пагадненне.

На гэты дакумент прафзвяз РЭП часам спасылаецца ў судзе, патлумачыла Зінаіда Міхнюк:

- Важна, каб мы былі падпісантамі. Наступіць такі момант, калі РЭП на судзе будзе спасылацца на абласное пагадненне, і ў нас спытаюць, ці ўдзельнічалі мы ў перамовах, ці падпісвалі яго - якое мы маем да яго стаўленне. Прафзвяз РЭП хацеў бы спасылацца ў судзе на абласное пагадненне, як адзін з яго бакоў, як раўнапраўны партнёр.

Прафзвязная лідарка дадала, што ўдзельнікі пагаднення яшчэ і павінны сачыць за тым, як яно выконваецца:

- У Генеральным пагадненні напісана: каб павысіліся цэны, спачатку павінны падвысіцца заробкі, потым - пенсіі, і толькі потым - цэны. А ў нас увесь час павышаюцца цэны, і заробкі з пенсіямі не паспяваюць за імі. Генеральнае пагадненне не выконваецца! Прафзвяз РЭП пастаянна робіць заявы, праводзіць пікеты і мітынгі - таму што мы лічым, што ўзровень жыцця падае, народ галее, а ФПБ маўчыць. Хоць Генеральнае пагадненне ў гэтых пытаннях, самых важных для жыцця людзей, не выконваецца. Значыць, мы будзем тармасіць бакі пагаднення на ўзроўні вобласці, калі мы туды трапім. Мы будзем сачыць, каб гэта трохбаковае абласное пагадненне выконвалася.

Мэту сваёй працы Зінаіда Міхнюк бачыць у наладжванні дыялогу паміж работнікамі, наймальнікамі і чыноўнікамі:

- Уся наша дзейнасць накіраваная на наладжванне сацыяльнага партнёрства з наймальнікамі, з уладай. Нельга ўвесь час жыць у стане вайны! У той жа Воршы пасля дармаедскіх пратэстаў праводзілі «круглыя сталы».

Зінаіда Міхнюк уважае, што шанцы ўвайсці ў камісію цалкам рэальныя.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках