11 траўня 2024, Субота, 6:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сяржант Вяжэвіч узяў Коржыча за шыю і спытаў, дзе ягоныя 5 рублёў»

13
«Сяржант Вяжэвіч узяў Коржыча за шыю і спытаў, дзе ягоныя 5 рублёў»
АЛЯКСАНДР КОРЖЫЧ

У Менску ўжо два тыдні дапытваюць пацярпелых паводле рэзананснай справы аб гібелі жаўнера ў Печах.

22 жніўня Менскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў судзе Маскоўскага раёна праводзіць адзінаццатае пасяджэнне паводле справы аб гібелі 21-гадовага жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Печах, паведамляе «Еўрарадыё».

Першым сёння дапытвалі Сяргея Пяшко. У паказаннях іншых пацярпелых ягонае прозвішча гучала вельмі часта. Пяшко праходзіў курс маладога байца ў 307-й школе разам з Аляксандрам Коржычам.

Пяшко распавёў, што, калі ў сяржанта Вяжэвіча і Коржыча паўстаў канфлікт падчас вучэнняў, сяржант штурхнуў шарагоўца ў акоп, не даваў вылезці адтуль і кідаў яму пад ногі рыдлёўкі. Раней пацярпелыя казалі, што Коржыч саскочыў у акоп сам.

У адным з пратаколаў допыту Пяшко яшчэ больш удакладніў гісторыю пра рыдлёўкі. Пацярпелы сцвярджае, што сяржант Вяжэвіч узяў Коржыча за шыю і спытаў, дзе ягоныя 5 рублёў. Коржыч адказаў, што нічога яму не вінны. Тады сяржант раззлаваўся і спытаў: «Ты што, [нецэнзурнае слова]?! Прыйдзем у казарму – пагаворым».

Нагадаем, цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі ў склепе медыцынскай роты вайсковай частцы 3 кастрычніка 2017 года. Ён правісеў у пятлі сем дзён. У жаўнера былі звязаныя ногі, а на галаву надзетая цішотка. Расследаванне гучнай справы доўжылася паўгода, разглядаліся тры версіі гібелі. У красавіку 2018 года Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці жаўнера ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя вайскоўцы кажуць, што ў Аляксандра Коржыча не было прычын зводзіць рахункі з жыццём.

На лаве падсудных - 23-гадовы Яўген Бараноўскі, 20-гадовы Ягор Скуратовіч і 23-гадовы Антон Вяжэвіч. Яны абвінавачваюцца паводле ч.1,2 арт.430 (атрыманне хабару службовай асобай) і ч.3 арт.455 КК (злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў). Бараноўскага таксама абвінавачваюць паводле ч.1 артыкула 205 (крадзеж). Ён віну прызнаў часткова паводле ўсіх артыкулаў, Скуратовіч і Вяжэвіч не прызналі ч.3 арт.455 - тую, якая тычыцца смерці Аляксандра Коржыча.

На пасяджэнні 21 жніўня пацярпелы Эдуард Казека распавядаў, што перад тым, як Коржыча знайшлі павешаным у падвале, у роце яго шукалі. У сваю чаргу былы шараговец Ахмад-Артур кажа, што па роце хадзілі чуткі - з Коржыча здзекаваўся нейкі вайсковец на КМБ.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках