«Далоў мафію»: у Малдове тысячы людзей пратэставалі супраць улады
1- 26.08.2018, 21:08
- 12,414
Паралельна з пратэстам апазіцыі ў Кішынёве адбыліся яшчэ дзве акцыі.
Сёння, 26 жніўня, у цэнтры сталіцы Малдовы Кішынёве адбыўся шматтысячны антыўрадавы пратэст. Пра гэта паведамляе liga.net са спасылкай на Radio Liberty.
Паводле паведамлення, людзі пратэставалі супраць палітыкі дзейнага ўрада, які ўзначальвае Дэмакратычная партыя з яе лідарам мільярдэрам Уладзімірам Плахатнюком.
Адзначаецца, што пратэст арганізавалі праеўрапейскія апазіцыйныя партыі Дзеянне і салідарнасць, Платформа Годнасць і Праўда, а таксама Ліберальна-дэмакратычная партыя.
Пратэстоўцы трымалі ў руках сцягі Малдовы і ЕЗ, выкрыквалі лозунгі "Далоў мафію", "Плахатнюка - у турму" ды іншыя.
СМІ пішуць, што паводле папярэдніх ацэнак, на пратэст выйшла блізу 15 тысяч чалавек.
Таксама сказана, што паралельна ў Кішынёве прайшлі яшчэ дзве акцыі, ад якіх лідарка антыўрадавай дэманстрацыі Мая Санд заклікала аддзяліцца, бо мяркуе, што яны былі скліканыя для зрыву акцыі апазіцыянераў. Адзін з паралельных пратэстаў быў супраць падвышэння коштаў на бензін.
5 ліпеня паведамлялася, што ў сувязі з пастановай Вярхоўнага суда Малдовы аб непрызнанні вынікаў выбараў мэра Кішынёва Еўрапейская камісія прыпыніла пастанову аб выдачы Малдове фінансавай дапамогі сумай €100 млн.