Беларускі бязвізавы рэжым не дзейнічае на большую частку транзітных пасажыраў
4- 27.08.2018, 22:00
- 14,960
Бязвізавы рэжым не дзейнічае на транзітных пасажыраў, якія праз Менск дабіраюцца ў расейскія гарады.
Час паміж пералётамі, які яны плануюць для прагулкі па беларускай сталіцы, яны вымушаны праводзіць у транзітнай зоне менскага аэрапорта, піша euroradio.fm.
У такой сітуацыі на днях апынуліся двое замежнікаў, якія ляцелі ў Маскву транзітам праз Нацыянальны аэрапорт «Менск». Яны запланавалі 6-гадзінную перасадку, каб з'ездзіць у горад. Але па прылёце ў сталіцу Беларусі, пасля праходжання пашпартнага кантролю, іх папярэдзілі, што ім нельга пакідаць трансферную зону, інакш яны не змогуць патрапіць назад на самалёт.
У Мытным камітэце растлумачылі: прычына менавіта ў тым, што замежнікі ляцелі праз Менск транзітам у Маскву. Такіх пасажыраў бязвізавы рэжым не закранае:
«Для транзітных пасажыраў, якія лётаюць праз Беларусь у Расейскую Федэрацыю, бязвізавы рэжым не дзейнічае. «Бязвіз» распаўсюджваецца на тых замежнікаў, якія хочуць ім скарыстацца з мэтай наведвання Беларусі. Ён дзейнічае для тых грамадзян, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт «Менск» і з'язджаюць і праз яго ў трэція краіны адносна Саюзнай дзяржавы. Усё гэта звязана з тым, што памежны кантроль на вылет з Беларусі ў Расею з боку памежнай службы не ажыццяўляецца, таму транзітныя пасажыры не могуць скарыстацца нашым «бязвізам» і выйсці ў горад. Для гэтага патрэбна хоць бы транзітная віза».
30-дзённы бязвізавы рэжым для замежнікаў пачаў дзейнічаць у Беларусі з 27 ліпеня. Масква пасля спынення авіязносін паміж Расеяй і Украінай - гэта асноўны напрамак транзіту праз менскі аэрапорт. Высветлілася, што беларускі бязвізавы рэжым вельмі «разборлівы» і робіць выключэнне для гэтай значнай часткі трансферных пасажыраў. Хоць, здавалася б, што можа быць лепш, чым турысты, якія прыязджаюць у краіну на пару гадзін, атаварваюцца, абедаюць і ляцяць далей?
Лепш хай сядзяць у аэрапорце!