11 жнiўня 2026, aўторак, 12:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Гуркоў: Я заўжды рызыкую

Віталь Гуркоў: Я заўжды рызыкую
Виталий Гурков

У кар’еры знакамiтага спартоўца – пераломны момант.

Шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў перастаў радаваць спартовымі поспехамі з мінулага лістапада. Апошняе яго гучнае дасягненне – пояс чэмпіёна свету ў версіі Kunlun Fight (кітайскі прамоўшн, адзін з самых топавых на планеце).

Чэмпіянат свету ў Мексіцы Гуркоў прапусціў, нейкіх гучных прафесійных баёў апошнім часам не праводзіў. Што здарылася - спартовец распавёў «Трыбуне».

– Я адабраўся на чэмпіянат свету, але не паехаў. Нечакана вылезла траўма, – баец пагаджаецца паказаць праблемную вобласць на торсе. Гэта выглядае страшнавата.

– Што за траўма?

– Пасля чэмпіянату Беларусі без якой-небудзь на тое прычыны ад грудзей пачало страляць у шыю, плячо, пад лапатку. Спачатку меркавалася, што здарыўся пералом храшча. Але да канца разабрацца не маглі нават свяцілы медыцыны. Рабілася МРТ усяго цела – ад пятак да галавы. Ішла размова пра аперацыю. Увогуле стаяла пытанне, ці змагу я працягваць займацца спортам. Знакаміты беларускі траўматолаг Валерый Бялан вобразна сказаў, што ступіца падшыпніка ад “Фальксвагена” да поўнай замены праходзіць 90 тысяч кіламетраў. Я ж цягам сваёй кар’еры праехаў нашмат далей, і памяняць нічога нельга. Траўма назапашвалася цягам доўгіх гадоў маёй спартовай дзейнасці.

– Ці рабілі аперацыю?

– Па-першае, такую аперацыю не робяць у Беларусі. Мяне адправілі да рэўматолагаў, праблема не вырашаная дагэтуль, ад аперацыі адмовіліся. Я быў двойчы на прыёме ў “двойцы”, прапанавалі ўкалоць “Дзіпраспан”. Я стаю на жорсткім кантролі WADA. Хоць перыартыкулярнае ўвядзенне гэтага прэпарату не з’яўляецца забароненым, мне выдалі даведку пра тэрапеўтычнае ўжыванне. У хуткім часе пачаў трэніравацца. Па вялікім рахунку ў мяне былі два тыдні, каб падрыхтавацца да чэмпіянату Еўропы. Падрыхтаваўся, як мог…

“На чэмпіянаце Еўропы рабіў тое, чаго не рабіў да гэтага ніколі”

Чэмпіянат Еўропы IFMA па муай-тай праходзіў у пачатку ліпеня. Віталь Гуркоў дайшоў да паўфінала, дзе перамог чэмпіёна свету-2017 Івана Грыгор’ева. А ў фінале прайграў па ачках крутому французскаму прафесіяналу Джымі В’ено.

– Раней ты браў тым, што ідэальна падводзіўся да стартаў. Але два тыдні – гэта несур’ёзна для падрыхтоўкі з нуля.

– Засумаваў па рынгу. Мне гэта было патрэбна, каб маральна ачысціцца. Да таго ж, я павінен быў пацвердзіць сваё месца ў нацыянальнай зборнай.

– Які твой заробак у зборнай?

– Нармальны.

– Гэта колькі?

– Каля 1500 рублёў. Зарплата плюс стыпендыя.

– Чэмпіянат Еўропы часам называюць турнірам дублёраў. Ці ведаў, што ў Прагу прыедуць такія бонзы, як Грыгор’еў і В’ено?

– Даведаўся за тыдзень да старту, калі з’явіліся афіцыйныя спісы ўдзельнікаў. Атрымалася, што на чэмпіянаце свету (завяршыўся ў Канкуне 19 траўня – Tribuna.com) мая вагавая катэгорыя была значна больш слабай, чым на чэмпіянаце Еўропы. Не кожны стаў адпраўляць каманду ў Мексіку. Далёка і дорага. А на Еўропу ў Прагу ў маёй вагавой прыехалі першыя нумары.

– Дык ці варта было ўдзельнічаць, рызыкаваць?

– Спорт – вялікая частка майго жыцця на дадзены момант. Я на сваім месцы, працую на сваёй рабоце. Чэмпіянат Еўропы быў незвычайным досведам. Я рабіў тое, чаго не рабіў да гэтага ніколі. Стаў у стойку леўшуна, каб праблемныя суставы атрымлівалі менш нагрузкі. У такой стойцы правёў тры баі. Спачатку план спрацоўваў. А ў фінале стойка згуляла мне дрэнную службу. Сапернік (Джымі В’ено – рэд) – таксама ляўшун. Яму было зручна біць па маёй пярэдняй правай. У першым раўндзе я прапусціў тры моцныя, балючыя лоў-кікі. Утварылася гематома, якая перашкодзіла нармальна перасоўвацца па рынгу. Але змагаўся, як мог. Улічваючы кантэкст, я задаволены вынікам. Прыехаў з чэмпіянату ў Мінск, мне паспяхова адкачалі гематому. Стан траўмаў не пагоршыўся. Таксама, паводле маіх дадзеных, калі б не маё стрэбра, то не было б трэцяга агульнакаманднага месца для зборнай. На мой медаль мы і абышлі французаў.

Гуркоў пра свой наступны, нелагічны бой: “Таму што гэта маё жыццё. Я заўжды рызыкую”

Наступны прафесійны бой Гуркова адбудзецца 5 жніўня на шоу ACB KB-16 у Пскове. Сапернік – вядомы бразілец Джонатан Алівейра. Таксама на турніры выступіць беларус Дзмітрый Варац (выйдзе супраць нідэрландца Дам’яна Ёхансана) і Аляксей Блізнёў, які, аказваецца, змяніў беларускі сцяг на расійскі.

Атрымліваецца, часу на падрыхтоўку ў Гуркова зноў мала. Прафесійны кікбоксінг – не самы моцны бок нашага байца, бо тут нельга клінчаваць. Джонатан Алівейра цяжэйшы, перабіўся з наймацнейшымі кікбаксёрамі свету, у яго “каменная” галава. У бразільца ўсё ў парадку таксама з цярплівасцю і хуткасцю. На думку некаторых, яго ўдар рукой мацнейшы, чым у Гуркова.

– Дык навошта ты зноўку рызыкуеш?

– Таму што гэта маё жыццё. Я заўжды рызыкую. Правілы кікбоксінга мне не падыходзяць? А мне гэта цікава.

– Але ж бой адбудзецца ў іншай вагавой катэгорыі.

– Сапраўды 77 кг – не мая вагавая. Звычайна хлопцы скідваюць сюды з 85 кг. Але такія правілы гульні. 75 кг у ACB KB няма. Спусціцца ў 70 кг я не змагу.

– Ці ўдаецца табе сёння праводзіць паўнавартасны трэніровачны лагер?

– Зрабіў вялікія аб’ёмы працы і ў парах, і на лапах. Трэнер Дзмітрый Пясецкі падрыхтаваў для мяне план заняткаў. Праўда, сам ён цяпер на зборах у Балгарыі, рыхтуе да баёў Аляксея Ігнашова, Пятра Раманкевіча і Забіта Самедава. Трэніравацца ў Мінску мне дапамагаюць Анатоль Іванавіч Ліс, які супрацоўнічаў са мной шмат гадоў таму. А таксама Канстанцін Міхайлавіч Маханькоў дапамагае зрабіць падводку цягам апошняга тыдня. Важна не перапрацаваць. Спрыяюць і хлопцы. Дзіма Валент (шматразовы чэмпіён свету і Еўропы па муай-тай, – рэд.) добра ведае саперніка, характар яго двубояў. Малады трэнер Руслан Пнеўскі трымае мяне на лапах і стаіць са мной у парах. Я думаю, што ўсё добра.

Пра дэбют на тэлебачанні: “Схадзіў перад гэтым тры разы на курсы размоўнай англійскай мовы”

Насамрэч на зборы ў Балгарыю Гуркоў не паехаў яшчэ і таму, што дэбютаваў на тэлебачанні ў якасці тэлекаментатара.

– Гэта быў турнін ACB KB-16 у Румыніі. Падзея адбывалася праз тыдзень пасля чэмпіянату Еўропы. Мы працавалі для тэлеканала Kombat Sport. Побач са мной быў прафесійны каментатар з Англіі Дэні Кендрык. Я рыхтаваўся да гэтай падзеі з хваляваннем. Перад вылетам у Румынію схадзіў тры разы на курсы размоўнай англійскай мовы ў Мінску. Курсы вядуць два амерыканцы, не ведаю, што яны тут забыліся. Сядзіш у групе вучняў, цябе падключаюць да гутаркі. Цікава для ўласнага развіцця.

На чэмпіянаце Еўропе я таксама імкнуўся больш гутарыць з замежнікамі. Да мяне напарнікам Кендрыка на каментатарскай пазіцыі быў Альберт Краус – першы чэмпіён К-1. Людзі з арганізацыі мяне адразу супакоілі: “Альберт па-англійску ўвогуле размаўляе рэдка, пераважна маўчыць, таму не хвалюйся, горш не будзе”. А напрыканцы сказалі, што ў мяне быў класны дэбют. Дарэчы, у каментаванні мне дапамог апошні гастрольны тур гурта “Ляпіс Трубяцкі” ў 2014-м.

– Чым гэта?

– Я шмат ездзіў разам з гуртом. Падчас перасоўвання па розных гарадах гуляў на смартфоне у бокс. Гульню вельмі эмацыйна суправаджаў электронны каментатар: “Boom! Incredible combination! He is in trouble! Amazing fight!”

Я вырашыў скарыстаць гэты досвед у Румыніі. Імкнуўся перадаваць эмоцыі падчас каментавання. Досвед удзелу ў музычным калектыве саслужыў мне яшчэ адну добрую службу. На каментатарскай пазіцыі былі вельмі дрэнна наладжаныя мікрафоны. Інтэршум быў загучны, саміх сябе не чулі. Тэхпадтрымка ўсё не прыходзіла, у Румыніі таксама не многія валодаюць англійскай. Перада мной быў пульт. Я сам пападкручваў узроўні і выправіў сітуацыю.

– Ці будзеш працягваць музычную кар’еру ў Brutto? Даўно не было відэа з тваім удзелам.

– Так. Па меры паступлення задач. 25 жніўня вазьму ўдзел у фестывалі “Навальніца”. Раней Brutto пабывала ў шэрагу буйных тураў. А зараз рабяты гастралююць па іншых праектах. Плюс Сяргей (Михалок, – Рэд.) робіць новы сольны праект, дзе стыль кардынальна зменіцца. Мне здаецца, выйдзе класна. А па Brutto патрэбна новая праграма, новы альбом. Патрэбна стваральная паўза для чагосьці новага. Усё ідзе па плане.

–У СМІ часта з’яўляюцца фота, на якіх ты – разам з Меліцінай Станютай. Але нідзе не было напісана, ці вы сустракаецеся…

–Насамрэч я стаміўся адказваць на гэта пытанне. Няўжо тут нешта не зразумела!

“Стаўку робяць на тую ж савецкую сітэму: вялікая дзяржава, нехта праб’ецца. Першы шэраг расстралялі – другі падышоў”

Першы трэнер Віталя Гуркова – легендарны беларускі баец Дзмітрый Пясецкі. За 20 гадоў супрацы ў тандэма былі розныя часы. Гуркоў паралельна супрацоўнічаў з іншымі спецыялістамі, але працягваў займацца і ў свайго галоўнага трэнера. У ліпені па сацсетках прайшла інфармацыя, што клуб Дзмітрыя Пясецкага “Патрыёт” – на мяжы знікнення. Сутнасць канфлікту ў тым, што трэнер паспрабаваў ўзяць у арэнду і абсталяваць новую вялікую залу на вуліцы Ляшчынскага ў Мінску. У самы важны момант адкалоўся інвестар. Чыноўнікі з Фрунзенскага раёна не сталі ўваходзіць у становішча, пачалі выганяць байцоў з новай залы і ўключылі лічыльнік…

– Напэўна, лепш пра гэта казаць тым, хто кампетэнтны. Зала, якая ў нас цяпер ёсць, – у падвале. Там сыра, непрыкольна. Паціху нешта зрабілі – столь, насціл. А вось з дргуім памяшканнем сумная гісторыя…

– Калі спартовую кар’еру пачыналі юныя Віталь Гуркоў, Андрэй Кулебін, Аляксей Ігнашоў, Дзмітрый Шакута, то адразу было зразумела, што ўсе пералічаныя – патэнцыйныя зоркі.

– Наконт сябе я б так не сказаў…

– Ты стаў чэмпіёнам свету сярод дарослых ва ўзросце 16 гадоў. Сёння такіх байцоў у Беларусі больш няма. Што адбываецца з нашым муай-тай?

– У свеце від спорту імкліва развіваецца, клас сапернікаў расце. Спаборніцтваў – мноства, выдзеліцца складана. Не хачу нікому нічога даказваць, але сярод усіх байцоўскіх відаў спорту муай-тай – адзін з самых папулярных. Больш касавы, чым некаторыя алімпійскія віды. У той жа час, свет і жыццё робяцца ўсё больш разнастайнымі, вельмі шмат спакусаў. І вось паўстае важнае пытанне: што можа заматываваць беларускага падлетка, каб той займаўся гэтым балючым, цяжкім, небяспечным відам спорту?

– Грошы, перспектывы, рамантыка…

– Рамантыка – гэта для рамантычных. Бабло, аўтарытэт і сацыяльныя ліфты – вось што можа ўтрымаць сучаснага беларускага падлетка. Але ці робішся ты ў Беларусі аўтарытэтам, калі выйграеш чэмпіянат свету? Не. Хто сёння аўтарытэт? Той, у каго апошні Хbox, апошні айфон, дарагое аўто, грошы... Часам на чэмпіянаце Беларусі адбаксіруеш і не ведаеш, як на крэсла сесці, каб ногі не балелі. Ляжыш і думаеш – а нахалеру гэта? Таму трэба быць выдраным з асяроддзя, трэба быць фанатам, каб прафесійна займацца гэтым у Беларусі. Ды што муай-тай! Я ўцэлым цяпер кажу пра прафесійны спорт.

– Як даць нашаму спорту новы штуршок і спыніць рэгрэсію?

– Не ведаю, я не займаюся падрыхтоўкай прафесійных спартоўцаў. Магу толькі дзяліцца меркаваннямі. У часы майго юнацтва таленты нараджаліся ў мясарубцы. І сёння, мне здаецца, стаўку робяць на тую ж савецкую сітэму: вялікая дзяржава, нехта – ды праб’ецца. Першы шэраг расстралялі – другі падышоў. Хоць вельмі многіх траўмаў, што здараюцца з-за перагрузу, можна было б і пазбегнуць. А для гэтага апроч прафесійных вузкаспецыялізаваных заняткаў у спартсмена павінна быць якасная лячэбная фізкультра, узнаўленчая работа, каб цягам спартовай дзейнасці цела не руйнавалася. Нельга выціскаць сокі да апошняга. Чалавечыя запчасткі – гэта не ступіца падшыпніка ад “Фальксвагена”, табе нічога не заменяць.

– Не аднойчы чуў ад зорак беларускага спорту, што на паперы ў нас ёсць і псіхолагі, і лекары-рэабілітолагі, але на справе прафесійных спецыялістаў мала…

– Вялікае ўпушчэнне, што ў нас не хапае важных спецыялістаў – спартовых псіхолагаў, масажыстаў і многіх іншых. Што тычыцца дзіцяча-юнацкага спорту, тут таленавітыя і прафесійныя псіхолагі павінны праводзіць селекцыю. Важна, каб працаваў маркетынг: паказаць дзіцяці гэты від спорту, заманіць яго, зацікавіць, даць матывацыю на кожным этапе.. І гэта – вялікая праца. Лічу, што падыходы трэба мяняць. Мы не Кітай, у нас няма мільёна спартменаў, каб дарэшты выціскаць з чалавека ўсе сокі. Хоць нават у Кітаі так ужо не робяць. Беларусь – не такая ўжо і вялікая краіна. А тых, хто жадае займацца прафесійным спортам, мала. У нас ёсць, скажам, дзясятак спартсменаў, і да іх павінен быць прафесійны падыход. Іх трэба цаніць, пісьменна весці па дыстанцыі.

– З нагоды траўмы, ці задумваешся пра сваю будучыню без спорту?

– Як бы не склалася жыццё, па-любому я хачу быць каля спорту. У хуткім часе я адкрыю сваю залу – маленькую, утульную, у добрым месцы. Гэта заканамернае развіццё кар’еры прафесійнага спартсмена. Не зараз, але ў будучыні хацелася б працаваць з дзецьмі. Перадаваць свой жыццёвы і прафесійны досвед, натхняць і запальваць сэцры да дзеяння. Калі ты верыш, ты можаш зрабіць усё. Можаш стаць рок-музыкам і адначасова баксіраваць. І не трэба для гэтага нікуды з’язджаць. Хочаш стаць крутым спартсменам? Калі ласка. Няма межаў. Ёсць праца, ёсць мэта. Час усё расставіць па месцах. Даецца кожнаму па працы яго.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках