Z-блогеры ў Расіі прызналі, што Пуцін цалкам адарваны ад рэальнасці
4- 11.08.2026, 11:57
- 2,668
Дыктатар не разумее рэальнай карціны на полі бою і займаецца самагіпнозам.
Расійскія праваенныя блогеры ўжо адкрыта ставяць пад сумнеў заявы кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна пра поспехі арміі РФ у вайне супраць Украіны.
На гэта чарговы раз звярнуў увагу журналіст Дзяніс Казанскі у сваім новым відэа.
Паводле яго слоў, расійскія Z-спікеры ўжо наўпрост кажуць, што на асобных напрамках расійскія войскі не наступаюць, а страчваюць пазіцыі. Пры гэтым яны дапускаюць, што Пуціну дакладваюць скажаную інфармацыю пра сітуацыю на фронце, і дыктатар проста не ў курсе рэальнай карціны.
Некаторыя расійскія ваенблогеры называюць тое, што адбываецца, «самагіпнозам» і баяцца, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ літаральна адрываецца ад рэальнасці.
Адзін з іх нават праводзіць паралелі паміж Пуціным і Мікалаем II, які падчас Першай сусветнай вайны таксама атрымліваў аптымістычныя даклады на фоне велізарных праблем расійскай арміі насамрэч.
Паводле Z-блогераў, для РФ узнікае замкнёнае кола: крамлёўская прапаганда распавядае пра поспехі, кіраўніцтва бачыць гэтыя паведамленні і выкарыстоўвае іх як аснову для сваіх заяваў, пасля чаго прапаганда працягвае распаўсюджваць яшчэ больш аптымістычныя тэзісы.
Пры гэтым нават ваенблогеры ўжо прызнаюць, што грамадства стамілася ад вайны. Казанскі лічыць, што падобная сітуацыя з няправільнай ацэнкай з боку Крамля ўжо назіралася раней – перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання, калі расійская прапаганда пераацэньвала магчымасці ўласнай арміі і недаацэньвала здольнасць Украіны абараняцца.
У выніку гэта прывяло да сапраўднай катастрофы для Масквы: велізарных страт, падзення рэпутацыі і цяжкага эканамічнага крызісу.