27 красавiка 2024, Субота, 4:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лішні раз у пушчу не ходзім»: Чым жыве Новы Двор пасля знікнення Максіма Мархалюка

3
«Лішні раз у пушчу не ходзім»: Чым жыве Новы Двор пасля знікнення Максіма Мархалюка

З часу знікнення хлопчыка прайшоў год.

Роўна год таму, 16 верасня 2017 года, у Белавежскай пушчы знік Максім Мархалюк. Маленькага жыхара аграгарадка Новы Двор Свіслацкага раёна спачатку шукала міліцыя і мясцовыя жыхары, а потым да пошукаў падключыліся валанцёры. У нейкі момант пошукавая аперацыя набыла агульнарэспубліканскі маштаб. На жаль, хлопчыка так і не знайшлі. Праз год tut.by пабываў у Новым Двары.

Цяпер у мястэчку нічога не нагадвае аб тым, што здарылася. Нават аб'яў з прыметамі зніклага хлопца няма. Хоць летась імі былі абклееныя ўсе слупы. Аднак мясцовыя кажуць, што і без паперак добра памятаюць Максіма.

Гісторыя са зніклым хлопчыкам усё ж змяніла алгарытм жыцця ў аграгарадку: цяпер дзяцей дарослыя імкнуцца ў лес асабліва не пускаць.

Фото: tut.by

- Ды і самі лішні раз у пушчу не ходзім, бо ўсё адно незразумела, што тады здарылася з Максімам, і дзе ён знік. Шмат пытанняў, адказаў на якія няма, - кажуць у аграгарадку.

Фото: tut.by

Год таму ў мястэчку было шумна і шматлюдна. У адзін з восеньскіх дзён мінулага года сюды з'ехалася больш за дзве тысячы валанцёраў з усёй Беларусі. Пошукавую аперацыю правялі ў суботу, 23 верасня 2017 года. Тады тут разгарнуліся штабы пошукавых атрадаў, была задзейнічаная авіятэхніка, па лясных дарогах ездзілі квадрацыклы і пазадарожнікі. Лес падзялілі на квадраты. Міліцыя, следчыя, ратавальнікі і вайскоўцы абследавалі найбольш цяжкадаступныя месцы, валанцёры аглядалі лясныя масівы і закінутыя дамы. На жаль,

Фото: tut.by

У верасні 2017 года ў Новы Двор прыязджала шмат валанцёраў.

Фото: tut.by

Прадстаўнікі праваахоўных органаў потым распавядалі, што адразу пасля знікнення Максіма была распачатая вышуковая справа, у рамках якой і праводзіліся пошукава-выратавальныя працы. Крыху пазней Следчым камітэтам была распачатая і крымінальная справа. А потым хлопчыка абвясцілі ў міжнародны вышук. Сам жа пошук быў арганізаваны практычна адразу ж пасля заявы бацькоў.

Фото: tut.by

Следчыя правялі за мінулы перыяд каласальную працу, праверыўшы ў тым ліку дзясяткі розных версій, якія вылучалі і мясцовыя жыхары, і валанцёры, і нават заезджыя экстрасэнсы. Людзі казалі пра тое, што хлопчыка скралі ці ён патануў у балотах, або, спалохаўшыся дзікіх звяроў, уцёк у лес і там згубіўся. Былі версіі, што дзіця трапіла за мяжу і нібыта проста ўцякло з дома.

Фото: tut.by

Аператыўны каментар у Следчым камітэце аб тым, як цяпер ідзе расследаванне справы аб знікненні хлопчыка, атрымаць не ўдалося. Аднак мясцовыя жыхары распавядаюць, што нядаўна ў іх дамы зноў сталі наведвацца праваахоўнікі.

- Але што ж яны думаюць, што праз год яго нехта хавае ў пограбе ці ён з'явіўся ў доме нейчым? - пытаецца жыхарка аграгарадка Марына Іванаўна. І гэтае пытанне павісае ў паветры.

Фото: tut.by

У абедзенны перапынак у цэнтры мястэчка становіцца шматлюдна. Едуць на абед работнікі СВК і канторскія службоўцы, заязджаюць па шляху на «роварах да крамы», падцягваюцца пенсіянеры і маладыя мамы. Паралельна абмяркоўваюць апошнія навіны: бульбу вось пачалі капаць на палях гаспадаркі, а нядаўна ў мястэчку адкрылі дзве новыя прадуктовыя крамы, аптэку перанеслі ў будынак клуба. Пра Максіма, здаецца, ужо і не ўспамінаюць. Але гэта толькі на першы погляд.

- Ой, ужо год прайшоў? А здаецца, як учора ўсё было, — кажа прадавачка адной з крам. Успамінае, што тады, год таму, таксама хадзіла шукаць хлопчыка. Некалькі дзён з усімі астатнімі прачэсвала лес.

- Але ўсё беспаспяхова — - уздыхае дзяўчына і спяшаецца на сваё працоўнае месца.

Пасля таго, як з пасёлка з'ехалі валанцёры, пошукамі хлопчыка займалася ў першую чаргу міліцыя. На месца выязджалі супрацоўнікі са Свіслацкага, Слонімскага, Зэльвенскага, Мастоўскага РАУС, а таксама вайскоўцы ўнутраных войскаў і супрацоўнікі МНС. Яны зноў абследавалі найбольш цяжкія і непраходныя, забалочаныя месцы. На зімовы перыяд актыўная фаза пошукавых работ была згорнутая. Яна, са слоў мясцовых жыхароў, зноў пачалася з надыходам цяпла.

Фото: tut.by

- Казалі, што нават возера будуць спускаць. Але пакуль нічога не зрабілі, - кажуць жанчыны ў краме.

Фото: tut.by

— А які гэта дзень быў, калі ён некалькі гадоў таму тануў? 15-е? 16-е? А знік 16 верасня. Ад лёсу не пойдзеш, — уздыхаюць пакупніцы і дадаюць, што ў пасёлку знікненне Максіма абмяркоўваць не перасталі, але версій новых не вылучаюць, а толькі часам адзін у аднаго пытаюцца: дзе ён, што з ім? Адказаў, на жаль, няма.

Фото: tut.by

- Больш версій, чым тады было выказана, ужо не будзе, - кажа прадавачка.

Агучваць зноў іх не хоча. Заўважае, што жыхары стаміліся ад сталых пытанняў следчых і міліцыі. У пасёлку апыталі ўсіх.

- Да некаторых дык і некалькі разоў прыходзілі, - кажуць.

Жанчыны ўспамінаюць, што хлопчык не ўмеў плаваць, у лесе не арыентаваўся, хоць спачатку ўсе былі ўпэўненыя: згубіцца ў пушчы не можа, бо вырас практычна на прыродзе.

Фото: tut.by

— А мама яго чакае і, вядома, верыць, што ён вернецца. Часам, ведаеце, увечары ў двары штосьці зашамаціць, дык я кідаюся ў цемры з ліхтарыкам. Першая думка: «можа гэта Максіма падкінулі да нас». Мы ж недалёка ад дарогі жывем, - кажа мясцовая жыхарка.

Валянціна, мама Максіма, гутарыць з журналістамі адмаўляецца, толькі адмоўна круціць галавой і хутка хаваецца ў краме.

У школе, дзе вучыўся хлопчык, зноў падымаць тэму зніклага дзіцяці не хочуць. І просяць не турбаваць пытаннямі аднакласнікаў Максіма. Хлопцы вельмі моцна перажывалі прапажу хлопчыка. З некаторымі дзецьмі нават працавалі псіхолагі.

- Ідзе следства. Вось калі яно скончыцца, тады, можа быць, пагаворым. Ды і дзяцей чапаць не трэба. Для іх, ды і для дарослых таксама, гэта вялікая траўма. Не трэба ім нагадваць пра тое, пра што яны і так добра памятаюць, — кажа дырэктарка школы Ала Ганчарэвіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках