27 красавiка 2024, Субота, 1:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея без нафты: Мядзведзеву паведамілі пра будучы калапс здабычы

13
Расея без нафты: Мядзведзеву паведамілі пра будучы калапс здабычы

Расея набліжаецца да моманту, калі здабыча нафты ў краіне пачне імкліва падаць.

Пра гэта ў аўторак на нарадзе ў прэм'ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева заявіў кіраўнік Мінэнэрга Аляксандр Новак.

Па выніках года, расейскія нафтавыя кампаніі атрымаюць 553 млн тон сырой нафты, да 2021 года здабыча выйдзе на пік на 570 млн тон, піша finanz.ru.

Калі нічога не рабіць, то з 2022 года пачнецца спад вытворчасці і цягам 14 гадоў здабыча абрынецца амаль удвая, папярэдзіў Новак.

"Калі мы нічога не будзем рабіць, у 2035 годзе мы можам знізіць здабычу да 310 млн тон, гэта значыць страціць 243 млн тон", - сказаў міністр.

Рэсурсная база ў краіне дэградуе, старыя, яшчэ савецкія радовішчы з таннай у здабычы і лёгкай для здабывання нафтай высільваюцца. За апошнія 10 гадоў сярэдні дэбіт свідравін знізіўся на 4%, пры гэтым свідраваць даводзіцца амаль удвая больш, распавёў Новак.

Кошт здабычы адной тоны нафты ўзляцеў у 2,4 разы, капітальныя выдаткі павялічыліся ў 2,8 разы. Асабліва востра гэтая праблема стаіць у Заходняй Сібіры, якая цяпер з'яўляецца асноўным здабывальным рэгіёнам у Расеі, забяспечваючы кожны другі барэль, здабыты з нетраў.

Калі сітуацыя ў рэгіёне захаваецца, то з цяперашніх 330 млн тон на год да 2035 года здабыча ўпадзе да 180 млн тон, гэта значыць у 1,8 разы. Пры песімістычным сцэнары спад будзе больш чым двухразовым - да 146 млн тон, паведаміў Новак.

Гэта азначае, што бюджэт не зможа дазволіць сабе ранейшы аб'ём нафтагазавых збораў, падкрэсліў міністр: падаткі давядзецца зніжаць, каб вызваліць сродкі для распрацоўкі дарагіх пакладаў.

Цяпер у сярэднім нафтавыя кампаніі аддаюць дзяржаве 68% прыбытку - гэта адзін з самых высокіх падаткаў у свеце, заявіў Новак.

Але праблема не толькі ў залежнасці расейскага бюджэту ад нафтарублёў, якія забяспечваюць 40% яго даходаў. Санкцыі Захаду адрэзалі нафтагазавую галіну ад сучасных тэхналогій, у той час як уласных ў Расеі практычна няма, адзначае дырэктар энэргетычнага цэнтра пры Маскоўскай школе кіравання "Сколкава" Таццяна Мітрова.

Са звестак Мінпрыроды, за апошнія 2 гады ў краіне не было ўведзена ў эксплуатацыю ніводнага новага радовішча газу, не атрымалася адкрыць ніводнага буйнога радовішча нафты, а працы на арктычным шэльфе давялося прыпыніць.

Ключавой праблемай становіцца немагчымасць падтрымліваць здабычу на старых радовішчах, тлумачыць Мітрова: для гэтага патрабуецца гідраразрыў пласта. Але за ўвесь час санкцый у краіне не было створана ніводнага ўласнага флоту ГРП, а існы флот імкліва занепадае.

"Падманліва нізкі сённяшні эфект санкцый не павінен уводзіць у зман: у доўгатэрміновай перспектыве яны ў стане паставіць пад пагрозу падтрыманне аб'ёмаў здабычы і развіццё экспартнай трубаправоднай інфраструктуры, паступова выціскаючы Расею з вонкавых рынкаў, звужаючы каналы атрымання даходаў ад экспарту і падрываючы ўстойлівасць нацыянальнай эканомікі", - папярэджвае Мітрова.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках