15 снежня 2018, Субота, 6:26
Дзякую вам
Рубрыкі

Роднае

9
Андрэй Саннікаў

Юбілей аднаго музычнага праекта.

Нагадалі мне тут пра юбілей адной падзеі, да якой я маю непасрэднае дачыненне, пра што дагэтуль увогуле і не расказваў.

Цяпер распавяду.

Падзеі гэтыя назву «Роднае». Дзесяць гадоў таму пабачыў свет альбом Аляксандра Растопчына з такой назвай. А пачыналася ўсё 11 гадоў таму.

Я неяк задумаўся: чагосьці не стае мне ў сучаснай беларускай музыцы. Ёсць выдатныя выканаўцы, ёсць нядрэнная сучасная музыка: і рок, і фолк, і эстрада, і спробы рэпу, а чагосьці не стае.

У свой час сенсацыяй стаў праект MTV «Unplugged» ,г.зн. акустычныя канцэрты рок-зорак першай велічыні. Эрык Клаптон, Род Сцюарт, Пол Макартні, Нірвана - гэта было проста шыкоўна. Зусім новае, фантастычна свежае гучанне знаёмых гітоў. Кожны такі канцэрт у 90-я станавіўся падзеяй.

А яшчэ мне падабалася сімфанічнае выкананне добрай рок-музыкі.

І вось на стыку гэтых двух невыразных адчуванняў я стаў думаць, што ж такоўскага можна зрабіць у Беларусі.

Я быў і застаюся адданым прыхільнікам «Песняроў». Ведаю іх яшчэ з часоў «Лявонаў». Цягам 30 з гакам гадоў хадзіў на ўсе іх канцэрты, усе новыя праграмы. Іх шматгалоссе, шчодрыя аранжыроўкі, і магутныя гітарныя партыі былі для мяне ўзорам музычнай культуры. Доўгі час гэта было найлепшае, што можна было пачуць на нашых прасторах.

РАСТОП (КАЛАЖ КП У БЕЛАРУСІ)

Песняроўскі падыход да знаёмых мелодый дагэтуль зачароўвае. У «Песнярах» працаваў і легендарны Растоп, Аляксандр Растопчын, лід-гітарыст, з якім я знаёмы. Я з вялікай цікавасцю сачыў за ягонай творчасцю ў Нью-Ёрку, дзе ён жыве з 1993 года. Саша – вельмі моцны блюзмэн, а на гітары вырабляе штосьці неверагоднае.

І вось усё склалася. Захацелася, каб з'явіўся вянок знакавых для Беларусі мелодый у сучаснай незвычайнай аранжыроўцы сусветнага ўзроўню ў выкананні Растопа. Прыкінуў прыкладны спіс мелодый і, хвалюючыся, пагаварыў з Сашам. Не памятаю, дзе мы размаўлялі: у Нью-Ёрку ў яго дома ці ў Менску, хутчэй - і там, і там. Я начарна патлумачыў сваю ідэю.

УЛАДЗІМІР МУЛЯВІН

Саша паставіўся да яе трохі скептычна. Я хацеў менавіта ягонай блюзавай гітары з яркімі гітарнымі рыфамі, ён казаў, што гэта будзе крыху спрошчана. У Сашы да таго часу ўжо была інструментальная версія «Ой рана на Івана». Уласна яна была для мяне дадатковым штуршком дамовіцца менавіта з ім, бо гэта было тое, што трэба. А для яго гэта наогул знакавая кампазіцыя. Ён яшчэ дзіцем пачуў яе на канцэрце «Песняроў» і абамлеў. Сам ён кажа, што «проста ўсікаўся». Для мяне такім багаццем была «І туды гара, і сюды гара». Тое, што Мулявін зрабіў з гэтай рэччу, проста шакуе. У 2-хвілінную песню ён ўклаў нейкую неймаверную колькасць музычных ідэй. Вось такі падыход да аранжыровак і быў патрэбны. І яшчэ трэба было натуральнае адчуванне Беларусі.

Увогуле, мы дамовіліся паспрабаваць. Надумалі пачаць з Агінскага «Развітанне з радзімай» і «Ой рана на Івана». Саша пачаў працаваць у студыі ў Нью-Ёрку, а мне трэба было распрацаваць дэталёвую канцэпцыю будучага альбома, адабраць усе мелодыі. Я пачаў з апытанняў сяброў і знаёмых, якія песні яны ўважаюць за знакавыя для Беларусі. Не вельмі гэта дапамагло. Акрамя трох-чатырох бясспрэчных і вядомых мелодый з нязменнай «Купалінкай» на чале спісу называліся ў асноўным тыя ж «Песняры» або сучасныя гурты. Гэта было не зусім тое, чаго я хацеў.

Спыніўся на іншым падыходзе: хай не ўсе матывы будуць стоадсоткава пазнавальныя, але павінна быць выразная канцэпцыя. З самага пачатку я разважыў, што ўсё гэта павінна быць змешчана ў еўрапейскі кантэкст, для чаго ў канцы павінна гучаць «Ода да радасці» Бетховена, гімн Еўропы, а заканчваць - «Магутны Божа», духоўны гімн Беларусі.

Хацелася паказаць і прыгажосць, і разнастайнасць, і мужнасць, і духоўнасць Беларусі. Значыць, павінны ўвайсці, умоўна кажучы, і маршы, і вальсы, і духоўная музыка. Увогуле, хацелася, каб гэта была незвычайная музычная візітоўка, сучасная і змястоўная.

У выніку атрымаўся вось такі спіс твораў для будучага альбома:

1. Развітанне з Радзімай

2. Пагоня

3. Зорка Венера

4. Купалінка

5. L'aurore (вальс)

6. Ой рана на Івана

7. Ой сівы конь бяжыць

8. Мы выйдзем шчыльнымі радамі

9. Ода да радасці

10. Магутны Божа

Шчыра кажучы, я пабойваўся брацца сам за прадзюсаванне. Спрабаваў зацікавіць праектам знаёмых, нават сур'ёзных заходніх прадзюсараў. Аднак, чым больш размаўляў на гэтую тэму, тым больш зразумела станавілася, што лепш рабіць усё самому, каб не сапсаваць ідэю.

Працавалі мы праз інтэрнэт. Вось часы надышлі! Працавалі праз акіян - і ніякіх нязручнасцяў. Растоп запісваў у студыі варыянт і дасылаў для праслухоўвання і ацэнкі. Якія я мог даваць ацэнкі маэстра?! Толькі цудоўныя. Аднойчы я нясмела паспрабаваў даць яму параду. А ці не зрабіць «Магутны Божа», як Хендрыкс зрабіў амерыканскі гімн у Вудстоку? Так, каб гітара і стагнала і раўла? Саша прамаўчаў, а потым даслаў такую версію, што мурашкі па скуры і дыханне перахапляе.

У нейкі момант праца ў Нью-Ёрку перапынілася. Можа, надакучыла, але Саша раптам сказаў, што, на ягоны погляд, сямі кампазіцый для альбома дастаткова, і ён не бачыць сэнсу запісваць яшчэ. Я запанікаваў, бо думаў, што патрэбныя былі яшчэ мінімум тры. Нарэшце атрымалася Сашу ўгаварыць, і ён вельмі хутка запісаў адсутныя мелодыі, сярод якіх была «Аўрора». Я доўга шукаў якое-небудзь вытанчаны і лёгкі твор, якога, на мой погляд не ставала для закончанасці альбома. Знайшоў у Напалеона Орды вальс «L'aurore».

З самага пачатку я падумаў, што буду дамагацца якаснай падачы матэрыялу. Растоп працаваў на найвышэйшым кампазітарскім і выканальніцкім узроўні, які нельга было псаваць неадэкватным узроўнем афармлення. Таму кожная дэталь была важная. Не хацеў рабіць у звычайнай пластмасе, хацелася добрай якасці кардонную раскладанку.

Доўга думаў над назвай. Мне хацелася, каб яна была ёмістай і прывабнай не толькі для беларускага вуха, але і для замежнікаў. Я абкатваў розныя варыянты назваў на знаёмых ангельцах, немцах, французах, паляках. Пытаўся, наколькі яна фанетычна мілагучная і цікавая на іх мовах. Было блізу дзясятка назваў. Выбраў «Роднае». Яно найбольш дакладна адказвала канцэпцыі, выдатна гучала і выглядала графічна.

МАЛЕНЬКАЯ РУЧКА, ЯКАЯ ДАПАМАГЛА АФОРМІЦЬ ВОКЛАДКУ

Над вокладкай таксама доўга галаву ламаў. Нарэшце адмовіўся ад гістарычных, фальклорных развязанняў і абраў простае і для мяне дарагое. Цяпер магу прызнацца: на вокладцы - мая далонь, у якой ляжыць ручка паўгадовага сына Данькі. Знята ў Еўропе падчас першага ў жыцці ягонага выезду за мяжу. Знята на лічбавую мыльніцу, проста так, як спроба. Але менавіта гэтае фота было ключом да візуальнага развязання.

Спачатку я хацеў, каб на пярэднім баку вокладкі была фатаграфія далоняў, а на заднім што-небудзь іншае. Потым амаль выпадкова прыклаў адну да адной дзве аднолькавыя выявы і ахнуў: атрымаліся зусім незвычайныя крылы.

КРЫЛЫ

Унутры вокладкі трэба было нешта, што пераклікалася і развівала б ідэю дзвюх далоняў, дарослай і дзіцячай. Падумаў, што трэба зрабіць Беларусь, якая ляжыць на «далоні» ў Еўропы. Атрымалася вельмі выдатна, такая канцэптуальная геаграфія. На самім дыску была мая далонь, а пад дыскам-Еўрапейская.

БЕЛАРУСЬ НА ДАЛОНІ ЕЎРОПЫ

Да альбому прыкладаўся яшчэ і буклет, у якім мне хацелася маляўніча прывязаць музыку да сучаснасці, і не проста да сённяшняга дня, а да нашай барацьбы за свабоду. Паводле такога прынцыпу і падабраныя фатаграфіі ў буклеце

У жніўні 2008 года альбом убачыў свет. Выйшла ўсё так, як задумвалася. Добрая якасць запісу ў добрай якасці кардоннай вокладкі-раскладанкі. Выпушчана было, па-мойму, блізу 2 000 копій, усё разышлося вельмі хутка. Нешта вытворцы пусцілі ў продаж. Належныя мне копіі я аддаў для бясплатнага распаўсюду. Дагэтуль шкадую, што не ўзяў сабе больш. Цяпер застаўся апошні дыск. Перадапошні быў падораны Дэвіду Гілмару з Пінк Флойда.

ДЭВІД ГІЛМАР І «РОДНАЕ»

На альбоме сам Растоп грае на гітарах – электра, акустычнай і дванаццаціструннай, на банджа, мандаліне, укелеле, гавайскай гітары (якая так гучыць дзякуючы бутэлькаваму рыльцу, якім ён грае), бас-гітары, электра клавішных, перкусіі. Акрамя яго ў запісе ўзялі удзел два выдатныя амерыканскія музыкі: Ірвін Гросман (труба, флюгельгорн) і Сюзан Гросман (валторна).

Я дагэтуль слухаю гэты альбом з задавальненнем. Па-мойму, Растоп стварыў шэдэўр.

ІРВІН І СЮЗАН ГРОССМАН

Дзівосныя аранжыроўкі, у якіх кожны раз адкрываеш нешта новае, сваё. Усе кампазіцыі звязаны вытанчанымі «інтра і аўтра», што надае «Роднаму» цэласць.

Кожны раз дзівішся, як глыбока, свежа гучыць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», дзе з'яўляецца фантастычная труба, якая і смуткуе, і кліча за сабой. Гэтая ж труба пачынае бег «Пагоні». У «Купалінцы» тыповыя гітарныя рок-рыфы праз зусім незвычайнае гучанне гітары ствараюць нейкае новае вымярэнне. Вынаходлівы Растоп у «Зорку Венеру» ўплёў кветку з «Ты мне вясною прыснілася», а ў вальсе Напалеона Орды можна адрозніць і скрыпкі салонаў, і музыку салунаў.

Я цалкам задаволены сваім першым прадзюсарскім досвед і пешчу таемныя планы працягнуць праект «Роднае».

Дзякуй, маэстра, за давер!

Жыве Беларусь!

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»