27 красавiка 2024, Субота, 0:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Die Welt: Калі Крэмль не можа знайсці ворагаў, то іх прыдумляе

Die Welt: Калі Крэмль не можа знайсці ворагаў, то іх прыдумляе

За апошнія гады расейскія спецслужбы арыштавалі больш за 360 меркаваных «шпіёнаў».

Пры гэтым абвінавачванні абгрунтаваныя толькі ў рэдкіх выпадках, адзначае журналіст нямецкага выдання Die Welt (пераклад - inopressa.ru) Павел Лакшын.

Арыштаваны Пол Уілан, ветэран войскаў марской пяхоты ЗША, які нібыта набыў флэшку з канфідэнцыйным спісам супрацоўнікаў адной з расейскіх устаноў у сферы бяспекі, выглядае ў вачах расейскай грамадскасці ідэальным шпіёнам. «Кім бы ні быў Уілан напраўду, ягоны выпадак упісваецца ў тэндэнцыю, якая пакуль закранула ў асноўным мясцовых жыхароў і толькі некаторых замежнікаў: Расея цягам некалькіх гадоў ахопленая шпіёнаманіяй», - канстатуе аўтар артыкула.

Летась прэзідэнт Пуцін заявіў, што ў адным толькі 2017 годзе ў Расеі была спыненая дзейнасць больш чым 360 агентаў і супрацоўнікаў замежных спецслужбаў. Пры гэтым, заўважае журналіст, «многія з вядомых выпадкаў апошніх гадоў, гаворка ў якіх ішла аб шпіянажы або аб дзяржаўнай здрадзе, больш падобныя на беспадстаўныя абвінавачванні».

Так, у дзяржаўнай здрадзе абвінавацілі Святлану Давыдаву, хатнюю гаспадыню і маці семярых дзяцей, якая пачула ў маршрутцы, як вайсковец распавядаў пра камандзіроўку ва Украіну, і патэлефанавала пасля гэтага ва ўкраінскае пасольства. «Давыдавай пашанцавала: крымінальная справа была спыненая, абурэнне СМІ і ціск грамадскасці апынуліся занадта моцнымі», - адзначае выданне.

«Большасці іншых абвінавачаных у шпіянажы пашанцавала менш, - прадаўжае журналіст. - Пятра Парпулава, авіядыспетчара сочынскага аэрапорта, абвінавацілі ў тым, што падчас адпачынку ў Грузіі ён перадаў грузінскай выведцы звесткі пра палёты расейскіх вайсковых верталётаў. Абвінавачванне нават не знайшло часу падаць доказы таго, што Парпулаў наогул меў гэтую канфідэнцыйную інфармацыю. У 2016 годзе авіядыспетчар быў прысуджаны да 12 гадоў калоніі».

Тры гады таму ў турме памёр прафесар Яўген Афанасьеў, якога асудзілі за разгалашэнне дзяржаўнай таямніцы, хоць, заўважае Лакшын, інфармацыя, пра якую ішла гаворка, была прызнаная дзяржаўнай таямніцай толькі падчас судовага працэсу.

«Расейскія праваабаронцы з суполкі «Каманда 29» крытыкуюць тое, што адвакаты, прызначаныя судом, фактычна з'яўляюцца памочнікамі абвінавачвання, а большасць працэсаў праходзяць у закрытым рэжыме, праваабаронцаў да іх не дапускаюць. У рэдкіх выпадках, калі да справы падключаецца незалежны адвакат, высвятляецца, што ў справе маюцца шматлікія парушэнні, а аргументы абвінавачання непраўдзівыя. Аднак суды часцей за ўсё становяцца на бок абвінавачвання (...)», - гаворыцца ў артыкуле.

«Калі не могуць знайсці ворагаў, значыць, іх трэба прыдумаць», - сказаў заснавальнік «Каманды 29» адвакат Іван Паўлаў у інтэрв'ю «Новой газете».

«Часта абсалютна незразумела, якая інфармацыя з'яўляецца дзяржаўнай таямніцай, а якая не. Розныя дзяржорганы вядуць свае асобныя пералікі, якія, аднак, таксама не падлягаюць разгалашэнню і нідзе адкрыта не публікуюцца», - паведамляе выданне. «Таму Паўлаў, - рэзюмуе Лакшын, - упэўнены: у групу рызыкі ўваходзяць «практычна ўсе».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках