27 красавiка 2024, Субота, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Удары наносілі без разбору - і дубінкамі, і берцамі»

25
«Удары наносілі без разбору - і дубінкамі, і берцамі»
ІЛЛЯ ЗУБЕНЯ

Стала вядома пра яшчэ адзін выпадак беззаконня ў шэрагах сталічнай міліцыі.

У раёне сталічнага парку Дружбы народаў 17 снежня сустрэліся два прыяцелі: слова за слова - надумалі адзначыць сустрэчу, і не доўга разважаючы накіраваліся ў парк, пад бярозкі. Тое, што пасля не зусім правільнага ўчынку перанёс адзін з іх - Ілля Зубеня - надоўга пакіне след у ягоным лёсе: ён быў жорстка, аж да разрыву барабаннай перапонкі, збіты супрацоўнікамі міліцыі, піша spring96.org.

Праязджалі ў патрульнай машыне двое міліцыянтаў, «зафіксаваўшы» факт распіцця алкаголю, надумалі затрымаць прыяцеляў.

«У аўтамабілі я стаў прасіць, каб супрацоўнікі міліцыі кінулі паліць. Я - алергік. І мне цяжка пераносіць тытунёвы дым, пачынаюць слязіцца вочы. Становіцца цяжка дыхаць», - успамінае тыя падзеі Ілля.

Іллю з таварышам наўпрост адвезлі ў Савецкі РУУС, пасадзілі на металічныя крэслы каля цэнтральных сходаў і загадалі чакаць.

Доўга ўдакладнялі звесткі затрыманых, кудысьці сыходзілі і вярталіся. Адзін з супрацоўнікаў - старшына, які афармляў затрыманне, з іроніі лёсу, аднойчы ўжо затрымліваў і збіваў Іллю. Вось ён і нагадаў хлопцу пра той выпадак, дадаў, што тады - пяць гадоў таму - ягонага калегу, які мае дачыненне да збіцця, альбо звольнілі з органаў, альбо перавялі яшчэ кудысьці. Мабыць, гэтая старая гісторыя раззлавала вартавых парадку.

«Атрымалася так, што ён мяне забіраў і таксама збіў некалькі гадоў таму. Ён перапытаў двойчы маё прозвішча, я паўтарыў, на што пачуў: «А я цябе... ведаю», - кажа Ілля Зубеня.

Ілля стаў здымаць тое, што адбываецца на камеру тэлефона. Тут усё і пачалося.

Яго імгненна закавалі ў кайданкі, вырвалі тэлефон. Затым ужо двое супрацоўнікаў паднялі з лаўкі і павялі яго за кут.

«За рогам краем вока я заўважыў, што адзін з іх адварочвае ў бок камеру відэаназірання. Ну ўсё, падумаў я, прыплылі…

Так і было. Мяне рэзка збілі з ног кінулі на падлогу, на правы бок. Па гэтым баку мяне і дасталася больш за ўсё. Удары наносілі без разбору - і дубінкамі, і берцамі. Адзін з удараў прайшоўся па галаве, стала вельмі балюча...» – распавядае Ілля.

«Разумею, што справа пахне смажаным, пачынаю гучна крычаць, пераварочваюся на іншы бок, па якім яны паспелі таксама нанесці некалькі ўдараў…»

Колькі працягвалася збіццё Ілля праз шок дакладна сказаць не можа. Пасля яго рэзка паднялі за кайданкі і прышпілілі да сходаў, прычым рукі ў кайданках прымацавалі вельмі высока, каб ён знаходзіўся ў позе ластаўкі. Пакінулі ў такім становішчы хвілін на 15.

У хлопца сталі апухаць і дранцвець рукі. Ілля стагнаў праз боль і тады «вартавыя парадку» злітаваліся і знялі кайданкі.

У Зубені з'явілася магчымасць папрасіць сябра, які ўвесь гэты час сядзеў побач на лаве, патэлефанаваць ягонай дзяўчыне, а тая ў сваю чаргу звязалася з праваабаронцамі з «Платформы».

Каб неяк апраўдаць свае дзеянні супрацоўнікі міліцыі даставілі Іллю Зубеню ў гарадскі наркалагічны дыспансер на агляд. Ён некалькі разоў дзьмуў у трубку, якая паказвала адзінку, але ў дакумент, нягледзячы на пярэчанні Іллі, чамусьці ўпісалі 2.2 праміле.

Пасля агляду Іллю даставілі назад у РУУС, вярнулі тэлефон. Было прыкладна 17.30 вечара.

«Я адразу стаў набіраць тэлефон 103 хуткай дапамогі, бо моцна балела вуха. Пачуўшы, як я гучна кажу: "«Добры дзень, мяне збілі ў міліцыі, я не чую на адно вуха», - старшына ў сваю чаргу таксама стаў тэрмінова выклікаць брыгаду лекараў».

Медыкі прапанавалі Іллі абязбольвальнае і сказалі, што трэба ехаць у лякарню. У аўтамабіль хуткай таксама сеў старшына міліцыі, які збіваў Іллю, а другі супрацоўнік у рангу сяржанта паехаў следам за хуткай на службовым аўтамабілі. Хлопца даставілі ў 2-ю гарадскую лякарню, там зрабілі здымак, узялі аналізы, агледзелі гематомы.

Іллю здзівіла, што супрацоўнікі міліцыі заходзілі разам з ім ва ўсе кабінеты, у размове імкнучыся псіхалагічна націснуць на медыкаў, намякаючы, што шкадаваць яго не варта, што ён неадэкватны. Калі Ілля казаў лекарам, што моцна баліць вуха і ён не можа чуць, старшына толькі смяяўся і кідаў рэпліку пра тое, што гэта ён сам раскалупаў сабе вуха.

Паколькі ў 2-ай лякарні не было спецыяліста, Зубеню накіравалі ў чацвёртую, да лора. «Ахоўнікі» рушылі і туды. Калі яны зноў сталі заходзіць разам з Іллёй да лекараў, ён не вытрымаў і сказаў, што існуе медычная таямніца і ён рашуча супраць, каб яны прысутнічалі пры абследаванні. Лекар праявіла прынцыповасць і папрасіла выйсці старшыну і яго напарніка.

Медык канстатавала разрыў барабаннай перапонкі і стала намагаць на шпіталізацыі Іллі.

«Маладыя людзі, ён з вамі нікуды не паедзе, яго трэба шпіталізаваць», - сказала лекар супрацоўнікам міліцыі.

Міліцыянты захваляваліся, сталі тэлефанаваць кудысьці, раз-пораз чуліся іх пытанні: «Што рабіць?».

Ноччу да Іллі ў лякарню прыбылі следчыя, падрабязна апыталі пра здарэнне і зафіксавалі сведчанні. Зубеню было дадзенае накіраванне на судова-медыцынскую экспертызу ў Навінкі.

Супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў РУУС былі абскарджаныя ў раённай пракуратуры і управе ўласнай бяспекі УУС. Цяпер праходзіць праверка заяў, пасля чаго можа быць прынятая пастанова аб распачынанні крымінальнай справы.

Збіццё затрыманага супрацоўнікам міліцыі - гэта службовае злачынства.

Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў - наўмыснае прычыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму службай, што пацягнула прычыненне шкоды на вялікую суму або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, або дзяржаўным або грамадскім інтарэсам.

Наўмыснае ўчыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму службай, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках