27 красавiка 2024, Субота, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску настаўнікі абыходзяць кватэры і збіраюць інфармацыю пра «дармаедаў»

37
У Віцебску настаўнікі абыходзяць кватэры і збіраюць інфармацыю пра «дармаедаў»

Такія даручэнні адбіваюць у педагогаў жаданне заставацца далей у школе.

Ужо ў лютым «дармаедам» прыйдуць рахункі за кватэру з падвышанымі тарыфамі. Але ці сфармаваная «база дармаедаў», каму варта чакаць гэтыя «лісты шчасця»? Мяркуючы з усяго, яшчэ не канчаткова.

Менавіта цяпер вядзецца дамовы абыход людзей, якіх уважаюць за «сацыяльных утрыманцаў». Здагадваецеся, хто збірае гэтую інфармацыю? Правільна, педагогі!

У рэдакцыю «Віцебскага кур'ера» звярнулася настаўніца адной з віцебскіх школ Вольга (імя рэспандэнта на ейную просьбу змененая) і яе мама Аляксандра (імя жанчыны таксама змененае).

Жанчыны распавялі, што на мінулым тыдні настаўнікам раздалі спіс «дармаедаў» з адрасамі пражывання і сказалі ў максімальныя кароткія тэрміны іх усіх абысці і запоўніць невялікую анкету. Так, педагог павінен пацікавіцца, чаму чалавек не працуе, дзе быў раней працаўладкаваны, калі працуе цяпер, то паказаць месца занятасці, патлумачыць, чаму не шукае новую працу і г.д.

- Вы ўяўляеце, безабаронная жанчына-педагог павінна зайсці ў кватэру, дзе, магчыма, жыве пітушчы мужчына, або агрэсіўны, а то і зусім турэмшчык і груба кажучы абазваць яго «дармаедам», - распавяла Аляксандра. - Як думаеце, якая ў яго будзе рэакцыя? Добра, што многіх са спісу дома няма, нават у выходны дзень. Але ж такі адказ школу не задавальняе, і настаўнікам кажуць ісці па адрасах паўторна. Так, за гэтую працу адміністрацыя абяцала заахвочванне, але ж жыццё даражэйшае, а адмовіцца, калі ты хочаш нармальна працаваць далей, магчымасці няма.

Таму нядзіўна, што настаўніцы па адной не ходзяць: хтосьці аб'ядноўваецца з калегамі, хтосьці просіць яе суправаджаць сваякоў або сяброў.

Ці мала што можа адбыцца. Тым больш, што на «абыход» прыходзіцца адпраўляцца ў вольны ад працы час - вечарам ці ў выходныя дні, калі ўсе людзі хочуць адпачываць, а не адказваць на нязручныя пытанні ды і яшчэ незразумела каму. Бо ніякіх пасведчанняў ці іншых дакументаў, якія тлумачаць, чаму ім павінны даваць гэтую інфармацыю, настаўнікам ніхто не выдае.

- Ёсць педагогі, якія прыходзяць працаваць у школу паводле прызначэння, якія марылі аб гэтай прафесіі і атрымліваюць задавальненне ад камунікацыі з дзецьмі і магчымасці даваць ім веды. Але такія даручэнні адбіваюць нават самае моцнае жаданне заставацца і далей у школе. Шкада, што гэтага не разумеюць тыя, хто аддае такія загады, - падагульніла Вольга.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках