20 лiстапада 2019, Серада, 23:54
Праўда пра «выбары»
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: Патрэбны лідар, з якім будуць размаўляць і на Захадзе, і на Усходзе

26
Уладзімір Някляеў: Патрэбны лідар, з якім будуць размаўляць і на Захадзе, і на Усходзе
Уладзімір Някляеў

Адзіная гарантыя незалежнасці Беларусі - змена ўлады.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў распавёў прэс-службе БНК, чаму падтрымаў кандыдатуру Мікалая Статкевіча ў якасці кандыдата ў прэзідэнты краіны.

Таксама палітык назваў галоўныя задачы дэмакратычнай апазіцыі на найбліжэйшы год:

- Мы шмат разоў абмяркоўвалі, якой павінна быць стратэгія Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу на найбліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах. Вылучэнне Мікалая Статкевіча было не адзінай прапановай. Мы разглядалі варыянт падтрымкі трох кандыдатаў - Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Генадзя Фядыніча - людзей, якіх незаконна пазбавілі магчымасці выбіраць і быць абранымі. Вылучаючы іх, мы думалі аб палітычнай кампаніі з патрабаваннем вярнуць ім незаконна аднятыя канстытуцыйныя правы. Але пасля абмеркавання прыйшлі да высновы, што такі крок будзе аслабляць палітычны складнік кампаніі. На патрабаванні вярнуць палітыкам іх правы можна і трэба акцэнтаваць увагу і высунуўшы аднаго кандыдата.

Так, Мікалая Статкевіча могуць не зарэгістраваць. Але тое ж самае могуць зрабіць і з кожным іншым палітыкам, хто падасца ўладам небяспечным - незалежна ад таго, ці ёсць у яго судзімасць ці не. Мы ж ведаем выпадкі, калі рэгістравалі кандыдатамі ў прэзідэнты тых, хто не сабраў патрэбную колькасць подпісаў. Прыклад - прэзідэнцкія «выбары» 2015 года.

Мікалай Статкевіч назваў адным з варыянтаў развіцця падзей вылучэнне адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі. Я падтрымліваю гэтую ідэю, хоць і маю вялікія сумневы ў тым, што гэта атрымаецца. Але спрабаваць варта: занадта вялікія выпрабаванні нас чакаюць наперадзе, і для нас важна наяўнасць лідара, якога падтрымаюць усе апазіцыйныя сілы, і з якім будуць гатовыя весці справы і нашы суседзі і на Захадзе, і на Усходзе.

Нам трэба думаць пра тое, як абараніць незалежнасць нашай краіны. Пра гэта я казаў і на пасяджэнні Рады БНК. У канцы мінулага года намеры Крамля ў дачыненні да нашай краіны сталі цалкам відавочныя. Маючы дастаткова падрабязную інфармацыю аб двух сустрэчах, якія прайшлі ў Маскве, можна з упэўненасцю заявіць аб тым, што Лукашэнка ніколі не быў і не будзе гарантам незалежнасці.

Ён цалкам залежыць ад кіраўніцтва РФ. Ніхто, акрамя яго вінен Пуціну 100 мільярдаў даляраў. Кожны чалавек на месцы прэзідэнта зробіць для краіны больш, чым Лукашэнка. Адзінае выйсце, адзіная гарантыя незалежнасці Беларусі - змена ўлады.