25 чэрвеня 2019, aўторак, 23:52
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Для беларускіх дзяржслужбоўцаў прапішуць правілы паводзінаў у сацыяльных сетках

13
ФОТА З АДКРЫТАЙ КРЫНІЦЫ

Сёння дыктатар правёў нараду па праекце закона «Аб дзяржаўнай службе».

На нарадзе абмеркавалі стварэнне цэласнай сістэмы дзяржаўнай службы, распавёў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў у эфіры беларускіх тэлеканалаў. Акрамя таго, для дзяржслужачых прапішуць правілы паводзінаў у сацыяльных сетках, паведамляе tut.by.

«На сённяшні дзень у нас разрознена рэгулююцца вайсковая служба, служба ў ваенізаваных арганізацыях і дзяржаўная грамадзянская служба. Гэты праект закона кажа пра тое, што ў краіне існуе адзіная сістэма дзяржаўнай службы, якая аб'ядноўвае ўсе гэтыя віды», - удакладніў ён.

«Дадаткам да гэтага праекта з'яўляюцца агульныя патрабаванні, этычныя патрабаванні, якія ўсталёўваюць для дзяржаўнага служачага як у службовы, так і пазаслужбовы час. Акрамя таго, там прапісваецца, як з улікам сённяшняга развіцця інфармацыйных тэхналогій дзяржаўнаму служачаму паводзіць сябе ў сацыяльных сетках», - паведаміў Іпатаў.

Адзначым, што правілы паводзін дзяржслужачых у сацсетках некалькі гадоў дзейнічаюць у Расеі і Казахстане.

«Матэрыяльнае становішча дзяржслужачых павінна расці або падаць у адпаведнасці з ростам або падзеннем жыццёвага ўзроўню нашага насельніцтва. Гэта ключавое», - сказаў кіраўнік. Ён адзначыў, што адной з яго прынцыповых пазіцый у гэтым законапраекце з'яўляецца замацаванне абавязковых правілаў паводзін, якія забяспечваюць строгую выканальніцкую дысцыпліну.