Трамп зняпраўдзіў хуткі вывад амерыканскіх вайскоўцаў з Сірыі
- 6.01.2019, 21:05
- 6,758
Прэзідэнт ЗША заявіў, што ніколі не казаў, што працэс вываду войска ЗША з Сірыі будзе хуткім.
Вывад амерыканскіх вайскоўцаў з Сірыі можа адбыцца няхутка. Пра гэта ў размове з журналістамі заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, піша Reuters.
«Я ніколі не казаў, што гэта будзе зроблена досыць хутка. Але мы змагаемся з «Ісламскай дзяржавай», - заявіў амерыканскі лідар.
Аб вывадзе амерыканскай групоўкі з арабскай рэспублікі Трамп абвясціў у сярэдзіне снежня. Паводле ягоных слоў, ЗША атрымалі перамогу над асноўнымі сіламі «Ісламскай дзяржавы» ў рэгіёне і амерыканскім вайскоўцам болей няма чаго там знаходзіцца. У пятніцу, 4 студзеня дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа абвясціў аб фактычным пачатку вываду вайскоўцаў войска ЗША з Сірыі. Ён не стаў удакладняць канкрэтныя тэрміны аперацыі, бо не жадае перадаваць гэтыя звесткі апанентам Вашынгтона.
Як распавядаў раней агенцтву Reuters высокапастаўлены чыноўнік Дзярждэпартамента, ЗША прадоўжаць падтрымку сіл сваіх хаўруснікаў, нягледзячы на ўзяты курс на вывад войскаў з арабскай рэспублікі. Ён падкрэсліў, што тэрміны вываду амерыканскіх вайскоўцаў неакрэсленыя, аднак ЗША, з ягоных слоў, не скіраваныя на тое, каб мець у Сірыі бестэрміновую вайсковую прысутнасць.