19 сакавiка 2024, aўторак, 9:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Усіх не перапішаш

78
Усіх не перапішаш
ІРЫНА ХАЛІП

Хай задаюць свае пытанні таварышам маёрам.

Апошні раз я ўдзельнічала ў перапісе насельніцтва 20 гадоў таму. У 2009 прапусціла перапіс праз доўгую камандзіроўку. А сёлета я катэгарычна адмаўляюся ў гэтым удзельнічаць.

У 1999 годзе ў перапісным лісце было 17 пытанняў. У 2009 – 37. Цяпер – 49. Хаця, лагічна, пытанне ў кожным перапісным аркушы павінна быць толькі адно: «Як у вас атрымліваецца выжываць усе гэтыя гады?!» Менавіта так, з клічнікам пасля пытальніка. Але іх цікавіць чамусьці зусім іншае.

Дык вось, я ў гэтым больш не ўдзельнічаю. Дзяржава прапануе адказаць на падрабязныя пытанні пра «домагаспадарку». Пра квадратныя метры, водазабеспячэнне, ацяпленне, каналізацыю. Яны сур'ёзна прапаноўваюць гэта мне, у «домагаспадарцы» якой прайшло сем ператрусаў, падчас якіх таварышы маёры вывучылі кожны квадратны метр, уключаючы батарэі ацяплення і бачок унітаза. А потым пражылі ў гэтай самай «домагаспадарцы» падчас майго хатняга арышту тры з паловай месяцы, планамерна паскудзячы ўсе квадратныя метры запар, – і асабліва каналізацыю. Пасля змены яны абмяркоўвалі квадратныя метры з такімі ж таварышамі маёрамі, якія сядзелі дома ва Уладзіміра Някляева. Так што хай пытаюцца маёраў, і тыя ахвотна раскажуць пра маю хатнюю гаспадарку і пра мноства іншых беларускіх хатніх гаспадарак. Асабіста я адмаўляюся.

Або вось яшчэ цудоўныя пытанні на тэму «ці плануеце вы выехаць з Рэспублікі Беларусь?». Якога чорта вы іх задаяце, калі ні адзін беларус не можа на іх адказаць? Мой муж Андрэй Саннікаў зусім не планаваў з'язджаць з Беларусі. Мая сяброўка Наталля Радзіна зусім не планавала з'язджаць з Беларусі. Мой сябар Зміцер Бандарэнка зусім не планаваў з'язджаць з Беларусі. Але ўсе яны былі вымушаныя з'ехаць. Што яны могуць адказаць на гэтае пытанне?..

А што магу адказаць я, калі ў любы момант чарговы міліцыянт Купчэня (раней ён быў кіраўніком аддзела наглядна-выканальнай дзейнасці ГУУС, цяпер зрабіў кар'еру і стаў кіраўніком управы аховы правапарадку) зноў можа крычаць мне, як сем гадоў таму: «Мы адкрыем вам выезд толькі ў выпадку, калі вы набудзеце квіток у адзін канец!»? Дарэчы, Вольга Захаранка і Людміла Карпенка, калі б надарыўся тады перапіс з гэтым пытаннем, адказалі б «не, не плануем». А давялося. Так што гэта не да нас, беларусаў, пытанне, а таксама, атрымліваецца, да маёра. У топку.

А вось на пытанне «чаму вы не працуеце ў населеным пункце на месцы жыхарства?» двума словамі не адкажаш. Не дае перапісны ліст такой магчымасці. Ён прапануе ўсяго тры варыянты адказу на гэтае пытанне: «не знайшоў працу ў дадзеным населеным пункце», «знайшоў працу з больш высокім заробкам», «іншыя прычыны». І не дае, зараза, адказаць на гэтае пытанне шчыра: не працую ў населеным пункце на месцы жыхарства, таму што ўсе незалежныя газеты, у якіх я працавала, былі паскудным чынам зачыненыя гэтай скоцкай уладай. Адным росчыркам пяра, двума папярэджаннямі, трыма званкамі – і зачыненыя. «Хартыя'97» была проста разгромленая дзевяць гадоў таму, і шанцаў выжыць у населеным пункце на месцы жыхарства ў яе не было. А апошняя ў Расеі незалежная «Новая газета» і рада была б адчыніць у населеным пункце на месцы жыхарства паўнавартаснае бюро, ды забароненая да распаўсюджвання ў Беларусі. Так што мае рэдакцыі, на жаль, знаходзяцца на адлегласці 500–700 кіламетраў ад населенага пункта на месцы жыхарства. Але такі адказ не ўціснеш ні ў адзін з прапанаваных варыянтаў. Ды яны і не хочуць ведаць сапраўдныя адказы. Іх іншае хвалюе.

Мяркуючы з усяго, стварэнне вялікай базы пад прыкрыццём барацьбы з «дармаедствам» поспеху не мела, і пад перапіс замаскавалі поўны і ўсёабдымны збор асабістых звестак. Таму колькасць пытанняў да беларусаў і павялічваецца прапарцыйна памяншэнню змесціва іх кашалькоў. Дарэчы, у ЗША ад вынікаў перапісу насельніцтва залежыць – ні многа ні мала – размеркаванне ў штатах 600 мільярдаў даляраў з федэральнага бюджэту і месцаў у парламенце прапарцыйна колькасці насельніцтва штатаў. А пытанняў падчас перапісаў у іх не больш за дзясятак, і змяшчаюцца яны на адным аркушы.

Так што адказваю загадзя, адразу на ўсе пытанні, ад квадратных метраў да крыніцы прыбыткаў, ад планаў пакінуць радзіму да колькасці саджанцаў на прысядзібным надзеле, адной кароткай фразай: «Не ваша сабачая гэта праца». І ўсім раю адказваць гэтаксама.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 78

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках