18 траўня 2024, Субота, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Улады хацелі стрэсці капейчыну з «дармаедаў», але наступілі на старыя граблі

25
Палітолаг: Улады хацелі стрэсці капейчыну з «дармаедаў», але наступілі на старыя граблі

Людзі вельмі раздражнёна рэагуюць на тое, калі да іх залазяць у кішэню.

Тэрмін аплаты паводле стоадсоткавага тарыфа ацяплення і газу для людзей, не занятых у эканоміцы, перанеслі з 1 кастрычніка гэтага года на 1 траўня наступнага. Афіцыйна - праз неабходнасць дапрацоўкі інфармацыйных рэсурсаў. Ці толькі ў гэтым прычына такой паблажлівасці ўладаў - задаецца пытаннем intex-press.by.

Паводле стоадсоткавых тарыфаў за ацяпленне і газ (калі ён выкарыстоўваецца для абагрэву) людзі, не занятыя ў эканоміцы (гаворка ідзе аб уласніках і наймальніках жылля), павінны былі пачаць аплачваць з 1 кастрычніка 2019 года. Але тэрмін перанеслі на наступны год, калі ацяпляльны сезон ужо скончыцца.

Як заявіў Андрэй Лабовіч, першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі, такая пастанова прынятая ў мэтах недапушчэння неабгрунтаваных выпадкаў налічэння павялічанай платы за паказаныя паслугі грамадзянам. З ягоных слоў, звесткі для фармавання базы грамадзян, не занятых у эканоміцы, паступаюць амаль з 50 крыніц. У сувязі з гэтым паўстала неабходнасць правесці дадатковыя мерапрыемствы для актуалізацыі звестак, якiя ўтрымлiваюцца ў ведамасных інфармацыйных рэсурсах.

«На старыя граблі»

На думку палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага, ажыццявіць выкананне «дармаедскага» дэкрэта тэхнічна сапраўды вельмі складана. Суразмоўца мяркуе, што дэкрэт №1, як і яго папярэднік - скандальна вядомы дэкрэт №3, паводле сваёй задумы заганныя.

- Улады хацелі стрэсці капейку з «дармаедаў», але, каб разабрацца, хто дармаед, хто ездзіць на заробкі за мяжу, а хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, трэба трымаць цэлы штат чыноўнікаў ці адцягваць ад асноўнай працы іншых чыноўнікаў і нагружаць іх дурной і малаэфектыўнай працай, - разважае Класкоўскі.

На ягоны погляд, уладам ужо даўно пара было прызнаць сваю памылку і скасаваць гэты дэкрэт. Але кіраўніцтва краіны на гэта не ідзе, бо не любіць прызнаваць сваю промахі, і тым самым «нажывае на сваю галаву новыя праблемы», мяркуе суразмоўца.

- Улады зноў і зноў наступаюць на старыя граблі - перапісваюць дакумент, ствараюць яго новыя версіі, пераносяць тэрміны. Яны разумеюць, што людзі з незайздросным матэрыяльным становішчам вельмі раздражнёна рэагуюць на тое, калі да іх залазяць у кішэню, - разважае экспэрт.

Напярэдадні дзвюх «выбарчых» кампаній

Але галоўную ролю ў пераносе тэрмінаў чарговага пакарання для людзей, не занятых у эканоміцы, адыграў палітычны фактар, упэўнены Класкоўскі.

- Ідзе «парламенцкая кампанія», наперадзе «прэзідэнцкія выбары», і ўлады імкнуцца лішні раз не тузаць, не раздражняць людзей, - кажа ён.

На ягоную думку, напярэдадні дзвюх выбарчых кампаній кіраўніцтва краіны не адчувае сябе моцным у плане падвышэння дабрабыту людзей, таму спрабуе праявіць чуласць не толькі да «дармаедаў», але і да ўсіх беларусаў агулам.

- Улады гуляюць з людзьмі. Напрыклад, у Менску, дзе выбаршчыкі асабліва крытычна настроеныя, сёлета вельмі рана ўключылі ацяпленне. Лукашэнка просіць чыноўнікаў быць уважлівымі да насельніцтва, стаў на бок праціўнікаў акумулятарнага завода ў Берасці. Цяпер вызначылі на некаторы час памілаваць «дармаедаў», - кажа Класкоўскі.

Нагадаем, што з пачатку гэтага года людзі, не занятыя ў эканоміцы і якія з'яўляюцца ўласнікамі або наймальнікамі жылля, ужо аплачваюць стоадсоткавым тарыфам падагрэў вады. Спачатку новаўвядзенне хацелі ўвесці з 1 студзеня, але потым тэрміны перанеслі на 1 лютага.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках