14 снежня 2019, Субота, 2:18
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Яшчэ два чыноўнікі пазбавіліся пасад пасля скандалу ў гомельскай школе

17
Яшчэ два чыноўнікі пазбавіліся пасад пасля скандалу ў гомельскай школе
Фота: tut.by

Адзін з іх - начальнік гарадской управы адукацыі.

У Гомелі пасля інцыдэнту ў школе №15 прадаўжаюцца кадравыя перастаноўкі. Яшчэ два чыноўнікі страцілі свае пасады, піша tut.by.

Так, на днях пазбавілася крэсла начальніка ўправы адукацыі гарвыканкама Людміла Крылісценка. Яе пасаду заняла Святлана Кухарава, якая ўзначальвала да гэтага аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля. Крылісценка ж адправілася на яе месца.

На іншае месца працы пераведзеная і намесніца старшыні Навабеліцкага райвыканкама Алена Копа - цяпер яна ўзначальвае раённы аддзел адукацыі.

Нагадаем, у сувязі са скандалам у школе №15, дзе настаўніца малодшых класаў брыдка вылаялася на вучня, а ягоныя аднакласнікі знялі гэта на відэа, у дачыненні да некаторых службовых асоб Гомельскага гарвыканкама, раённай адміністрацыі і дырэктара была прынятая пастанова аб вызваленні ад займаных пасадаў з пераводам на іншую працу. Пра гэта распарадзіўся Лукашэнка. Звольненага ж педагога ён аднавіў на працы.

Так, ранейшая дырэктарка 15-й школы Марына Чарненка заняла месца намесніка дырэктара СШ №65 Гомеля. А начальнік галоўнай управы адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын цяпер працуе намеснікам дырэктара гомельскага філіяла міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА». Пасада начальніка галоўнай управы адукацыі пакуль застаецца вакантнай.