28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Расатам» рассакрэціў даручэнне пра стварэнне савецкай атамнай бомбы

5
«Расатам» рассакрэціў даручэнне пра стварэнне савецкай атамнай бомбы

Першае выпрабаванне ядзернага зарада адбылося больш за 70 гадоў таму.

Дзяржкарпарацыя «Расатам» напярэдадні 75-годдзя расейскай атамнай галіны апублікавала сакрэтнае даручэнне пра стварэнне савецкай атамнай бомбы, якое ўрад СССР даў канструктарскаму бюро № 11 (КБ-11) у чэрвені 1946 года.

Дакументы апублікаваныя на партале «Гісторыя “Расатама”», у адмысловым раздзеле «Расейскай атамнай галіне – 75 гадоў», піша ria.ru. Сярод іх – даручэнне ад першага кіраўніка атамнай галіны Барыса Ванікава дырэктару КБ-11 Паўлу Зярнову пра стварэнне «пад навуковым кіраўніцтвам Лабараторыі № 2 рэактыўнага рухавіка “С” (РДС) у двух варыянтах з выкарыстаннем цяжкага паліва (С-1) і з выкарыстаннем лёгкага паліва (С-2)».

«Рэактыўным рухавіком “С” тады называлі атамную бомбу, “цяжкім палівам” – зброевы плутоній, а “лёгкім палівам” – зброевы ўран. Акрамя плана і тэрмінаў, Ванікаў у лісце паведаміў, што савет міністраў “абавязаў І. В., П. М. і Ю. Б.” штомесяц дакладваць пра працы ў КБ-11. Выпрабаванне атамнага зарада для РДС-1 адбылося 29 жніўня 1949 года на Сяміпалацінскім палігоне.

КБ-11 было галоўнай канструктарскай арганізацыяй у стварэнні атамнай бомбы (цяпер гэта Расейскі федэральны ядзерны цэнтр – Усерасейскі навукова-даследчы інстытут эксперыментальнай фізікі ў Сарове ў Ніжагародскай вобласці). Лабараторыя № 2 Акадэміі навук СССР была навуковым штабам савецкага атамнага праекта (цяпер – Курчатаўскага інстытута).

Ад штаба савецкай атамнай прамысловасці да «Расатама»

Расейская атамная галіна вядзе адлік сваёй гісторыі з 20 жніўня 1945 года, калі савецкае кіраўніцтва пастанавіла стварыць шэраг арганізацыйных структураў, неабходных для развіцця айчыннай атамнай прамысловасці і рэалізацыі атамнага праекта СССР.

У той дзень старшыня Дзяржкамітэта абароны Іосіф Сталін падпісаў указ пра стварэнне спецыяльнага камітэта пры ДКА. Новы орган надзялілі паўнамоцтвамі для прываблівання любых рэсурсаў да працы ў атамным праекце. Кіраўніком спецкамітэта стаў намеснік старшыні ДКА і савета народных камісараў СССР, наркам унутраных справаў Лаўрэнцій Берыя.

Той жа пастановай прадугледжвалася стварэнне штаба савецкай атамнай прамысловасці – галоўнай управы пры СНК. Першым кіраўніком ПДУ стаў народны камісар боепрыпасаў Барыс Ванікаў.

Пасля ПДУ было ператворанае ў Міністэрства сярэдняга машынабудавання СССР, пазней ягоным пераемнікам стаў Мінатам. Цяпер усімі ядзернымі актывамі Расеі кіруе дзяржкарпарацыя «Расатам», створаная ў 2007 годзе на базе аднайменнага федэральнага агенцтва.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках