27 красавiка 2024, Субота, 2:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З'явіліся новыя падрабязнасці пра надзвычайнае здарэнне з міліцыянтам пад Рэчыцай

З'явіліся новыя падрабязнасці пра надзвычайнае здарэнне з міліцыянтам пад Рэчыцай
БАЦЬКОЎСКАЯ ХАТА ІВАНА Ў ВЁСЦЫ ХОЛМЕЧ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Журналісты пагутарылі з аднавяскоўцамі Івана Яфімчыка.

Трагедыя ўскалыхнула вёску Холмеч Рэчыцкага раёна і падвойнае гора прыйшло ў сям'ю Яфімчык. Там два дні запар давялося ладзіць пахаванне і памінкі: спачатку памёр галава сям'і, 70-гадовы Анатоль, а потым знайшлі цела 36-гадовага сына Івана. Малады чалавек працаваў у міліцыі і жыў асобна. Прыехаў на пахаванне бацькі – і павесіўся, піша kp.by.

На мясцовых могілках побач – дзве свежыя магілы, накрытыя вянкамі. Паблізу – царква, але Івана тут не адпявалі. А насупраць – маленькі дом, дзе жыла сям'я.

– Нічога дрэннага пра іх сказаць нельга. Ваня малайчына – прыязджаў увесь час дапамагаць бацьку: то траву касіў, то яшчэ што. Усё лета бачыў яго ў бацькі ў двары. Сваёй сям'і ў Івана не было – развёўся. Кажуць, у дзень смерці бацькі Ваня напіўся і хадзіў п'яны па вёсцы, у нейкую бойку ўлез. А потым знік, і вось – рыбак знайшоў у пятлі на лузе за вёскай... Не магу дапяць, што адбылося, – кажа жыхар вёскі.

ПОБАЧ – ДЗВЕ МАГІЛЫ: БАЦЬКІ І СЫНА
ФОТА: ПАВЕЛ МІЦКЕВІЧ

Вяскоўцы сцвярджаюць, што раней п'яным Івана не бачылі. Ды і як можна – міліцыянт жа.

– Калі б ён калі п'яным з'явіўся, усе б адразу даведаліся – вёска ж. Нельга сказаць, што смерць бацькі была для Вані нечаканай. Ён даўно хварэў і ў апошні час быў у дрэнным стане. Вядома, як і любы бацька, быў для сына дарагі. Але так, каб вешацца? Напэўна, гэта ўсё праз алкаголь. Бо Ваня нават пахавання бацькі не дачакаўся, – прадаўжаюць вяскоўцы.

Пасля пахавання людзі памылі пад калонкай рукі і адправіліся ў мясцовую сталоўку. Забітых горам родных не чапаем, ды і госці просяць ні пра што не распытваць.

– Мы разам з Ванем раслі. Нейкіх дзівацтваў ніколі ў ім не заўважаў і думак пра суіцыд ад яго таксама не чуў. Ніхто не разумее, што адбылося. І ніколі ўжо гэтага не даведаемся, – кажа таварыш Івана.

Бацька Анатоль апошнія гады перад пенсіяй працаваў на поўначы Расеі. Мама была дырэктаркай мясцовай школы. Іван пайшоў у міліцыю, дакладней – у дэпартамент аховы ў Рэчыцы. І ў бацькоўскай хаце быў не госцем – кожны раз на выходных прыязджаў дапамагаць у гаспадарцы, кажуць у сельсавеце.

ХАТА АНАТОЛЯ СТАІЦЬ КАЛЯ МОГІЛАК
ФОТА: ПАВЕЛ МІЦКЕВІЧ

Жонка Анатоля часта праводзіла час у кватэры ў дачкі, дапамагаючы гадаваць дзяцей. А муж, практычна ляжачы, заставаўся ў сваім доме, – тым, што каля могілак. У вёсцы мяркуюць, што за час хваробы пенсіянера сын да яго яшчэ больш прывязаўся, і смерць бацькі магла стаць для Івана апошняй кропляй: бо сыход ад яго жонкі з дачкой ён перажываў да гэтага часу.

Дарэчы, на асабістых фота ў «Аднакласніках» Іван або адзін, або з дачкой-школьніцай. А на ягонай магіле – некалькі вянкоў ад калег са службы.

Раніцай 23 кастрычніка на беразе ракі Днепр у Рэчыцкім раёне мясцовым рыбаком быў знойдзены павіслы ў пятлі мужчына. На месца здарэння прыбыла следча-аператыўная група. У ходзе праверкі вызначаная асоба загінулага. Гэта 36-гадовы супрацоўнік міліцыі, які жыў у Рэчыцы, апавялі ў Следчым камітэце.

Там дадалі, што на службе мужчына характарызаваўся станоўча. Папярэдне вызначана, што ён скончыў жыццё самагубствам на фоне моцных перажыванняў у сувязі са смерцю ягонага бацькі, які памёр пасля хваробы.

Рэчыцкі раённы аддзел СК вызначае акалічнасці здарэння. Следчыя апыталі сваякоў і калегаў мужчыны, прызначанае правядзенне экспертызаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках