19 сакавiка 2024, aўторак, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зварот да беларусаў, які не пакажуць на БТ

44
Зварот да беларусаў, які не пакажуць на БТ
Ірына Халіп

Дыктатура абрынецца. Вось убачыце.

Падчас выбарчай кампаніі ўлады спалохаліся кандыдаткі ў дэпутаты Ірыны Халіп і адмовілі ёй у рэгістрацыі. Сайт Charter97.org публікуе выступ вядомай журналісткі, які не пакажуць на БТ.

Добры дзень!

Мяне клічуць Ірына Халіп. Я журналістка, былая палітзняволеная і жонка палітвязня. Здавалася б, з такім досведам ужо няма чаму здзіўляцца. Аднак дагэтуль не магу зразумець, як можна трываць гэтую ганебную дыктатуру 25 гадоў.

Спачатку мне здавалася, што ўсё гэта не ўсур'ёз. Ну не можа цёмны неадукаваны чалавек знішчыць краіну, мову, прэсу, самасвядомасць народа. Магчыма, у гэтым была памылка: мы ўсе думалі, што гэта не сур'ёзна. Назіралі. Чакалі. Прыстасоўваліся да новых умоў. Гэта ж не можа быць надоўга, праўда? А трэба было дзейнічаць ужо тады. Зрэшты, і цяпер яшчэ не позна. Гэта для нас з вамі прайшла чвэрць стагоддзя - вялізны кавалак жыцця. А для Беларусі ў гістарычных маштабах гэты перыяд праўлення няздараў - усяго толькі кароткі эпізод. Імгненне, пасля якога пачнецца гісторыя новай Беларусі - нашай з вамі краіны, а не вотчыны калгасных акупантаў.

Я памятаю, як знішчалася ў нашай краіне свабода сходаў. Як арыштоўвалі і адпраўлялі ў турмы тых, хто выходзіў на вуліцы. Я памятаю, як забівалі заканадаўчую ўладу і выбары, як разганялі Вярхоўны Савет і замянялі яго паслухмянай, тупаватай, без усялякіх паўнамоцтваў палатай прадстаўнікоў. Я памятаю, як пачыналіся фальсіфікацыі выбараў, якія за чвэрць стагоддзя сталі нормай. Я памятаю, як людзі пераставалі верыць у тое, што ад іх залежыць будучыня краіны. Я памятаю, як забівалі бізнэс. Я бачыла, як знішчаецца незалежная прэса. Газеты, па якія ў дзевяностыя стаялі чэргі ў кіёсках, закрываліся адна за адной: «Свабода», «Навіны», «Імя», «Белорусская деловая газета». Потым рэжым пачаў забіваць журналістаў. Я проста нагадаю вам іх імёны. Дзмітрый Завадскі, Вераніка Чаркасава, Васіль Гроднікаў, Алег Бябенін. Іх забойствы не расследаваныя дагэтуль, як і забойствы палітычных апанентаў Лукашэнкі. Забойцы не пакараныя. Ды і як яны могуць быць пакараныя, калі сядзяць у рэзідэнцыях і кабінетах, аблытаныя, быццам павуціннем, уладай, крывёю, ўсёдазволенасцю? Хіба могуць яны пакараць самі сябе? Не, гэта наша з вамі задача. Досыць чакаць, пакуль прыляцяць прыхадні-вызваліцелі з космасу і зробяць усё за нас. Пара браць на сябе адказнасць. Разам мы можам зрабіць нашу краіну такой, з якой нікому не захочацца з'язджаць.

Я хачу, каб наша краіна была шчаслівай. Мы б грэліся ў промнях яе шчасця.

Я хачу, каб наша краіна была вольнай. Мы б ведалі, што жыццё напоўненае сэнсам.

Я хачу, каб наша краіна была паспяховай. Мы б з лёгкасцю скардзіліся на свае дробныя праблемы, разумеючы, што ўсе яны пераадольныя.

Я хачу, каб наша краіна была любімай сваім народам. Мы б засыналі з усмешкай.

Я хачу, каб наша краіна была добрай. Мы б ведалі: нам ёсць на што абаперціся.

А дыктатура абрынецца, інакш не бывала ў гісторыі, і цяпер не будзе, вось пабачыце. Праўда, мяккая ўсходняя мудрасць - сядзь на беразе ракі, і труп твайго ворага аднойчы праплыве побач - нам не падыходзіць. Чвэрць стагоддзя прайшло, так што некалі расседжвацца - трэба дзейнічаць.

Жыве Беларусь! 25 гадоў мы прамаўлялі гэтыя словы, каб пераканацца: мы самі яшчэ жывыя. Спадзяюся, вельмі хутка мы зможам вымавіць іх не як пароль, а так жа натуральна, як «добрай раніцы!». І раніцы сапраўды стануць добрымі, і дні, і ночы. І жыццё. Праўда, для гэтага давядзецца папрацаваць. Ну што, пачынаем?.. Жыве Беларусь!

СУСТРЭЧА СВАБОДНЫХ ЛЮДЗЕЙ: МЕНСК, 15 ЛІСТАПАДА, 18:00, КАСТРЫЧНІЦКАЯ ПЛОШЧА.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках