26 красавiка 2024, Пятніца, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль ліквідаваў аднаго з лідараў «Ісламскага джыхаду»

Ізраіль ліквідаваў аднаго з лідараў «Ісламскага джыхаду»

Баха Абу аль-Ата забіты ў выніку прыцэльнага ўдару ў сектары Газа.

Ізраіль ліквідаваў аднаго з лідараў палестынскай радыкальнай групоўкі "Ісламскі джыхад" у сектары Газа на імя Баха Абу аль-Ата. Паведамленні пра гэта пацвердзілі прадстаўнікі абодвух бакоў у аўторак, 12 лістапада, перадае dw.com.

Аль-Ата забіты ў выніку прыцэльнага ракетнага ўдару па ягонаму дому ў Газе. Разам з аль-Атой загінула ягоная жонка, яшчэ два чалавекі былі параненыя. Ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што аперацыя была санкцыянаваная прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямін Нетаньяху. Прадстаўнік ізраільскай арміі Джонатан Карнікус паведаміў, што аль-Ата атачыў сябе "жывымі шчытамі", але сілавыя структуры мінулай ноччу ўбачылі магчымасць забіць яго праз "хірургічную аперацыю": удару з паветра атрымаў толькі той паверх, на якім знаходзіўся аль-Ата.

З паведамлення ізраільскага войска, Абу аль-Ата ў апошнія дні распрацоўваў планы тэрарыстычных нападаў на ізраільскіх мірных жыхароў і салдат. Сярод іншага, ён рыхтаваў атрады тэрарыстаў для ўварвання ў Ізраіль. Абу аль-Ата камандаваў "Брыгадамі аль-Кудс" - узброеным крылом групоўкі "Ісламскі джыхад" у сектары Газа і адказваў за большасць аперацый у сектары Газа, адзначылі ў ізраільскім войску.

Палестынскія баевікі абстралялі Ізраіль

"Ісламскі джыхад" пацвердзіў гібель аль-Аты і ягонай жонкі. "Ізраіль перайшоў усе чырвоныя лініі", - падкрэсліваецца ў заяве гэтай групоўкі. Палестынскія радыкалы 12 лістапада выпусцілі дзясяткі ракет па Ізраілю, пра пацярпелых не паведамляецца. У паўднёвым і цэнтральным раёнах Ізраіля закрытыя навучальныя ўстановы і адміністрацыйныя ўстановы. Паблізу сектара Газа часткова спынены рух чыгуначнага транспарту.

Прадстаўнік ізраільскага войска Джонатан Карнікус заявіў, што Ізраіль не вернецца да практыкі мэтавых забойстваў. Ліквідацыя Абу аль-Аты была выключным выпадкам у мэтах прадухілення "непасрэднай пагрозы", сказаў ён.

Мэтавае забойства - гэта наўмыснае пазбаўленне жыцця дзяржавай аднаго або некалькіх загадзя вядомых асоб па-за полем бою. Крытыкі мяркуюць, што мэтавыя забойствы размываюць прававыя нормы і з'яўляюцца парушэннем міжнароднага права.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках