26 красавiка 2024, Пятніца, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казкі Венскага лесу

9
Казкі Венскага лесу

З візіту Лукашэнкі ў Аўстрыю выйшаў «пшык».

Ніякіх прарываў на перамовах у Вене не адбылося. 12 лістапада кіраўнік Беларусі і прэзідэнт Аўстрыі, у сутнасці, абмяняліся наборам банальнасцяў на тэму развіцця стасункаў, піша на сайце naviny.by палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Маскоўскі «Камерсант» з гэтай нагоды патроліў загалоўкам: «Лукашэнка ўзгадаў дарогу ў Еўразвяз». Напярэдадні ж прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, адказваючы на журналісцкае пытанне, ці разумее Крэмль, з якой нагоды, пра што будуць ісці перамовы Лукашэнкі ў Аўстрыі і Латвіі, і ці сочыць за гэтымі перамовамі, заявіў (цытата паводле РІА Навіны): «Гэта ж суверэнная дзяржава, і цалкам нармальна, што яна ажыццяўляе кантакты з іншымі краінамі».

Пяскоў дадаў, што пасля такіх перамоваў Масква і Менск інфармуюць адно аднаго пра нейкія важныя элементы.

У Вене Лукашэнка казырнуў тым, што Аўстрыя ўдзельнічала ў стварэнні Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, аўстрыйскія інвестыцыі ў Беларусь за мінулы год склалі блізу 300 млн даляраў, а цяпер з удзелам аўстрыйскіх кампаній прапрацоўваюцца новыя праекты на агульную суму больш за мільярд даляраў.

На перамовах аўстрыйскі бок планаваў, праўда, закрануць і тэматыку правоў чалавека, але пра гэта беларускія дзяржСМІ наўрад ці паведамяць. Як і пра тое, што прэзідэнт Александер Ван дэр Бэлен, з якім сустрэўся Лукашэнка, – фігура чыста прадстаўніцкая, паколькі Аўстрыя – парламенцкая рэспубліка.

Вынікі стасункаў беларускі дыктатар рэзюмаваў для прэсы ў асноўным круглявымі фразамі кшталту: «Канстатуем, што разам здольныя зрабіць важкі ўнёсак у аднаўленне стабільнасці і ўмацаванне міжнароднай бяспекі».

Таксама высветлілася, што два Аляксандры абмяркоўвалі ўсякія пытанні тыпу падтрымкі кандыдатуры Аўстрыі на выбарах у склад нясталых чальцоў Рады бяспекі ААН на 2027–2028 гады і выкіду парніковых газаў.

Добра, вядома, што так далёка глядзяць і глабальным пацяпленнем занепакоеныя, але на «прасяканне акна ў Еўропу» ўся гэтая позва відавочна не важыць.

Выезд у Стары Свет дзеля птушачкі?

Патлумачу для тых, хто не ў курсе. 30 кастрычніка Лукашэнка, правёўшы паралель паміж сабой і Пятром I, заявіў: «Аўстрыя, Латвія і іншыя краіны – гэта акно пасля ўсяго таго плоту, які быў вакол нас выбудаваны. І больш за тое: сёй-той санкцыі ўводзіў. Таму нам даводзіцца не тое што зноўку, а ўжо на новым узроўні, у новыя часы прасякаць гэтыя вокны і выбудоўваць дарогі».

Раней жа міністр замежных справаў Уладзімір Макей, тлумачачы, чаму Лукашэнка ў траўні не паляцеў на саміт «Усходняга партнёрства» ў Брусэль, падкрэсліваў: «Пакуль мы не можам казаць, што мы дасягнулі высокага ўзроўню развіцця нашых стасункаў з Еўрапейскім звязам... Візіт павінен быць максімальна выніковым, максімальна насычаным».

Цяперашні візіт у Аўстрыю беларускія дзяржСМІ ўсяляк імкнуцца падаць як «гістарычны». Ну, ім не ўпершыню складаць усякія казкі Венскага лесу. Калі ж глянуць без ружовых акуляраў, то ў наяўнасці выезд у Стары Свет дзеля птушачкі. Далей валаводзіць з адказам на запрашэнне было б ужо зусім не камільфо.

Сенсацыяй жа было б, скажы раптам Лукашэнка ў Вене, што мы хочам уступіць... не, не ў Еўразвяз, гэта чыстая фантастыка, а скажам, у Раду Еўропы, у якой знаходзяцца ўсе краіны кантынента, акрамя Беларусі. Тут ужо і Расея не ўчэпіцца: сама там.

Але з нагоды сяброўства ў Радзе Еўропы Лукашэнка рахмана заявіў: «...Прыме – дзякуй, не – пацерпім». Аднак пытанне ўпіраецца ў скасаванне смяротнага пакарання. І нават мараторыю на яго хапіла б, каб Менск вярнулі ў якасці спецыяльна запрошанага ў Парламенцкую асамблею Рады Еўропы.

Між тым, кажучы ў Вене пра смяротнае пакаранне, беларускі дыктатар зноў спаслаўся на рэферэндум 1996 года, калі, паводле афіцыйных звестак, больш за 80% прагаласавалых выступіла за яе захаванне.

«Нічога з тых часоў, як пытанне было развязана на рэферэндуме, не змянілася. Ці варта гэтае пытанне сёння выносіць на рэферэндум, каб атрымаць адмоўны адказ? Думаю, не варта», – сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік паспрабаваў угаварыць уедлівую журналістку і тым, што Аўстрыя падтрымлівае добрыя стасункі з ЗША, Кітаем, якія практыкуюць смяротнае пакаранне: «Пры сустрэчах з імі вы ім задавалі аналагічнае пытанне? Думаю, не. Хай гэта будзе таксама рытарычным пытаннем».

Скасаванне смяротнага пакарання: палітычнай волі не праглядаецца

Тут просіцца некалькі рэмарак. Па-першае, ЗША і Кітай не адносяцца да Еўропы, тым часам як з усяго Старога Свету толькі ў Беларусі прадаўжаюць расстрэльваць людзей імем дзяржавы. Што, натуральна, хвалюе як Брусэль са Страсбургам, так і Вену.

Па-другое, цяпер, як паказвае сацыялогія, дзель прыхільнікаў захавання смяротнага пакарання ў нас хоць і вялікая, але прыкметна меншая за лік 1996 года.

Па-трэцяе, ва ўпор не відаць, каб улады заўзята ўвасаблялі тую дарожную карту і ўзмоцнена агітавалі народ за скасаванне «вышкі», як агітуюць цяпер за датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах.

Нарэшце, па-чацвёртае, досвед скасавання смяротнага пакарання ў іншых краінах паказвае, што часта гістарычны крок рабіўся высілкам палітычнай волі кіраўніцтва, пры тым што маса абываталяў была настроеная кансерватыўна.

Але закавыка ў тым, што нават у гэтым пытанні (развязанне якога відавочна не пахісне асновы рэжыму) палітычнай волі ў беларускага кіраўніцтва не праглядаецца. А ўжо пра свабодныя і празрыстыя выбары ў Беларусі Еўропа можа і не марыць: ага, так вам тут і разагналіся пілаваць сук, на якім сядзяць! І ўвогуле з журналістамі ў Вене Лукашэнка быў даволі суровы: «Што вам не падабаецца ў Беларусі ў плане правоў чалавека?»

Так што ніякіх прарываў, прасякання аканіцы ў Еўропу не прадбачыцца. Так, прачынілі фортку.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках