27 красавiка 2024, Субота, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: БелАЭС знізіць не кошты на электрычнасць, а курс беларускага рубля

3
Эканаміст: БелАЭС знізіць не кошты на электрычнасць, а курс беларускага рубля

Праз год Беларусь страціць «падушку бяспекі» на валютным рынку.

Дзяржаўная пазыка Беларусі ў 2020 годзе вырасце прыкладна на 11 млрд рублёў у параўнанні з цяперашнім значэннем і дасягне 54,4 млрд рублёў, бо будзе ўлічаны расейскі крэдыт на будаўніцтва БелАЭС. Выдаткі на абслугоўванне гэтага крэдыту, калі ўрад не ўжыве спецыяльныя захады, прывядуць да росту попыту на валюту і паслаблення беларускага рубля, піша ў артыкуле на сайце «Белрынак» эканаміст Уладзімер Тарасаў.

У адпаведнасці з пагадненнем пра вылучэнне Расеяй дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва БелАЭС, падпісаным у канцы 2011 года, урад РФ абяцаў вылучыць на гэтыя мэты да 10 млрд даляраў. Але потым у Расеі адбылася дэвальвацыя рубля, і выдаткі на будаўніцтва ў даляравым выразе значна скараціліся. У выніку гаворка цяпер ідзе ўжо ўсяго пра 7 млрд даляраў, але сума яшчэ не вызначаная.

Выплата крэдыту, згодна з пагадненнем, пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплуатацыю атамнай электрастанцыі, але не пазней за 1 красавіка 2021, і ажыццяўляецца 30 роўнымі дзелямі кожныя 6 месяцаў. Калі зыходзіць з сумы крэдыту ў аб'ёме 7 млрд даляраў, атрымаецца штогод прыкладна 450 млн даляраў.

Але ёсць яшчэ адсоткі. На 50% сумы кожнай выкарыстанай часткі крэдыту яны павінны налічвацца паводле стаўкі 5,23% гадавых, на другую палову крэдыту адсоткавая стаўка складзе LIBOR для 6-месячных дэпазітаў у далярах, павялічаная на маржу памеры 1,83% гадавых. Гэта складзе блізу 3-4% гадавых. Такім чынам, у выглядзе адсоткаў трэба плаціць яшчэ блізу 250–300 млн даляраў штогод.

Усяго атрымаецца прыкладна 700 млн даляраў за год. Праўда, атрымаецца скараціць імпарт расейскага газу, які выкарыстоўваецца для вытворчасці электраэнэргіі. Але гэта наўрад ці атрымаецца ажыццявіць у значных аб'ёмах, бо БелАЭС будавалася для павелічэння вытворчасці электраэнэргіі ў РБ у сувязі з чаканым ростам попыту на яе, а не для замены газавых электрастанцый. Таму проста ўзяць і адмовіцца ад газу не атрымаецца, на мадэрнізацыю сістэмы электразабеспячэння Беларусі ў мэтах эканоміі газу спатрэбяцца дадатковыя капіталаўкладанні. Магчыма, нейкую колькасць электраэнэргіі атрымаецца экспартаваць, але праз пазіцыю Літвы ў гэтым пытанні, на многае спадзявацца не выпадае.

Праўда, беларускі бок ужо некалькі гадоў дамагаецца змякчэння ўмоваў атрымання крэдыту. Ён прапаноўвае павялічыць тэрмін вяртання крэдыту на 10 гадоў, а таксама знізіць адсоткі ў ім да 3%. Але шанцы на тое, што Расея пагодзіцца на гэта, блізкія да нуля, бо заключэнне пагаднення пра паглыбленую інтэграцыю дзвюх краінаў у рамках Саюзнай дзяржавы на ўмовах, што задаваляць Расею, малаверагоднае, а без гэтага прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін наўрад ці пойдзе на дадатковыя прэферэнцыі Беларусі.

Праз год Беларусь страціць «падушку бяспекі» на валютным рынку

Такім чынам, недзе з канца 2020 года або, прынамсі, не пазней за 1 красавіка 2021 года выдаткі РБ у абслугоўванні дзяржаўнай пазыкі павялічацца прыкладна на 1–1,5 млрд рублёў за год. У параўнанні з сумамі, якія Беларусь ужо выдаткоўвае, гэта не так ужо і шмат. Так, у 2020 годзе на гэтыя мэты ўрад РБ плануе накіраваць 8,7 млрд рублёў, з якіх 2,7 млрд рублёў пойдзе на абслугоўванне. Але дадатковыя плацяжы цалкам могуць апынуцца той вельмі важкай саломінкай, якая, вобразна кажучы, пераломіць спіну вярблюду, то-бок прывядзе да паслаблення курсу беларускага рубля, а то і да яго дэвальвацыі. Рэч у тым, што гэты рост можа прыбраць свайго роду «падушку бяспекі» з валютнага рынку, якую забяспечвае насельніцтва, прадаючы валюты больш, чым набывае. Так, паводле вынікаў дзесяці месяцаў гэтага года чыстыя продажы валюты склалі ўсяго 638,3 млн даляраў супраць 1 126,5 млн даляраў за аналагічны перыяд 2018 года.

Гэта значыць, дадатковыя выдаткі на абслугоўванне крэдыту на БелАЭС супастаўныя з прытокам валюты ад насельніцтва. Да таго ж да канца 2020 года насельніцтва можа стаць чыстым пакупніком валюты ў сувязі з ростам яго прыбыткаў.

Праўда, беларускія прадпрыемствы ў гэтым годзе таксама прадаюць валюты больш, чым набываюць, але прадпрыемствы ненадзейныя, сёння яны дзейнічаюць адным чынам, а заўтра іншым.

Такім чынам, ужо ў канцы 2020 года, але не пазней за 1 красавіка 2021 года сітуацыя на валютным рынку РБ можа значна пагоршыцца. Перавышэнне прапановы валюты на ўнутраным рынку можа выпарыцца. Гэта прывядзе да павышэння валацільнасці курсу рубля, у сувязі з чым можа спатрэбіцца новая дэвальвацыя рубля.

Рэфінансаванне пазыкі – выратаванне ад дэвальвацыі

Каб дэвальваваць рубель не спатрэбілася, урад можа пастанавіць рэфінансаваць пазыку. Уласна, у цяперашні час гэта і адбываецца.

Мяркуецца, што ў 2020 годзе абслугоўванне, гэта значыць выплата адсоткаў, будзе ажыццяўляцца за кошт прыбыткаў рэспубліканскага бюджэту. Што тычыцца выплаты пазыкі, то яе мяркуецца рэфінансаваць не менш чым на 75%. Для гэтага пазначана размясціць дзяржаўныя аблігацыі РБ на знешніх фінансавых рынках на 1,35 млрд даляраў, а на ўнутраным рынку – на 600 млн даляраў. Акрамя таго, на выплату пазыкі плануецца накіраваць сродкі ад вяртання вылучаных беларускім арганізацыям замежных крэдытаў (памерам 525,3 млн рублёў), а таксама 1,1 млрд рублёў з рэшты сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Рэалізаваць падобныя планы можа быць няпроста, бо асноўны крэдытор Беларусі – Расея – прыпыніла вылучэнне новых крэдытаў, дамагаючыся ад Беларусі саступак у сферы інтэграцыі. Праўда, міністр фінансаў РБ Максім Ермаловіч нядаўна заявіў, што Мінфін не разглядае ў якасці крыніцы фінансавання крэдыт урада Расеі і не вядзе перамовы з нагоды гэтага крэдыту. Паводле ягоных словаў, Беларусь забяспечаная крыніцамі фінансавання ў гэтым годзе і на наступны год. Урад РБ спадзяецца да канца года атрымаць крэдыт Банка развіцця Кітая памерам 3,5 млрд кітайскіх юаняў, што складае блізу 500 млн даляраў.

Акрамя таго, урад вядзе працу і над атрыманнем крэдыту МВФ і Сусветнага банка пад распрацаваную супольна з Сусветным банкам дарожную карту структурных рэформаў.

Усё гэта, за выключэннем крэдыту МВФ, цалкам рэальнае, пытанне толькі ў выгадзе – бо адсоткі ў аблігацыях могуць апынуцца высокімі. А МВФ, як і Расея, нечага захоча ад Беларусі дадаткова да адсоткаў.

Другі спосаб пазбегнуць дэвальвацыі – гэта выцягнуць нейкім чынам валюту з насельніцтва і прадпрыемстваў, дамогшыся яе продажу. У цяперашні час гэтага спрабуе дамагчыся Нацбанк, які імкнецца зрабіць унёскі ў валюце як мага больш непрывабнымі. Але людзі на гэта не купляюцца, таму што разумеюць, што сёння ў краіне праводзіцца празмерна жорсткая грашовая палітыка, але заўтра яна цалкам можа змяніцца празмерна мяккай, а то і крызіс які-небудзь наступіць, што і прывядзе да дэвальвацыі. Таму спробы Нацбанка змяніць настроі насельніцтва, хутчэй за ўсё, апынуцца беспаспяховымі.

Такім чынам, эканамічная выгода ад увядзення ў эксплуатацыю БелАЭС, вядома, будзе, але яна не кампенсуе, прынамсі ў найбліжэйшыя гады, страты валюты, звязаныя з выдаткамі на абслугоўванне крэдыту, атрыманага на яе будаўніцтва. Таму верагоднасць новай дэвальвацыі рубля ў найбліжэйшыя пару гадоў узрастае.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках