27 красавiка 2024, Субота, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Сяргей Магніцкі стаў сімвалам міжнародных санкцый - не толькі супраць РФ

Як Сяргей Магніцкі стаў сімвалам міжнародных санкцый - не толькі супраць РФ
СЯРГЕЙ МАГНІЦКІ

Ён даў штуршок спіралі санкцый, якія дзейнічаюць дагэтуль.

Дзесяць гадоў таму ў маскоўскім СІЗА памёр Сяргей Магніцкі, абвінаваціўшы супрацоўнікаў МУС Расеі ў карупцыі. Ягоная смерць дала штуршок спіралі санкцый, якія дзейнічаюць дагэтуль. Асноўныя факты - у матэрыяле «Нямецкай хвалі».

Для краін Захаду імя расейца Сяргея Магніцкага стаіць у адным шэрагу з імёнамі Ганны Паліткоўскай і Барыса Нямцова, якія да сваёй гібелі з'яўляліся вядомымі крытыкамі Крамля. Але маскоўскі аўдытар не быў апазіцыянерам, а сумная вядомасць прыйшла да яго пасля смерці ў СІЗА роўна дзесяць гадоў назад - 16 лістапада 2009 года.

За мяжой яго справа стала яркім сімвалам карупцыі і беззаконня ў сучаснай Расеі. Смерць Магніцкага дала штуршок спіралі санкцый, якая дагэтуль працягвае раскручвацца, прычым не толькі супраць грамадзян РФ.

Кім быў Магніцкі і чаму ён памёр

Сяргей Магніцкі нарадзіўся ў 1972 годзе ў Адэсе і працаваў аўдытарам ў Маскве. Адным з яго кліентаў была кампанія Hermitage Capital Management амерыканскага прадпрымальніка з брытанскім пашпартам Уільяма Браўдэра, які з канца 1990-х быў адным з найбуйнейшых замежных інвестараў у Расеі, укладваў грошы ў тым ліку ў "Газпрам".

Са звестак СМІ, у нейкі момант Браўдэр запаў у няласку ўладаў, яму быў забаронены ўезд у Расею. Сам ён напісаў пра гэта кнігу, у якой называе сябе "галоўным ворагам пуцінскай дзяржавы". У 2007 годзе ў расейскай фірме Браўдэра былі праведзеныя ператрусы. Неўзабаве пасля ператрусаў Магніцкі, згодна з уласных сведчанняў, раскрыў карупцыйную схему крадзяжу бюджэтных сродкаў шляхам вяртання падаткаў на агульную суму 5,4 млрд рублёў, якія затым аселі ў кішэнях супрацоўнікаў падатковых органаў і МУС. Як потым высветлілася, частка сродкаў магла быць адмытая праз скандынаўскі банк у Прыбалтыцы і выкарыстаная на набыццё нерухомасці ў Еўропе і ЗША.

У 2008 годзе сам Магніцкі быў арыштаваны паводле падазрэнняў у нявыплаце падаткаў, правёў амаль год у следчым ізалятары, дзе падарваў здароўе і памёр ва ўзросце 37 гадоў. Афіцыйныя органы назвалі прычынай смерці сардэчную недастатковасць, але ў сваякоў юрыста былі сумневы. Еўрапейскі суд правоў чалавека (ЕСПЧ) у жніўні 2019 года пастанавіў, што Магніцкі не атрымаў дастатковай медыцынскай дапамогі ў СІЗА, а абставіны ягонай смерці былі недастаткова расследаваныя. Ягонай ўдаве і маці была прысуджаная грашовая кампенсацыя.

Хто знаходзіцца ў спісе Магніцкага ў ЗША

Пасля смерці Магніцкага амерыканскі сэнатар-дэмакрат Бенджамін Кардзін ініцыяваў ўвядзенне персанальных санкцый супраць датычных да смерці юрыста ў Расеі. У канцы 2012 года закон Магніцкага быў прыняты Кангрэсам і падпісаны тагачасным прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам. Малавядомы факт: гэты закон быў часткай закона аб скасаванні папраўкі Джэксана-Вэніка ў дачыненні да Расеі і Малдовы, а сама папраўка ўводзіла гандлёвыя абмежаванні ў адказ на парушэнні правоў чалавека. Закон Магніцкага прадугледжваў забарону на выдачу віз і замарожванне банкаўскіх рахункаў. Спіс тых, хто трапіў пад дзеянне закона, спачатку складаўся з малавядомых імёнаў супрацоўнікаў расейскіх органаў юстыцыі, якія, на думку ведамстваў ЗША, былі ўцягнутыя ў пераслед Магніцкага.

У 2016 годзе закон Магніцкага быў заменены на новы, з глабальным дзеяннем. Ён так і называецца - Global Magnitsky Act. Новы закон дазваляе ўладам ЗША прымаць меры супраць асоб ва ўсім свеце, адказных за парушэнні правоў чалавека. На гэтай падставе былі ўведзеныя санкцыі супраць Гюльнары Карымавай, дачкі былога ўзбекскага кіраўніка. Сярод нядаўніх фігурантаў спісу Магніцкага ў ЗША - асобы, падазраваныя ў датычнасці да забойства савудаўскага журналіста Джамаль Хашогі.

Рэакцыя Расеі: прысуды Браўдэру і забарона на ўсынаўленне

Пасля расследавання абставін смерці Магніцкага ў Расеі прыйшлі да высновы, што яна была натуральнай, а справу закрылі. Сам Магніцкі ў 2013 быў у РФ пасмяротна прызнаны вінаватым у нявыплаце падаткаў. Паводле такога ж абвінавачвання быў двойчы завочна прысуджаны да шматгадоваму зняволення і Браўдэр. Расея некалькі разоў выстаўляла ордэр на ягонае затрыманне праз Інтэрпол, але беспаспяхова. Фінансіста затрымалі ў 2018 годзе ў Гішпаніі, але адпусцілі.

На першапачатковы закон Магніцкага Расея адрэагавала прыняццем у снежні 2012 года дакумента, які прадугледжвае забарону на ўезд у РФ для грамадзян ЗША, у тым ліку за парушэнні правоў чалавека і дзеянні супраць расейцаў за мяжой. Адпаведны спіс вядзе МЗС РФ. Рэзананс і крытыку выклікала тая частка закона, які забараняе грамадзянам ЗША ўсынаўляць расейскіх дзяцей-сірот. Пасля распаду СССР гэтая практыка была вельмі распаўсюджанай, тысячы расейскіх дзяцей знайшлі новых бацькоў у Амерыцы. У расейскіх СМІ закон неафіцыйна называлі "законам Дзімы Якаўлева" - расейскага хлопчыка, які памёр у ЗША ад таго, што яго прыёмны бацька надоўга пакінуў яго ў спякоту ў аўтамабілі.

У якіх краінах дзейнічае закон Магніцкага

За межамі ЗША справай Магніцкага інтэнсіўна займалася Рада Еўропы. У спецыяльным дакладзе ў 2013 годзе ёсць заклік да ўвядзення санкцый, што пазней зрабілі некаторыя еўрапейскія краіны. Пасля Злучаных Штатаў свае законы Магніцкага прынялі Канада, Эстонія, Латвія і Літва. У Вялікабрытаніі папраўка Магніцкага да закона аб барацьбе з адмываннем грошай як мяркуецца ўвойдзе ў дзеянне пасля выхаду краіны з Еўразвязу, які пасля некалькіх пераносаў чакаецца ў 2020 годзе.

У Нямеччыне некаторыя партыі і асобныя палітыкі таксама выказваліся за прыняцце закона Магніцкага, сярод іх - Норбэрт Ротген (Norbert Röttgen), чалец кіроўнай кансерватыўнай партыі ХДУ і кіраўнік камітэта бундэстага ў міжнародных справах.

Незадоўга да дзясятай гадавіны смерці Магніцкага ў Еўрапарламенце з'явілася новая ініцыятыва прыняцця закона яго імя на ўзроўні ўсяго ЕЗ. Мяркуецца, што закон павінен прадугледжваць забарону на ўезд і замарожванне рахункаў, прычым - паводле аналогіі з ЗША - не абмяжоўвацца Расеяй, а мець глабальнае дзеянне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках